«Моўны інспэктар» Ігар Случак: «Калі беларуская мова зьяўляецца ў нейкай галіне, у 8 з 10 выпадкаў яна адтуль ужо не зьнікае»

21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы. Шэраг старонак у Сеціве ўспамінае пра беларускую мову толькі ў гэты дзень і абмяжоўваецца парачкай дзяжурных слоўцаў і цытатаў. У спорце папулярныя старонкі родную мову часта не ўспамінаюць наогул. Але беларускі спорт ня цалкам адарваны ад каранёў, і ў гэтым ёсьць велізарная заслуга праўніка, абаронцы правоў беларускамоўных грамадзян Ігара Случака.


Orshafans у гэты важны дзень размаўляе з чалавекам, які вучыць беларусаў актыўна бараніць сваю мову і не зважаць на шкодную працу русыфікатараў. Яго называюць «моўным інспэктарам». Мабыць, таму, што ён атрымаў вышэйшую адукацыю ў Эстоніі, дзе працуе моўная камісія і сочыць за выкананьнем моўнага заканадаўства краіны. Званьне «моўнага інспэктара» не аспрэчваецца, аднак сам сябе наш суразмоўца называе хутчэй «адвакатам беларускай мовы». Мы ж запрасілі яго на інтэрвію, бо акрамя ўсяго, Ігар Случак, як і мы, — спартовы заўзятар.


— Ігар, што ўдалося зрабіць у спорце ў справе беларусізацыі за мінулы 2024 год?

— Насамрэч летась я ня так шчыльна займаўся галіною спорту ў параўнаньні з папярэднімі гадамі. Пераважна займаўся адукацыяй. Хаця спорт і адукацыя — сумежныя галіны, спорт гуляе вялікую ролю ў патрыятычным выхаваньні моладзі. Але што тычыцца чыста спорту, дык можна паглядзець на дынаміку. Скажам, да 2020 году толькі чвэрць футбольных камандаў Найвышэйшае лігі не пісала прозьвішчаў на кашулях па-беларуску. У наступныя гады колькасьць камандаў зь беларускамоўнымі прозьвішчамі на сьпінах зьменшылася, недзе зьмянілася кіраўніцтва, якое чамусьці прынцыпова выбрала расейскую. Але летась суадносіны вярнуліся. Цяпер зноў каля ¾ удзельнікаў беларускага першынства маюць прозьвішчы на строях па-беларуску. Я пляную перад пачаткам новага чэмпіянату зрабіць запыты ў клюбы па выкарыстаньні беларускай мовы.



— Раней ты складаў сьпіс беларускамоўнасьці клюбаў. Ці ёсьць у плянах абнаўленьне такога рэйтынгу? Бо стары сьпіс, дзе каманды за кожны беларускамоўны аспэкт працы атрымлівалі пункты, меў розгалас, рэйтынгам цікавілася грамадзтва.

— Такая ідэя ў мяне ёсьць. Той рэйтынг я сам добра ацэньваў, бо ён быў вывераны. У ім былі такія паказьнікі, на якія ніяк не магло ўплываць маё асабістае стаўленьне да пэўнага клюбу, падтрымліваю я яго ці не. Аднак яго складаньне і абнаўленьне забірала шмат часу і энэргіі, таму зараз мне трэба знайсьці магчымасьць заняцца ім зноў. На жаль, беларусы ўнутры Беларусі цяпер ня могуць падтрымаць мае праекты праз пляцоўкі па зборы грошай, бо гэта для іх небясьпечна. Але калі такая праца знойдзе водгук у беларусаў за мяжою, тады й гэты рэйтынг, і шмат якія іншыя задумы атрымаецца зьдзейсьніць. Ад гэтых ахвяраваньняў наўпрост залежыць, колькі часу ў мяне будзе на працу па абароне беларускай мовы. А яшчэ ж пляную напісаць новую кнігу.


— Раней у цябе выйшла кніга «10 стагодзьдзяў дзяржаўнасьці і дыскрымінацыі беларускай мовы», а цяпер якая тэма будзе?

— Цяпер я пляную напісаць і выдаць кнігу «Гісторыя дзяржаўнасьці беларускай мовы». Трэба абагульніць усю раней сабраную інфармацыю. Ад часу выхаду першай кнігі назапасілася шмат зьвестак, лічбаў, фактаў. Трэба шмат абнавіць, зрабіць высновы. Я прааналізую, як зьмяняўся статус беларускай мовы, надам увагу і пэрыяду ад БНР да Рэспублікі Беларусь, калі ў беларусаў некалькі дзесяцігодзьдзяў пры БССР не было рэальнай дзяржаўнасьці, але мова па-свойму разьвівалася. Таксама апішу, як беларуская мова разьвівалася ў Летувіскай ССР, у Польшчы, якое месца яна займала там.


А ў іншым разьдзеле зьвярнуся да Сярэднявечча і пакажу, што статус дзяржаўнай мовы для беларускай, прапісаны яшчэ ў ІІ Статуце ВКЛ 1566 году, насамрэч не дасягненьне. Прычына была ва ўзмацненьні палянізацыі, і таму літоўскім заканадаўцам давялося прымаць адпаведную норму ў закон, асобна пастанаўляць, што беларуская — дзяржаўная мова Вялікага княства. Калі ў мовы няма праблемаў, тады яе статус ніхто й не замацоўвае. А тады якраз паўсталі першыя выклікі. У сярэдзіне ХVI стагодзьдзя польская мова стала перамагаць сярод набілітэту. Пры гэтым большасьць беларусаў гэты ўплыў абмінуў, і беларусы масава размаўлялі на роднай мове ажно да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя, аж пакуль пры Саветах не пачалася ўзмоцненая русыфікацыя ўжо ўсяго народу.


Але той сярэднявечны ўплыў польскай мовы прынёс, тым ня меней, вялікую шкоду, бо якраз найвышэйшыя слаі грамадзтва ствараюць літаратурныя творы, музыку і іншае. Я мяркую, што якраз у гэтым палягае адказ на пытаньне, чаму летувісы і латышы сёньня карыстаюцца сваёй мовай, а беларусы пераважна чужой. Справа ў тым, што ў летувісаў і латышоў не было такой колькасьці набілітэту, як у беларусаў. Адпаведна, было значна меней людзей, якія зазналі такога моцнага ўплыву чужых мовы і культуры пры выхаваньні. Іхныя палітычныя і культурныя эліты выйшлі з простых сялянаў, якія ўзбагаціліся праз эканамічныя чыньнікі. Адсутнасьць прывязанасьці да чужой культуры дазволіла разьвіваць сваю ўласную,  без залішніх чужародных уплываў. Яднаньне нацыі адбылося на ґрунце мовы. А ў нас эліты так ці іначай залежалі ад польскага або расейскага ўплыву.



— Брак выразнай беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці адбіваецца й на спорце. Напрыклад, беларускі брамнік клюбу НХЛ «Філадэльфія» Ільля Коласаў назваў сябе «расейцам». Акрамя таго, мы гаварылі пра надпісы па-беларуску на кашулях у ножным шпурляку, а вось у першынстве Беларусі ў гакеі ў рэглямэнце, прынамсі раней, для надпісаў была прадугледжаная толькі расейская мова. Пытаньне як да праўніка: ці ёсьць яшчэ ў нашым спорце падобныя нормы, якія адкрыта можна назваць дыскрымінацыйнымі ў адносінах беларускай мовы?

— З усіх дакумэнтаў настолькі дыскрымінацыйнага я больш ня бачыў. Толькі рэглямэнт Экстралігі гэны, які не дапускае напісаньня прозьвішчаў па-беларуску. А што да самасьвядомасьці спартоўцаў, дык так, я ўважліва сачу за тым, што адбываецца, і такія выпадкі, як з Коласавым, мяне вельмі засмучаюць. Тое, што гакеіст ня меў магчымасьці, або не хацеў, або і першае, і другое, заняцца беларускай асьветай, зацікавіцца беларускай культурай, моцна паўплывала на ягоны мэнталітэт. У нашым рэгіёне мова зьяўляецца асноўным маркерам вызначэньня нацыянальнасьці. Нават у Расейскай імпэрыі, і наогул у перапісах першай паловы ХХ ст. у Эўропе людзей у асноўным запісвалі ня тымі, кім яны сябе называлі, а паводле мовы, якою яны карысталіся. І часам, я лічу, з гэтым можна пагадзіцца.


Возьмем наш рэгіён. Беларусы, палякі, украінцы, латышы, расейцы, іншыя суседнія народы — мы з выгляду больш-менш падобныя, таму не атрымаецца па адным твары вызначыць, якой чалавек нацыянальнасьці. Вырашальным чыньнікам становіцца мова. І разьбіраючы выпадак з Коласавым ці іншым беларусам па пашпарце, які гаворыць па-расейску, можна знайсьці пэўную рацыю ў тым, што перад табой, магчыма, і сапраўды небеларус. Разумею, гэта непапулярнае выказваньне, але, магчыма, яно справядлівае. Асабліва, калі чалавек ня толькі ня ведае мовы, але й не знаёмы з культурай народу і гісторыяй. Менавіта таму трэба прыкладаць вялікія намаганьні і акультурваць народ. Ствараць умовы і ў Беларусі, і за мяжой, каб беларусы паўсюль вывучалі свае гісторыю і культуру. Але пакуль у нас, на жаль, некаторыя працэсы, наадварот, паказваюць на дэнацыяналізацыю.



— Ігар, якая галіна спорту раней вылучалася вялікім прагрэсам у справаводзтве па-беларуску?

— Агулам самы папулярны спорт у Беларусі ўсё ж такі футбол. Мне падаецца, якраз прадстаўнікі гэтага віду найчасьцей ішлі насустрач і пашыралі беларускую мову. Іншыя віды не такія папулярныя ў краіне, чэмпіянаты ў іх не зьбіраюць шмат публікі на трыбунах. А гакей непрабіўны. Там гэтак было, ды й цяпер цяжка прасоўваць беларушчыну. У футболе былі часы, калі фэдэрацыя нават вызначала парытэт, што мінімум 50% матчаў будуць трансьлявацца з камэнтаром па-беларуску.


Сёньня ў нашым ножным шпурляку беларускай мовы, вядома, ня столькі, колькі б хацелася, але яна заўважна прысутнічае. Дзесьці губляе пазыцыі, дзесьці аднаўляе. Пры гэтым заўважай — я ўжо гады два як сьлед не «штурхаў» футбольных чыноўнікаў, але там усё працуе безь мяне. І раней я бачыў па некаторых сфэрах — калі штосьці атрымалася беларусізаваць, яно далей працуе ўжо самастойна, — ніхто не стаіць і не нагадвае. Так было з шыльдамі, квіткамі, вытворцамі... Калі беларуская мова недзе зьяўляецца, у 8 з 10 выпадкаў яна адтуль ужо не зьнікае. Усё пачынае працаваць само сабою.


— Ты пэўны час жывеш за мяжою, куды вымушана выехаў, каб уратавацца ад палітычнага перасьледу на Радзіме. Як цяпер выглядае праца ў накіраваньні лістоў у беларускія дзяржаўныя органы?

— Пра гэта я нікому не кажу, таму й цяпер у адказ на тваё пытаньне прамаўчу. Сыстэма наладжаная, працуе, і яе ня вельмі лёгка будзе зламаць, нават як хтосьці б захацеў. Думаю, што пасьля майго ад’езду за мяжу колькасьць зваротаў да чыноўнікаў і арганізацый ня зьменшылася. А, магчыма, нават будзе павялічвацца. Мае дзеці зараз падрастаюць, пайшлі ў садок, адпаведна, у мяне зьяўляецца крыху больш часу на звароты і іх афармленьне. Плюс, спадзяюся, будуць ахвяраваньні людзей, што дазволіць зьвярнуць больш увагі на праблемныя моманты і больш напісаць. Так, на першы час за мяжою трэба было ўладкаваць свой быт, але цяпер усё ў парадку. У Беларусі апошнія тры гады мы вымушаныя былі трымаць кансьпірацыю. Таму цяпер, калі ў такіх захадах засьцярогі ўжо няма патрэбы, праца са зваротамі чакана палепшылася.


Калі мы выехалі з краіны, нашы апанэнты радасна пісалі ў сваіх каналах «нарэшце мы пазбавіліся гэтых „моўных нацыстаў“, цяпер ня будуць дурыць галавы». Але нават жывучы за мяжою, удаецца беларусізаваць нешта на Радзіме, і таму тон апанэнтаў зьмяніўся на «Чаму яго не закрылі, хто яго выпусьціў зь Беларусі?» Ну што ж зрабіць, яна прайграюць нам нават пры такіх неспрыяльных для нас умовах!



— Патрэон і іншыя пляцоўкі. Як там ідзе збор грошай на тваю ініцыятыву?

— Для мяне важна ня столькі зьбіраць на іх грошы, колькі бачыць зваротную сувязь, шэраг беларусаў, гатовых ахвяраваць невялікую агулам суму грошай на грамадзкія справы. І калі людзі бачаць важнасьць у далейшым прасоўваньні беларускай мовы, у змаганьні за моўныя правы грамадзянаў, значыць, ёсьць дзеля чаго працаваць. Мне важна бачыць, што мая праца ня толькі на словах, але й на справе падтрымліваецца. Важна адчуваць, што за мною стаяць людзі. Ахвяруючы ўмоўныя 5 эўра, чалавек адначасова будзе разумець, што я за гэтыя грошы яшчэ й зраблю працу, аформлю новыя звароты. Цяпер у мяне недзе 80 чалавек сталай падпіскі. Атрымліваецца свайго роду як дзяржаўная інстытуцыя, людзі фінансуюць гэтую грамадзкую працу.



— «Гомель» і настальгія. Раней Ігар Случак наведваў гульні гакейных «рысяў», ці ёсьць цяпер туга па тых часах?

— Так, безумоўна, я сумую па тых момантах. Апошняю парою я хадзіў збольшага на футбольны стадыён, і гэта былі файныя часы. Я меў добрыя кантакты з прэс-сакратаром «Гомлю» Зьмітром Радзівонам. Шкада, што так заўчасна ён памёр, зусім малады. Харошы чалавек, цудоўна гаварыў па-беларуску, сапраўды дбаў пра папулярнасьць нашага клюбу. Натуральна, я хацеў бы як мага хутчэй вярнуцца на свой стадыён і зноў глядзець гульні свайго клюбу. Але пакуль з рэальнага — плян паходу на баскетбол у Летуве. Я яшчэ ніколі ня быў на баскетбольнай сустрэчы, якая сабрала бы некалькі тысяч чалавек на трыбунах.


— Дзякуй шчыры за размову, Ігар! Са свайго боку скажам, што «Радыё Аршыцы» ў лютым споўнілася ўжо 14 гадоў, і ад самага першага дня наш дыярыюш працуе на беларускай мове, ды застанецца верным ёй наўсьцяж. Да нас зварот пра беларусізацыю працы накіроўваць не давядзецца.

— Дзякуй! Я не сумняюся (сьмяецца). Спадзяюся, мы ўсе неўзабаве вернемся на свае родныя стадыёны.


Дапамагчы ініцыятывам Ігара Случака па абароне і прасоўваньні беларускай мовы можна тут Buy Me a Coffee і Patreon.




Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

55 гадоў удзелу ў першынстве СССР!

Браты Алешчанкі