Прамежкавыя вынікі пасьля 15 тураў
Каманда атрымала чарговы разгром, гэтым разам 1:5 ад пінскай „Хвалі“. Цяпер нас чакае перапынак на два тыдні. Яшчэ ня скончанае першае кола першынства, але ўжо можна зрабіць пэўныя высновы.
Асьвятляльная шчогла на стадыёне ў Пінску
Нашай камандзе, як і ў папярэднія некалькі гадоў, не паставілі ніякай зразумелай задачы. Зь нядаўніх размоваў Мікалая Кітаёва і Дзьмітрыя Тамэлы з журналістамі вынікае, што ў клюбе цьвяроза ацэньваюць гэтыя абставіны. А менавіта як тыя, што запавольваюць разьвіцьцё каманды. Прынамсі раней у Кітаёва былі памочнікі, Герашчанка, Кузьмініч, сьветлай памяці нябожчык Шубянок, а цяпер трэнэр адказвае цалкам за ўсё сам. У Мікалая ёсьць нямала знаёмстваў, балазе, столькі гадоў сам гуляў і аб’езьдзіў усю Беларусь. Гэта дазволіла знайсьці ў каманду такіх „дзядзькоў“, як Тамэла і Расолька, якія й самі маюць досьвед, і ведаюць, як падзяліцца ім з маладымі. Але гэтага недастаткова, трэнэрскі штат/штаб мусіць быць большым.
Менавіта таму ў камандзе так моцна перажывалі страту Паўла пасьля паважнай траўмы, і якраз праз гэта дружына выглядалі безыдэйна пры адсутнасьці Дзьмітрыя і чутках пра ягоны адыход з клюбу.
На гэтым этапе бачна, што ў каманды ўжо заканчваюцца імпэт і сілы, каб чагосьці дасягаць пры адсутнасьці паляпшэньня ўмоваў і ўзмацненьня складу. З другімі камандамі менскага „Дынама“ і „Гомля“ яшчэ сяк-так далі рады — дапамог характар і большы досьвед у І лізе. З роўнымі сабе паводле складу (але не паводле арганізацыі працы і т. д.) „Баранавічамі“, „Паперапрамам“ і „Хваляю“ гэта прынесла буйныя праблемы і такія самыя буйныя паразы. Калі параза ад „Белшыны“ была ў чымсьці выпадковай, дык згаданыя тры сустрэчы гэтак і павінны былі завяршыцца.
За наступныя два тыдні ў І лізе будзе шмат пераходаў. Відавочна, яны будуць датычыць і нашага клюбу. Ужо пакінуў наш стан Арцём Валадзькоў. З брамнікамі сёлета ў камандзе блытаніна і, бадай, гэта адзінае, што можна відавочна закідуць Кітаёву. Хто ў нас першы нумар — Макараў, Краўчанка ці Валадзькоў — так да канца і не было зразумелым. Таксама незразумелыя замены брамнікаў і разгромна прагуляным кубкавым паядынку зь берасьцейскім „Дынама“. Калі галы прывозіць абарона, бо не пасьпявае або саступае спадужнікам у майстэрстве, а замяняюць брамніка — гэта моцна б’е па такой стратэгічнай пазыцыі.
У іншым трэнэру няма што закінуць — каманда гуляе як можа і тым складам, які ёсьць у наяўнасьці. Апрача таго, вы, пэўне ж, заўважылі, што ў Воршы зноў пачалі зьяўляцца на полі аршанцы. Іх зусім мала, але яны ўжо зноў ёсьць, а гэта заўсёды было адным з найістотнейшых чыньнікаў у вачох аршанскіх заўзятараў. Сам Кітаёў падкрэсьліваў, што на каманду нават у больш нізкай лізе хадзілі больш актыўна, бо на поле выбягалі аршанцы. Варта пагадзіцца з гэтай ацэнай, бо сапраўды даводзілася сустракаць процьму такіх камэнтароў у асабістых гутарках з заўзятарамі нашай дружыны.
Што сказаць пра турнірнае становішча? Добра, што „Радыё Аршыца“ памылілася, напісаўшы ў красавіку пасьля першых сустрэчаў, што нашай доляй будзе змаганьне за выжываньне. На шчасьце, гэта ня так. Дакладней, не зусім так, і пакуль ня так. Юнацкая зборная Беларусі і „Юні Ікс Лабс“ у мінулым туры не скарысталіся магчымасьцю пасунуць аршанцаў, бо прагулялі й самі. Зрэшты, у першых няма дастаткова досьведу, а другія самі барукаюцца з праблемамі, у тым ліку з грашыма. Што тычыцца таго, ці можам мы пайсьці ўгару з свайго 12-га месца, дык канкураваць мы здолеем хіба з „Дынама-ІІ“ і „Астраўцом“. Першых мы перагулялі, а з другімі яшчэ сустрэнемся ў заключным туры першага кола. Пра нешта большае, чым выхад у дзясятку, аршанцам наўрад ці варта думаць.
У 16-м туры, які пройдзе 18 ліпеня, „Старт“ прыме магілёўскі „Дняпро“. За гэты час наша каманда можа да непазнавальнасьці зьмяніцца. Дзеля дакладных прагнозаў варта было бы быць унутры калектыву і „ведаць усё пра Басё“, але й так досыць ясна, што хісткія законы, якія цяпер пануюць у Воршы, могуць прывесьці да адыходу шэрагу гульцоў з каманды. Магілёўцы таксама ў няпэўным стане — іхны галоўны трэнэр Алег Радушка кідаў атумекі, што ня ўсё ў клюбе як мае быць, а ў друку сталі публікавацца матэрыялы, што трэнэр падасьць на клюб у суд у зьвязку з затрымкай заробку ці нечага вакол кантракту.
У гэтыя паўмесяца чытачоў „Радыё Аршыца“, як звычайна, чакаюць розныя цікавосткі спартовай гісторыі, у тым ліку летапіс нашага клюбу. Вядома ж, і навіны, па меры таго, як яны будуць прыходзіць з клюбнай кухні.
Толькі аршанскі „Старт“!
Коментарі
Дописати коментар