90 гадоў Георгію Мандзалеўскаму!
А вы ведалі, што адзін з найвялікшых валейбалістаў плянэты Зямля нарадзіўся ў Воршы?! Анягож! 26 студзеня свой юбілей сьвяткуе славуты Георгій Мандзалеўскі! 90 гадоў!
У гэты дзень у 1934 годзе ў беларускай Воршы нарадзіўся будучы 2-разовы алімпійскі чэмпіён Токіё-1964 і Мэхіка-1968 у складзе зборнай СССР Георгій Мандзалеўскі. У малым узросьце хлопчык пераехаў у Адэсу, так вырашыла сям’я. І рос на знакамітай «Малдаванцы» ў гэтым адметным украінскім месьце. Калі Георгію было 8 гадоў, пачалася вайна, ягоны бацька пайшоў на фронт, адкуль ужо не вярнуўся. Для сям’і насталі цяжкія часы, а сам Георгій мусіў хутка пасталець.
Валейбольную кар’еру Мандзалеўскі пачаў там сама, у Адэсе. Прычым да гэтага спрычыніўся выпадак. Валейбольны трэнэр Аляксандар Дзюжаў запрасіў хлапчукоў, якія гулялі ў ножны шпурляк на праезнай частцы, у спартовую залю, дзе праходзілі гульні першынства Адэсы ў валейболе. Мандзалеўскаму разам зь сябрам Аркадзем Гройсманам так спадабаліся гэтыя сустрэчы, што пасьля іх сябры вярталіся ў свой двор і перакідвалі набітую анучамі панчоху цераз аборку для бялізны. Імкнучыся паказаць прыёмы, якія бачылі на валейбольнай пляцоўцы ў паядынках адэскіх каманд. Затым яны запісаліся ў сэкцыю Дзюжава на Варанцоўскім завулку.
Цікава, што на пачатку кар’еры Георгій Рыгоравіч абсалютна не вылучаўся ані гульнёй, ані фізычнымі дадзенымі. Рост 168 см (потым 172 см), вага 58 кг. Але ўзорная дысцыплінаванасьць і праца на трэнаваньнях дазволілі яму ў хуткім часе стаць тэхнічным гульцом і важным для каманды элемэнтам.
Невысокі злучны пачынаў у камандзе «Мэдык», куды яго запрасіў першы трэнэр, які ў той час якраз узначаліў дружыну. Дзеля ўдзелу ў першым дарослым першынстве СССР Мандзалеўскаму нават прыпісалі адзін год, паказаўшы арганізатарам турніру ў Тбілісі даведку пра згублены пашпарт. Бо паводле тагачасных правілаў, выступаць у дарослым першынстве можна было толькі з 18 гадоў. Трэнэр Дзюжаў вырашыў знарок схаваць пашпарт Георгія і заявіць у Растове-на-Доне, па дарозе, у вакзальную міліцыю, што пашпарт кудысьці зьнік. Можа скралі?
На тым турніры Мандзалеўскі ўвачавідкі паназіраў за гульнёй найлепшых валейбалістаў краіны і згуляў супраць іх. «Мэдык» заняў толькі 8-е месца, а ў матчы з тбілісцамі адэсітаў за перамогу гарачая грузінская публіка закідала камянямі. У «старыя часы» хуліганаў на трыбунах не было, кажаце?!
Неўзабаве «Мэдык» пераназвалі ў «Буравесьнік», тады, на пачатку 50-х гэтае спартовае таварыства набірала сілу і ўзяла пад крыло многія каманды, у тым ліку і «Працу» на малой радзіме Мандзалеўскага ў Воршы. Потым Георгій пагуляў за СКА, з 1958 году выступаў ужо за маскоўскі ЦСКА, і ў сталіцу СССР перавёз жонку з нованароджаным сынам. Жонка ў будучыні таксама стане легендай армейскага клюбу, але ў спартовай гімнастыцы.
Мандзалеўскі менавіта ў ЦСКА канчаткова стаў злучным, бо ў камандзе яму наўпрост заявілі: набіраць пункты ў нас і безь цябе ёсьць каму, а ты нам патрэбны для якасных пасоў. У складзе армейцаў ён гуляў з такімі бліскучымі валейбалістамі як Ніл Фасахаў, Віталій Каваленка, Нікалай Буробін, Юрый Часнакоў...
У зборнай СССР Мандзалеўскі выступаў у 1956-1964, 1967-1968 гадах і працяглы час быў яе лідэрам.
Скончыў Адэскі пэдагагічны інстытут імя Вушынскага (1956), у наступныя гады быў дацэнтам Вайскова-інжынэрнай акадэміі імя Куйбышава. Працаваў старшым выкладчыкам у Маскоўскім дзяржаўным горным унівэрсытэце. У 1969 годзе Георгій Мандзалеўскі стаў кандыдатам мэдыцынскіх навук.
А вось якія парады Георгій Мандзалеўскі дае валейбалістам:
«Любое майстэрства, у тым ліку і злучнага гульца, дасягаецца ўпартай працай і сыстэматычным трэнаваньнем. На кожным занятку я выконваў, як правіла, 600 перадач мяча, зь іх да 400 у сьценку. Прычым гэта былі перадачы ў цэль, са зьменай траекторыі і хуткасьці, з паўпрыседу, з калена, зь іншых нязручных становішчаў. І абавязкова трэнаваньні ў пары (ня менш за гадзіну на дзень), на якіх шліфаваліся рухі пясьцяў, практыкаваліся пальцы, адпрацоўвалася гранічная дакладнасьць і стабільнасьць пасу. І, нарэшце, адпрацоўка камбінацый з нападнікамі ля сеткі. Ну а ў гульні перш, чым выканаць перадачу, я выходзіў пад надыход мяча з такім разлікам, каб своечасова заняць пазыцыю, зь якой можна зрабіць пас найлепшым чынам. Для гэтага трэба ўмець зьдзяйсняць хуткасныя рыўкі наперад, назад, у бакі.
У сваю разьмінку я уключаў адмысловыя практыкаваньні: хуткасны бег — рывок на 10-12 м, імітацыя перадачы мяча пасьля 2-3 рэзкіх крокаў убок, бег сьпінай ад сеткі да лініі. Перадаваў мяч ва ўстойлівым становішчы. Злучны павінен перш за ўсё ўмець нязмушана абыходзіцца зь мячом, валодаць прыродным пачуцьцём пасу, дакладнай каардынацыяй рухаў і „мяккай рукой“, гэта значыць рукой з добра распрацаванымі пальцамі і пясьцямі. Другая неабходная якасьць злучнага — гэта ўменьне бачыць усю плошчу гульнявога поля. І на сваім баку, і на баку суперніка. Трэцяя важная якасьць — уменьне тактычна думаць, здольнасьць правільна ацаніць гульнявую сытуацыю і добра ведаць сваіх партнэраў, асабліва нападнікаў. Пачынаць падрыхтоўку злучнага гульца варта з раньняга ўзросту, аднак калі ў валейбалістаў ёсьць да таго задаткі, дык і ў 16 гадоў ня позна».
У валейболе злучны Георгій Мандзалеўскі заваяваў усё што мог у свой час. Поўны сьпіс трафэяў і мэдалёў аршанца:
- 2-разовы алімпійскі чэмпіён (1964, 1968)
- 2-разовы чэмпіён сьвету (1960, 1962)
- масяжовы прызэр першынства сьвету (1956)
- чэмпіён Эўропы (1967)
- 2-разовы масяжовы прызэр першынстваў Эўропы (1958, 1963)
- 2-разовы ўладальнік Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў (1960, 1962)
- пераможца Спартакіяды народаў СССР (1956, 1963)
- 8-разовы чэмпіён СССР (1956, 1958, 1960, 1961, 1962, 1963, 1965, 1966)
- масяжовы прызэр першынства СССР (1955)
Заўважце, Мандзалеўскі некалькі разоў заваёўваў масяжовыя мэдалі, а вось срэбраных няма. Гэта азначае, што калі Мандзалеўскі з камандай выходзіў у фінал, ён абавязкова здабываў тытул пераможцы!
Георгій Мандзалеўскі дзякуючы свайму паходжаньню ўваходзіць у сьпіс жыдоў-мэдалістаў Алімпіядаў, складзены доктарам Джорджам Айзэнам з Назарэцкага каледжу ў ЗША. Фактычна, сваім Георгія Мандзалеўскага лічаць і беларусы, і ўкраінцы, і жыды, і расейцы, і ўсе маюць на гэта поўнае права. Дзесьці ён нарадзіўся, дзесьці вырас, дзесьці правёў найяскравейшыя гады кар’еры. У 2012 годзе Мандзалеўскага як аднаго з самых тытулаваных валейбалістаў плянэты уключылі ў Залю валейбольнай славы ў Ґаліёку, штат Масачусэтс, ЗША.
Між іншым, яшчэ ў 1983 годзе аршанец выдаў кнігу «Щедрость игрока», яна выйшла ў Маскве ў выдавецтве «Физкультура и спорт». Парады, прыведзеныя вышэй, якраз з гэтай кнігі. Цалкам кнігу мы далучаем да нашага матэрыялу ў Тэлеграм.
Нават цяпер, пражыўшы 9 дзясяткаў гадоў, Мандзалеўскі рэгулярна робіць зарадку, займаецца з гантэлямі. Шчыра зычым Георгію Рыгоравічу здароўя і бадзёрасьці!
Публікацыі пра Мандзалеўскага:
У 2013 годзе аршанскі рэжысёр Эдуард Навагонскі стварыў відэа пра славутага валейбаліста
У 2020 годзе журналіст Барыс Анушкевіч напісаў артыкул пра Георгія Мандзалеўскага «Дирижёр волейбольного оркестра»
Артыкул Антона Бабошына ў газэце «Спорт-Экспресс» пад такой самай назвай у 2023 годзе.
Артыкул «СЭ» на 90-годзьдзе легенды валейболу «Передачи, похожие на чудо».
Коментарі
Дописати коментар