Два «К», якія паспрыялі. Карнееў і Каберскі

Раней мы пісалі пра Дзьмітрыя Карнеева, які пакінуў сьлед у гісторыі спартовай Воршы. Вядомы гулец менскіх ІФК, «Спартака», «Беларусі», «Тарпэда» і гомельскага «Лякаматыву» ўвайшоў у гісторыю аршанскага «Старту». У першынствах СССР у ножным шпурляку нарадзінец расейскай Пензы правёў за менскіх спартакаўцаў 134 сустрэчы і агадаў 29 галоў, 4 разы станавіўся чэмпіёнам БССР і аднойчы — РСФСР.



Пасьля заканчэньня выступленьняў Карнееў дапамагаў Рувіму Аўцыну ў трэнавальным працэсе «Старту» ў хакеі зь мячом. Аднак атрымалася так, што адным відам ягонае знаходжаньне ў Воршы не абмежавалася — славуты майстар спорту, імя якога ведаў кожны аматар у Беларусі, даў некалькі практычных заняткаў і ў ножным шпурляку, балазе амаль усе хакеісты гулялі таксама ў футбольнай камандзе «Старту». Праца Карнеева і яго дапамога Аўцыну сталі вялікай падтрымкай дружыне.


Лёсавызначальны момант у гульні менскага "Спартака" з маскоўскім "Лякаматывам", пасьля гэтай траўмы Карнееў ужо не вярнуўся на поле ранейшым


Паводле ўспамінаў гульцоў «Старту», Карнееў нават у веку пад 40 «даваў жару» і меў зайздросную фізычную форму, ды такую, што ня ўсе маладыя вытрымлівалі такі тэмп. Пасьля знаны футбаліст і хакеіст адправіўся трэнаваць «Страіцель» з Чарапаўца, а потым пераехаў з Расеі ў Казахстан, дзе на пачатку 80-х узначальваў «Тарпэда» з Какшэтаў.


Памёр Карнееў 20 кастрычніка 2011 году ў Менску, які стаў яму родным домам, ва ўзросьце 77 гадоў.


Істотную дапамогу ў разьвіцьці аршанскага хакею зь мячом аказаў Віталій Каберскі. Ён «падцягнуў» нашу каманду, дапамагаючы Аўцыну, але перад важным матчам чэмпіянату СССР у Рызе, на жаль, зноў быў выкліканы на зборы футбольнага менскага «Дынама». Аднак сваю ролю ў трэнавальным працэсе таксама згуляў.



Віталій Каберскі нарадзіўся 24 лютага 1946 году ў Хабараўску. Пачынаў у СКА, а ўжо ў 1966-м быў запрошаны ў Беларусь. І на нашай зямлі правёў пэрыяд да 1970 уключна, выступаючы за менскае «Дынама». 111 гульняў і 15 галоў — статыстыка паўабаронцы ў беларускай камандзе. У студзені 1970-га, пакідаючы Воршу, каб зноў вярнуцца ў Менск, Каберскі «заходзіў» на свой заключны сэзон у Беларусі.


У адрозьненьне ад Карнеева, які, прыехаўшы сюды, большую частку кар’еры правёў у беларускіх камандах і вярнуўся жыць, Каберскі больш не прыяжджаў. Спачатку ўкраінскі «Мэталіст» з Харкаву, у якім дасягнуў піку на сваім шляху — І ліга СССР, затым ужо Расея — «Спартак» (Сяміпалацінск) і родны хабараўскі СКА. Пазьней Каберскі пачаў трэнэрскую дзейнасьць, узначальваў «Луч» з Уладзівастоку, у якім гуляў ягоны сын Дзяніс, а таксама «Арол», «Мэталюрг-Мэтызьнік», «Славянск» і «Каўказтрансгаз».





Пры гэтым Каберскі быў моцна зьвязаны з суседнімі зь Беларусьсю землямі, хоць паходзіў з далёкага азіяцкага Хабараўску. Ягоная бабуля была польскай князёўнай, адсюль і такое прозьвішча, што намякае на паходжаньне. Яна жыла ў Белай Царкве пад Кіевам.


Бацька Міраслаў Каберскі яшчэ ў 40-я гуляў у кіеўскім «Дынама», у тым ліку ў знакамітым матчы «Старт» — «Флакельф» у акупаваным немцамі месьце, пра што мы пісалі асобна і пра што напісана кніга ў Францыі. Выжыў у вайне, а затым быў трэнэрам хабараўскага «Дынама» ў 1947 годзе, калі каманда здабыла Кубак РСФСР. Там сама, на Далёкім Усходзе, нарадзіўся і сын Віталій, якому будзе наканавана ненадоўга спрычыніцца да падрыхтоўкі аршанскага «Старту».



Таму прыезд ягонага сына Віталія ў Беларусь і Ўкраіну ў нечым быў наведваньнем знакавых месцаў роду і паблізу. Шмат цікавага пра сям’ю раскрывае публікацыя газэты «Тихоокеанская звезда», якую раім прачытаць. Добра напісаць пра бацьку Віталія Каберскага Міраслава здолеў гісторык хабараўскага ножнага шпурляку Аляксандар Белы.

---------------

Таксама раім пачытаць:

Пра першых аршанцаў, якія выступілі ў «камандах майстроў»

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

90 гадоў таму. Аршанскія футбалісты ў матчы адкрыцьця менскага стадыёну «Дынама»

Аркадзю Сусману — 75!

Памёр Аляксей Шубянок