Выпрацоўка спартовых тэрмінаў на ідыш

У 20-я гады ў БССР непрацяглы час былі ажно 4 дзяржаўныя мовы: беларуская, ідыш, польская і расейская. Такім чынам, Савецкая Беларусь стала адзінай тэрыторыяй у сьвеце, дзе мова ідыш мела афіцыйны статус. У артыкуле «Ідышысцкі эксперымент у савецкім Менску», які напісала Эліса Бэмпарад для часопісу Arche (№ 11, 2007), мы адшукалі ўрывак пра спорт і мову ідыш. Гэта дае нам больш інфармацыі пра гісторыю жыдоўскіх спартовых таварыстваў у Беларусі. Тэма яўна заслугоўвае манаграфіі, шырэйшага дасьледаваньня, але пакуль, на жаль, ёсьць толькі адрывістыя зьвесткі.


Шыльда БДУ ў Менску на дзьвюх мовах — беларускай і ідыш


У кнізе мы знайшлі новы кантэкст, пра які чытаць яшчэ не даводзілася. Цытуем:


«Менская cуполка яўрэйскай моладзі Yung-Skoyt, заснаваная неўзабаве пасля Першай усясветнай вайны і звязаная з рухам сацыялістаў-сіяністаў, ладзіла імпрэзы для яўрэйскіх хлопчыкаў і дзяўчынак 12—16 гадоў. Для мэтаў «духоўнага развіцця», знаёмства з яўрэйскай народнай творчасцю і культурнымі скарбамі ідыша, маладзёжная група таксама брала на сябе і спартыўныя падзеі. Мовай спартыўных мерапрыемстваў, якія ўключалі гімнастычныя практыкаванні, падарожжы за горад і ўрокі плавання ў рацэ Свіслачы, быў ідыш.


Хоць яўрэйская скаўцкая суполка — як і многія іншыя маладзёжныя групы ў Менску — карысталася ідышам яшчэ да выпрацоўкі савецкай нацыянальнай палітыкі, стварэнне спартыўнай тэрміналогіі на ідышы было вынікам савецкага эксперыменту. Іншымі словамі, калі мова ўдзельнікаў у час публічных мерапрыемстваў была пераважна яўрэйская, то адмысловыя спартыўныя тэрміны яны вымаўлялі, як правіла, па-расійску. У жніўні 1921 г. у статуце яўрэйскага клуба спорту і турызму (установа таксама дарэвалюцыйная, якая была дазволена саветамі ў 1921 г., але ў хуткім часе ліквідаваная) падкрэслівалася, што яго афіцыйная мэта палягала не толькі ў дасканаленні фізічнага стану яўрэйскай моладзі, але і ў падрыхтоўцы новага пакалення інструктараў для савецкіх школ і дзіцячых садкоў.


Згодна з патрабаваннямі савецкіх чыноўнікаў ад асветы, якія ў яўрэйскім кантэксце настойвалі на ўжыванні ідыша ва ўсіх адукацыйных сферах, кіраўнікі клуба засведчылі сваю адданасць „стварэнню гімнастычнай тэрміналогіі на яўрэйскай мове (gimnastishe terminologye in der yidisher shprakh), якой маглі б карыстацца дзеці, што слаба валодаюць расійскай“.


Яўрэйскі спартыўны клуб „Гaмер“ („Молат“), які раней называўся „Макабі“, быў афіцыйна дазволены 14 снежня 1921 г. У пачатку 1922 г. ён налічваў каля 100 членаў — хлапцоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў, якія старанна наведвалі клуб у часы яго працы (ад 18 да 22 гадзін, акрамя пятніцы).


9 студзеня 1922 г. у клубе адкрыліся курсы фізынструктараў для савецкіх яўрэйскіх школ. Трохмесячныя курсы ўключалі тэарэтычныя заняткі (вывучэнне анатоміі чалавека і фізіялогіі) і практыку, фізічныя практыкаванні тры разы на тыдзень. У той год рыхтаваліся інструктары менавіта для пачатковых школ і дзіцячых садкоў. Хоць спартыўныя мерапрыемствы з удзелам яўрэяў у далейшым праводзіліся пад эгідай рабочых клубаў, камсамола і партячэек, фізынструктары ў савецкіх яўрэйскіх школах працягвалі трэніраваць навучэнцаў на ідышы».


Папярэднія публікацыі Orshafans па тэме:

Штрышок да гісторыі жыдоўскага спорту ва Ўсходняй Беларусі

СТ «Макабі» ў Воршы

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

Аркадзю Сусману — 75!

Тур 2. Хваля — Старт — 3:0