Ножны шпурляк! Бо і «calcio» было не адразу…

Некаторыя чытачы неаднойчы пыталі нас, чаму мы называем больш звыклы і ўнесены ва ўсе слоўнікі «футбол» двума іншымі словамі «ножны шпурляк». Мы, уласна кажучы, ужо тлумачылі прычыны. Першым у беларускім мовазнаўстве, хто прапанаваў такую назву для віду спорту, быў Янка Станкевіч. Але таксама дадамо, што ножны шпурляк быў спачатку «футболам» і толькі «футболам» ва ўсіх краінах, куды прыходзіў, а прыходзіў ён ва ўсе. У вялікай колькасьці моваў затрымаўся, але ў шэрагу мясцовыя пурысты-мовазнаўцы і аматары футболу з часам сталі называць гэты від спорту па-свойму, часам вельмі адрозна ад арыгіналу.


Мы не выкідаем слова «футбол» са слоўнікаў, ні ў якім разе рабіць гэтага нельга, ды й няма ў тым сэнсу. Але ўжываць у беларускай мове, прынамсі ў выглядзе сыноніму «ножны шпурляк» заахвочваем! Дзякуючы мовазнаўчым работам шэрагу беларускіх навукоўцаў мы цяпер маем матэрыял, якім можам узбагачаць свой слоўнікавы запас і абыходзіцца ўласнай лексыкай замест масавага запазычаньня барбарызмаў.


А цяпер мова пойдзе пра Італію, адзін з цэнтраў сусьветнага футболу. Гульню ў краіну прывезьлі брытанскія маракі, і ў час першых турніраў спорт называлі football, пазычаючы арыгінальнае слова. У канцы 1880-х супрацоўнік брытанскай тэкстыльнай фірмы італьянец Эдуарда Бозіё заснаваў у Турыне першы клюб. У 1898 годзе згулялі дэбютнае першынство Італіі. І толькі ў 1909 годзе італьянцы прыдумалі сваё слова для віду — calcio. І хоць суседнія народы, немцы і французы, адаптавалі football да сваёй мовы, італьянцы аказаліся радыкальнейшымі. Яны ўспомнілі гульню calcio storico, у якое гулялі ў Сярэднявеччы. І хоць яно моцна адрозьнівалася па духу і правілах ад ножнага шпурляку, паступова журналісты і адмыслоўцы падхапілі гэтае слова.


Як гэта ўласьціва паўднёвым нацыям, вынаходзячы нешта, неабходна гэтым пахваліцца. Італьянцы хутка напісалі ў кнігах, што calcio fiorentino — той самы «продак» гульні, якую нібыта наноў адкрылі брытанцы. Менавіта так і напісаў вядомы журналіст Джаньні Брэра. Ягоныя калегі аспрэчвалі такі падыход, аднак у выніку прыхільнікі слова «calcio» перамаглі, і сёньня ў італьянскай мове заморскае слова football увогуле не ўжываецца.


Calcio fiorentino, пры гэтым, бліжэйшы да сучаснага амэрыканскага футболу, ці хутчэй рэгбі, чым да ножнага шпурляку. Раней паядынкі заўсёды праходзілі ў атмасфэры лютых боек, у камандах было па 27 чалавек з расстаноўкай па лініях 9-9-9. Пры Мусаліні час гульні скарацілі да 50 хвілін і абавязалі капітанаў трымаць дысцыпліну, каб не дапускаць пабоішчаў. А ў сучаснасьці ўвялі нават допінг-кантроль.

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

«Моўны інспэктар» Ігар Случак: «Калі беларуская мова зьяўляецца ў нейкай галіне, у 8 з 10 выпадкаў яна адтуль ужо не зьнікае»

55 гадоў удзелу ў першынстве СССР!

Браты Алешчанкі