Цырымонія адкрыцьця Алімпіяды-2024. Палітыка, гісторыя, спорт

Алімпійскія гульні 2024 году ў Парыжы афіцыйна адкрыліся! Самым галоўным сюрпрызам стала тое, што цырымонію правялі на вуліцах Парыжу, а дождж нават дадаў прыгажосьці моманту. Гэта вам не стандартны на ўсіх Алімпіядах стадыён. Можа і зацягнутая цырымонія, затое дакладна незвычайная! Зідан, які перадае алімпійскую паходню хлапчукам у мэтро, каб тыя несьлі яе далей, як было паказана ў роліку, зь якога ўсё стартавала — і гэтыя добра знаёмыя, сто разоў пройдзеныя і аб’ежджаныя парыскія вуліцы. Смак!


Шмат хто крытыкуе адкрыцьцё за тое, што каманды не праходзілі, а плылі на катарах са сваімі сьцягамі. Але зноў жа, як незвычайна! Шкада, не наканавана беларусам пакуль бачыць свой нацыянальны сьцяг сярод афіцыйных дэлегацый. А там шмат рознага: у альбанцаў сьцяганоша (хаця ў гэтых умовах, хутчэй, сьцягатрымальнік) — этнічны чачэнец, у Альжыру рытуальнае кіданьне ружаў у Сену ў памяць пра патопленых у рацэ землякоў у 1960-я, у Нігера — ганебнае салютаваньне «пад казырок», якое зьвязвае спартоўцаў з прарасейскай хунтай, якая там пры ўладзе. Як заўсёды, прыгожыя строі, вялікай колькасьці краінаў.


Ранішнія заявы францускіх ультаправых дзеячоў паказвалі на іхную незадаволенасьць цырымоніяй. Там пабачылі і прапаганду нетрадыцыйных адносінаў, і чорны супрэматызм, ну, карацей, усё як заўсёды. А насамрэч цырымонія, як здаецца, была вельмі францускай. Вуліцы Парыжу, якія самі сабою паказваюць гісторыю места і Францыі, нацыянальная сымболіка, француская мова ў песьнях, і шмат што іншае. Той жа Томас Бах абвясьціў пра адкрыцьцё Алімпіяды па-француску. Танцы адразу паказалі францускую гісторыю — краіну розную, якая перажывала рэвалюцыі і змагалася за свабоду. Памятаеце, як танцавалі ў Кітаі? Зусім іншая філязофія! Мэта — паказаць усяму сьвету зладжанасьць велізарнай колькасьці людзей, аднолькавыя рухі. У французаў, наадварот, паказаць, што ўсе могуць танцаваць па-рознаму пад адну музыку. Адзін з танцораў, між іншым, глухі, што не перашкаджала яму быць у адным рытме з іншымі.



Алюзія да «Тайнай вячэры» многіх абразіла. Але, зноў жа, у гэтым уся Францыя. Гэта нестандартная і вельмі разнастайная краіна. Такіх адсылак хто толькі ні рабіў, у рознай ступені аголенасьці, задуменнасьці, напэўна, ня варта занадта пераймацца. Урэшце, антыхрысьціянскія матывы ўбачылі і ў словах «Zizou Christ» (як Jesus Christ).


Была і ўставачка для прыхільнікаў мэталу — выступ вядомага цяжкага гурта Gojira. Тут і адсылка да гісторыі, і францускія выканаўцы. Тыя, хто хацеў бы пабачыць у гэтым нацыяналізм, пабачыў бы. Хоць яго, як і нейкага крэну ўлева, таксама не было. І ў гэтых матывах на фоне парыскай архітэктуры арганізатарам удалося паказаць кавалачак францускай гісторыі.


Праз дождж скасавалі частку праграмы на дахах. Выхад поп-зоркі з боку Францускай Акадэміі насустрач Вайсковай аркестры — хай будзе. Мо і не настолькі эфэктна, але паколькі народ любіць выступы ў стылі «Эўравізіі», то ён такое і атрымаў.


Былі й пудлы. Дэлегацыю Паўднёвай Карэі назвалі дэлегацыяй «КНДР». Зрэшты, некаторыя, бачна, пасьміхнуліся і выдыхнулі, што гэта няпраўда. Пры праплыве Турэччыны на тэлепаказе далі тытр, а на набярэжнай Сены заявілі, што гэта Туніс.


Прыгожа атрымалася, што алімпійскія дэлегацыя пачыналі плысьці ў сьветлы час содняў, а скончылі пры парыскіх ліхтарах. Называць берагі Сены рамантычнымі банальна, але калі так ёсьць, дык што зрабіць?!


Яшчэ цікавы момант — Зідан перадае алімпійскую паходню Рафу Надалю. Чаму не Зінэдын? Напэўна, найбольш пазнавальны францускі спартовец сучаснасьці, усё ж, не алімпіец, ягоная слава была па-за Гульнямі, а вось Надаль, дарма што не француз, зьвязаны зь местам вельмі шчыльна. Гішпанец — «кароль грунту», ён здабыў 14 (!!!) тытулаў на «Ралян Гарос»! Ну цалкам жа лягічна, што яму даручылі паходню пад канец!


Францыя правяла вельмі францускую цырымонію. Зрэшты, францускай, але больш стэрэатыпнай, ды менш разнастайнай, была цырымонія адкрыцьця Кубкк сьвету ў рэґбі год таму. Яна не спадабалася больш левай частцы грамадзтва, прынамсі, такія рэакцыі сустракаліся тады. Гальскія пеўні, багеты, макет Эйфелеўкі з Кубкам Уэба Эліса на вяршыні, цыркавыя нумары, катрынкі, музыка «традысьёнэль», танцы, шансон і ўсе іншыя складнікі, як у фільмах. Не заўсёды францускіх. Але заўсёды пра Францыю. І як жа ўпэўнена тады прамаўляў Макрон, нягледзячы на тое, што вялікая частка публікі сьвісьцела ў ягоны бок!



А трэба цешыцца за найстарэйшага сярод жывых францускага алімпіёніка, які таксама прыняў удзел у цырымоніі, ды яшчэ да на перадапошнім этапе. Незвычайнасьць нумар апошні — тое, што алімпійскі агонь не запальваецца на стадыёне, а ўзносіцца ўгару на паветранай кулі. Шык!


У гэтым тэксьце францускі сумбур, усё намяшана, як на цырымоніі. Але ўсё ўкладаецца ў нейкую карціну. І хай так будзе. Без рэдакцыі ад рэдакцыі «Радыё Аршыца». Слухайце, што мы скажам, але думайце самі і прымайце рашэньні. Глядзім Алімпіяду, спадарства!

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

«Моўны інспэктар» Ігар Случак: «Калі беларуская мова зьяўляецца ў нейкай галіне, у 8 з 10 выпадкаў яна адтуль ужо не зьнікае»

55 гадоў удзелу ў першынстве СССР!

Браты Алешчанкі