Браты Алешчанкі

Напярэдадні было 40 гадоў Юрыю Алешчанку. Вакол двух братоў нейкі час таму кружлялі непрыемныя чуткі, але мы не абазнаныя ў абставінах, таму калі нашы чытачы ведаюць пра сытуацыю лепей — просім ліставаць на orshafans@gmail.com. А пакуль узгадаем брата Юрыя — Віталя, які быў больш скандальным, упартым і таленавітым.



Выхаванец віцебскай школы «Дзьвіна» пасьпяхова гуляў і ў малы ножны шпурляк, але стаў зоркай у вялікім. У адрозьненьне ад брата Юры, ён у Воршы завяршаў кар’еру, а не прыехаў да нас на яе пачатку. Здабыў Кубак Беларусі-98 зь віцебскім «Лякаматывам-96». Ледзь не паехаў у Ізраіль на сакавіты кантракт з «Макабі» (Хайфа) з заробкам у 15 тысяч даляраў на месяц. Але падвяла прага багемнага жыцьця — паход у клюб «Брыгантына» скончыўся сваркай і нажом у сьпіну. Ізраільскі варыянт сарваўся.


Але аднаўленьне было хуткім — ужо на наступны год Алешчанка-старэйшы загнаў больш за дзясятак галоў за «Гомель». Цікава, што праз выпадак з Алешчанкам не паляцеў назад у Хайфу ягоны віцебскі сябрук Вячаслаў Гормаш — гэта гучыць як мінімум дзіўна, але гулец патлумачыў адмову тым, што безь Віталя яму ў Ізраілі было б «тужліва».


Затым нападнік стаў зоркай «Белшыны», пра сыход (і сварку зь Вячаславам Акшаевым — будучым трэнэрам «Старту») зь якой потым моцна шкадаваў. У Бабруйску ён быў чэмпіёнам, у другі раз за кар’еру ўзяў кубак краіны. Яшчэ трошку ён пагуляў у родным Віцебску, каб потым у 2004-м перайсьці ў «Старт». За нашу каманду на тым слабым узроўні ІІ лігі нядаўняя зорка «вышкі» Віталь Алешчанка гуляў пасьпяхова, хаця прызнаваўся, што пару разоў выходзіў на гульні нападпітку. Так ці іначай, Алешчанка-старэйшы дапамог блакітна-чорным вярнуцца ў І лігу, а сам павесіў буцы на цьвік.


У наступным годзе, ужо ў І лізе, ягоную аршанскую эстафэту прыняў малодшы на 9 гадоў брат Юры, які таксама правёў у клюбе мала часу, але агадаў нямала важных галоў і стаў найлепшым стральцом дружыны ў І лізе сэзону-2005.


Вяртаючыся да Віталя, хочацца ўспомніць адзін з найбольш скандальных паядынкаў «Старту» за ўсю больш чым 70-гадовую гісторыю. Вэтэраны нашай каманды ў размовах з намі неаднаразова прыгадвалі сустрэчу з «Хімікам» у Сьветлагорску 29 кастрычніка 2000-га году, у кожнага яна пакінула свой адбітак. Толькі атрымалася так, што былі пакрыўджаныя абодва бакі: аршанцы — судзьдзёўствам Браніслава Ясінскага, які ў канцы сустрэчы «намаляваў» карны. А сьветлагорцы тым, што аршанцы ня «леглі» пад іх і адмовіліся здаваць гульню. Пасьля той сустрэчы толькі цуд уратаваў «Хімік» ад вылету. Трэнэр стартаўцаў Сяргей Шынкевіч успамінаў, што аршанцам Ясінскі «адкручваў галаву», успамінаў сваё выдаленьне ў той дзень абаронца Ўладзімер Ларывонаў, а з урыўкаў ґазэтных справаздачаў з той гульні бачны «аргентынскі запал» падзей на стадыёне.


Віталь Алешчанка гуляў за «Хімік» на некалькі гадоў раней, у 1996–1997 гг. У 96-м апошнюю сустрэчу сьветлагорцаў таксама абслугоўваў Браніслаў Ясінскі. 3 лістапада «Хімік» гуляў у гасьцях з «Гомлем». Сустрэча скончылася ўнічыю 0:0. Разам зь Ясінскім героем падзей стаў Алешчанка. Вось што прыгадваў Віталь: «Крыўдна, што нас не пусьцілі ў „вышку“. Апошні матч сэзону. Толькі пераходзім на палову поля суперніка, а судзьдзя нахабна сьвішча. Я ня вытрымаў. Прыйшлося пабегаць за Браніславам Ясінскім з буцамі ў руках. Скончылася ўсё тым, што з поля мяне выводзіў АМАП».


Старыя добрыя эмоцыі беларускіх стадыёнаў!

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

Два «К», якія паспрыялі. Карнееў і Каберскі

Памёр Аляксей Шубянок

Тур 2. Хваля — Старт — 3:0