Слонім. Гульні з Жыровічамі і зьяўленьне жыдоўскіх клюбаў

 Урывак з публікацый выданьня "Слонімскі край":


У пачатку траўня 1926 года ў нашым горадзе прайшоў матч, у якім прынялі ўдзел наймацнейшыя на той час на Слонімшчыне футбалісты. Сустракаліся Reprezentacja klubów Wojskowych (Зборная вайско вых клубаў) і Szkoła Rolnicza (Żyrowice). Відаць, у паядынка была добрая рэклама — паглядзець футбол на гарнізонны стадыён прыйшло шмат людзей, значна больш, чым на звычайны матч. Жыровіцкія хлопцы былі тэхнічнымі, але гэтую перавагу не змаглі пераўтварыць у галы. А вось вайскоўцы былі больш моцныя фізічна. У першым тайме зборная вайсковых клубаў забіла адзін гол, а ў другім — яшчэ тры. Агульны лік — 4:0. У справаздачы з паядынку адзначалася, што гульню судзіў нейкі пан Віш (J. Wisz). І ён не змог прыхаваць сваю сімпатыю да вайсковай каманды, у спрэчных сітуацыях прымаў рашэнні на яе карысць. Гэта прывяло да таго, што на 75-й хвіліне матч быў спынены. Відаць, жыровіцкія футбалісты альбо сышлі з поля, альбо напалі з прэтэнзіямі на суддзю. Дакладна невядома, ці гульня была працягнутая, ці скончылася за 15 хвілін да фінальнага свістка. Як бы там ні было, а вайскоўцы ў чарговы раз даказалі, што яны наймацнейшыя на Слонімшчыне.


Праўда, у тым годзе у іх з’явіўся новы канкурэнт. У сярэдзіне 1920-х у Слоніме стварылася некалькі яўрэйскіх спартыўных клубаў, якія ў асноўным займаліся футболам. На яго папулярнасць сярод яўрэйскай моладзі паўплывалі якраз матчы вайскоўцаў. Аднак клубы не былі шматлікія (таксама як і «хрысціянскія» грамадзянскія клубы). Напрыклад, у склад ŻKS Słonim (Żydowski Klub Sportowy) уваходзіла каля 50 маладых мужчын. У 1926-м быў заснаваны спартыўны клуб «Kraft» («Сіла», пазней — «Hapoel» — «Работнік»).****



15 жніўня ў Слоніме прайшоў таварыскі матч паміж мясцовым ŻKS і Makabi (Baranowicze). Слонімцы атрымалі перамогу з лікам 6:4 (3:1). Найлепшымі ў ŻKS былі Вільдман (Wildman) і Равіцкі (Rawicki), першы з іх забіў усе шэсць галоў! Судзіў паядынак паручнік Пятрушка (Pietruszko; Пятрашка?) і атрымалася ў яго вельмі добра. 11 верасня ў Слоніме адбыўся таварыскі матч паміж ŻKS Słonim і Reprezentacja drużyn cywilnych m. Słonima (зборнай грамадзянскіх каманд г. Слоніма). Яўрэйская каманда выйграла з лікам 6:4 (2:2). Гульня была цікавая, футбалісты ŻKS добра камбінавалі. І гэта пры тым, што каманда была ў аслабленым складзе. Атакуючы паўабаронца Шухтовіч (Szuchtowicz) выехаў у Лодзь, з нейкай прычыны не гулялі Равіцкі і Капліньскі (Kapliński). Сведка таго паядынку пісаў, што яго добра судзіў нейкі пан Грыгарэвіч (Grygorewicz).


У пачатку кастрычніка ў Слоніме адбыўся матч паміж WKS 79 pp і ŻKS. Ужо на 5-й хвіліне ў браму вайскоўцаў прызначылі пенальці. Мяч узяў Шчыглельскі (Szczyglelski), які прабіў няўдала — у рукі брамніку. WKS пасля гэтага ўзяў гульню пад свой кантроль і хутка забіў тры галы (праўда, адзін з відавочнага «па-за гульнёй»). Першы тайм скончыўся з лікам 3:0. Пасля перапынку Капліньскі забіў гол у адказ. Выратаваць гульню ŻKS не змог, ды яшчэ прапусціў гол у канцы паядынку. Вынік — 4:1 на карысць вайскоўцаў, якія даказалі, што ў Слоніме яны па-ранейшаму наймацнейшыя. У WKS найлепшымі гульцамі былі Бараноўскі (Baranowski) і Паўліцкі (Pawlicki), у ŻKS — браты Рувіцы (Ruwiccy) і брамнік. Судзіў матч пан Гамуд (Hamud) і судзіў «вельмі слаба», адзначае «Przegląd Sportowy». Гэта апошні вядомы нам паядынак слонімскіх футбольных каманд у 1926 годзе.

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

«Моўны інспэктар» Ігар Случак: «Калі беларуская мова зьяўляецца ў нейкай галіне, у 8 з 10 выпадкаў яна адтуль ужо не зьнікае»

55 гадоў удзелу ў першынстве СССР!

Браты Алешчанкі