Пра Івана Куксевіча

Першым трэнэрам аршанскага «Старту» (тады — «Працы») быў Іван Куксевіч. У савецкую пару ягоную пасаду называлі «грамадзкім трэнэрам». Менавіта Куксевіч рыхтаваў блакітна-чорных да пераходных гульняў зь «Лякаматывам», якія адкрылі станкабудаўнікам сьцяжынку да першынства рэспублікі.


Давайце крыху падрабязьней пра нашага першага трэнэра.


Іван Куксевіч у 1957 годзе


Куксевіч Іван Ягоравіч нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Селекта Аршанскага раёну. Прайшоў ІІ Усясьветную вайну, якая ў часы СССР на тэрыторыі краіны насіла назву «Вялікай Айчыннай». Пачаў вайну шарагоўцам, а скончыў гвардыі старшыной. Ён быў узнагароджаны за ўдзел у гераічным штурме і ўзяцьці Кёніґсбэрґу (Караляўца, рас. Калининград) мэдалём, двума мэдалямі за адвагу, мэдалём «За перамогу над Нямеччынай».


Ён служыў у 144-м стралковым палку 340 стралковай дывізіі. А таксама ў 326 гвардзейскім цяжкім самаходна-артылерыйскім палку. Такія зьвесткі ёсьць на бачыне Памяць народу. Тамсама й дакумэнт з запісамі пра Куксевіча.


 


Пасьля вайны, у 1948 годзе ён прыняў удзел у першым пасьляваенным першынстве БССР, гуляў за аршанскі «Лякаматыў». З 1949 году Куксевіч працаваў настаўнікам фізычнага выхаваньня ў сярэдняй школе № 1, якая якраз месьціцца каля цэнтральнага стадыёну. Адначасова з гэтым займаўся падрыхтоўкай спартоўцаў, у прыватнасьці, у ножным шпурляку і гімнастыцы. Менавіта Куксевіч падрыхтаваў чэмпіёнаў рэспублікі ў спартовай гімнастыцы Аляксандра і Юрыя Жыхарэвічаў, якія пасьля ўзялі ўдзел у Спартакіядзе народаў СССР, занялі там прызавыя месцы.


Таксама Куксевіча ўзнагароджвалі юбілейным мэдалём «За доблесную працу ў азнаменаваньне 100-годзьдзя з дня нараджэньня У.І.Леніна». А ў 1967 годзе, на 50-годзьдзе савецкай улады, — памятным знакам за шматгадовую плённую дзейнасьць на разьвіцьцё савецкага спорту. Камітэт у справах фізычнай культуры і спорту пры Савеце Міністраў БССР узнагародзіў Куксевіча граматай за забесьпячэньне датэрміновага выкананьня дзяржаўнага пляну падрыхтоўкі значкістаў комплексу ГТА і спартоўцаў-разраднікаў у 1950 годзе.


У 1951 годзе спартовае кіраўніцтва Воршы паставіла задачу стварыць у месьце 46 камандаў. Задачу дашчэнту правалілі — стварылі ўсяго 15. Але якраз Куксевіча на падвядзеньні вынікаў спартовага году тады хвалілі, адзначалі, што «ў парадку грамадзкай нагрузкі» ён узначаліў і падрыхтаваў каманду заводу «Чырвоны барацьбіт». А гэта якраз і была «Праца», якая пасьпяхова выступіла на аршанскіх спаборніцтвах і перагуляла «Лякаматыў» у гульнях за права прадстаўляць Воршу ў наступным першынстве БССР.


У 1952 годзе «Праца» дэбютавала на рэспубліканскай арэне. Іван Куксевіч стаў капітанам каманды і ад яе імя падпісваў пратаколы сустрэчаў. Ці заставаўся ён адначасова трэнэрам дружыны — хутчэй так, чым не. Але магчыма, што ў каманду ўжо прыйшоў іншы герой вайны і энтузіяст футболу Міхаіл Нірман. Дакумэнтальных пацьверджаньняў гэтаму мы пакуль ня маем. Са статыстыкі Куксевіча па тым сэзоне мы ведаем, што ён правёў на полі 21 паядынак — больш за ўсіх у камандзе, і ў хатняй сустрэчы з «Дынама» з Маладэчны не агадаў з 11-мэтровага.


Два подпісы Івана Куксевіча на пратаколе першага пераможнага матчу "Працы" ў першынстве БССР (зь віцебскім "Лякаматывам"), як гульца і як капітана аршанскай дружыны


У 1954 годзе Куксевіч быў галоўным судзьдзём Кубку Воршы, у фінале якога каманда Болбасава перагуляла «Спартак».

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

«Моўны інспэктар» Ігар Случак: «Калі беларуская мова зьяўляецца ў нейкай галіне, у 8 з 10 выпадкаў яна адтуль ужо не зьнікае»

55 гадоў удзелу ў першынстве СССР!

Браты Алешчанкі