Гісторыя слонімскага ножнага шпурляку. ŻKS дасылае здымак у ґазэту і саступае. Судзьдзя пераапранаецца ў гульца

За некалькі дзён да новай сустрэчы „Старту“ з „Слонімам“ апублікуем яшчэ адзін урывак з краязнаўчых публікацый выданьня „Слонімскі край“ пра гісторыю ножнага шпурляку ў Слоніме. Цытуем бязь зьменаў:


У папярэдніх частках* мы распавялі пра кароткі ўзлёт слонімскай каманды WKS 79 pp Słonim (Вайсковы спартыўны клуб 79-га пяхотнага палка). Клуб быў заснаваны 24 чэрвеня 1921 года і адразу спецыялізаваўся на футболе. Таму гэтую дату можна лічыць за час заснавання слонімскага футбола (да імавернага выяўлення матэрыялаў пра ранейшыя падзеі). WKS у 1923 годзе паўдзельнічаў у першынстве Віленскай акругі ў „клясе Б“ і ледзь не прабіўся ў „клясу А“.


Каманда ездзіла ў Вільню, Гродна, Беласток і пра яе ведалі, адметную гульню вайскоўцаў заўважылі. Таму заўзятары шкадавалі, калі ў наступныя гады слонімцы ўжо не заяўляліся на рэгіянальны чэмпіянат, гулялі пераважна ў сваім горадзе. У 1923–1926 гадах у Слоніме з’яўляліся і іншыя каманды: STS (Слонімскае спартыўнае таварыства), KS Balladyna (зборная дзяржаўнай гімназіі), WKS 80 pp (Вайсковы клуб 80-га пяхотнага палка), KS Albertyn (спартыўны клуб Альбярцін), Kl. Sp. Szkoly Roln. Żyrowice (Szkola Rolnicza, Żyrowice; Спартыўны клуб сельскагаспадарчай школы ў Жыровічах), ŻKS Słonim (Яўрэйскі спартыўны клуб, Слонім). Нам вядомыя прозвішчы асобных футбалістаў, суддзяў, ёсць некалькі фотаздымкаў слонімскіх камандаў. У чацвёртай частцы нарысу будуць асветленыя падзеі 1927–1928 гадоў.


1927 У ліпені 1927 года быў ліквідаваны раскол у польскім футболе. Польская футбольная ліга і Польскі футбольны саюз нарэшце паразумеліся і вырашылі стварыць новы агульны саюз. Здаецца, гэтаму ў той час радаваліся ўсе, хто любіў футбол. Безумоўна, слонімскія футбалісты сачылі за гэтай падзеяй па спартыўнай прэсе. Але самі яны былі далёка ад футбольных цэнтраў. Слонім зноў не быў прадстаўлены сярод удзельнікаў першынства Віленскай акругі.** У класе А там гулялі 6 каманд — адна з Гродна (Cresovia) і пяць з Вільні (Wilja, Pogoń, 1 p.p. leg, Makabi, Ognisko). У іншых гарадах Заходняй Беларусі знаходзіліся энергічныя людзі, якія спрабавалі развіваць футбол.


У чэрвені 1927-га была створана Палеская падакруга Люблінскай акругі футбольнага саюзу. Падакруга ахапіла Брэст, Пінск, Баранавічы, Кобрын і шэраг іншых гарадоў. У Слоніме аднак нічога не мянялася. У той жа Лідзе футбол актыўна папулярызаваўся. На 1927 год спартовы рух быў сканцэнтраваны ў мясцовым Студэнцкім спартовым клубе (відаць, ён існаваў пры гімназіі), пры ім была футбольная секцыя. Лідскія футбалісты не толькі гулялі паміж сабой, але і сустракаліся з камандамі з Ваўкавыска, Маладзечна, Навагрудка і нават Вільні.


Ці выязджалі куды слонімцы? Наўрад ці. Відаць, фінансавыя праблемы нікуды не зніклі, і яны адыгрывалі важную ролю. А яшчэ не хапала некалькіх энэргічных энтузіястаў. Футбольны сезон 1927 года пачаўся ў Слоніме ў пачатку траўня, калі адбыўся матч STS (Słon. T-wo Sport.; Слонімскае спартыўнае таварыства) — ŻKS (Яўрэйскі спартыўны клуб). ŻKS гуляў без чатырох футбалістаў асноўнага складу — Шухтовіча (Szuchtowicza), Касоўскага (Kossowskiego), Губара (Gubara) і Вігдаровіча (Wigdorowicza). Іх замянілі рэзервісты. STS святкаваў перамогу з лікам 2:1, лепшым у яе шэрагах быў Дружылоўскі (Drużyłowski). У саперніка лепшымі на полі былі Равіцкі I, Равіцкі II (так абазначалі ў справаздачах гульцоў з аднолькавым прозвішчам) і Каплінскі (Kapliński), які забіў гол прэстыжу. Судзіў паядынак паручнік Пятрушка ці Пятрашка (Pietruszko, Pietraszko) — у тагачасных публікацыях яго прозвішча падаецца па рознаму. Ён судзіў некаторыя футбольныя матчы ў Слоніме і ў 1926 годзе.


ŻKS хацеў рэабілітавацца і таму адгукнуўся на прапанову футбалістаў з сельскагаспадарчай школы з Жыровічаў. Матч прайшоў у сярэдзіне траўня. Але яўрэйская каманда зноў прайграла (праўда, невядома, ці яна гуляла ў моцным ці аслабленым складзе): Szkoła rolnicza (Żyrowice) — ŻKS (Słonim) — 4:1. „У Жыровічаў дасканалая атака“, — чытаем у караценьскай справаздачы. Цікава, што суддзёй быў усё той жа Пятрашка (Путрушка). У канцы траўня ŻKS паспрабаваў узяць у жыровіцкіх хлопцаў рэванш. У іх атрымаўся цікавы матч. Відаць, яўрэйская каманда сабрала ўсіх сваіх лепшых гульцоў, бо Szkoła rolnicza (Żyrowice) узмацнілася двума гульцамі з WKS — паручнікамі Ваўжыняклем (Wawrzyniaklem) і… Пятрашкам (Пятрушкам). На гэты раз апошні не судзіў, а вырашыў сам згуляць. Такое сумяшчэнне ў той час было нярэдкім. Матч скончыўся баявой нічыёй — 3:3. У першым тайме жыровіцкая каманда мела перавагу і штурмавала браму ŻKS, а вось пад канец паядынка сітуацыя змянілася і слонімцы змаглі зраўняць лік. У справаздачы гэтую нічыю называлі „значным поспехам“ ŻKS. У яе шэрагах адзначыліся брамнік Вайнштэйн (Вайнштайн, Wajnsztajn), „галоўная сіла каманды“, і Балкавец (Bałkowiec).


Увогуле сезон 1927 года праходзіў пад знакам ŻKS. Каманда правяла найбольш матчаў. Хлопцы жылі футболам і адчувалі, што ў іх атрымліваецца ўсё лепш і лепш. У сярэдзіне жніўня ў Слоніме прайшоў матч ŻKS — Siła, які скончыўся перамогай першай каманды — 3:0. У ŻKS найлепшымі гульцамі былі Равіцкі II (Rawicki II) і Каплінскі. У пераможаных лепшым быў Палец (Palec). Матч судзіў нехта пан Любоўскі (Lubowski). Siła — гэта можа быць каманда яўрэйскага спартыўнага клуба Kraft, назва якога і перакладаецца як Сіла. У Слоніме ён існаваў з 1926-га.


Пасля доўгачаканай перамогі ŻKS вырашыў згуляць з гімназістамі з каманды Balladyna. Матч прайшоў у Слоніме 20 жніўня і яго судзіў паручнік Пятрашка (Пятрушка). Яўрэйская каманда мела відавочную перавагу і цалкам заслужана выйграла з лікам 3:1. Два галы забіў Равіцкі II, адзін забіў Закройскі (Zakrojski). У гімназістаў з пенальці вызначыўся Бакавец (Bakowiec). У справаздачы чытаем, што судзействам усе былі задаволеныя. Футбалісты ŻKS у эйфарыі ад перамог зрабілі агульны здымак і даслалі яго ў варшаўскі тыднёвік „Przegląd Sportowy“ („Спартыўны агляд“). І яго там надрукавалі! Можна ўявіць, колькі шчасця было ў слонімцаў! Відаць, гэта першае фота слонімскай футбольнай каманды, якое з’явілася ў перыядычным друку. Рэдакцыя зрабіла да фота наступны подпіс: „Футбалісты Ж.К.С. СЛОНІМ могуць пахваліцца шэрагам сваіх поспехаў“.


Але так сталася, што той нумар выйшаў з друку пасля балючага паражэння ад вайскоўцаў. У сярэдзіне верасня ў Слоніме прайшоў матч каманд WKS 80 pp і ŻKS. Вайскоўцы выйгралі — 3:2. У WKS найлепшымі на полі былі Пятрашка (Пятрушка) і Паўліцкі (Pawlicki), у сапернікаў — брамнік Вайнштэйн і Равіцкі II. Судзіў паядынак пан Грыгарэвіч (Grygorewicz), які нам вядомы яшчэ па матчах 1926 года. У нейкі момант ён згубіў кантроль над сітуацыяй. У справаздачы чытаем: „Матч быў перарваны за 17 хвілін да канца з-за бойкі, якая пачалася на полі“. Гэта была не першая і не апошняя бойка падчас матчаў слонімскіх футбольных камандаў.

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

55 гадоў удзелу ў першынстве СССР!

«Моўны інспэктар» Ігар Случак: «Калі беларуская мова зьяўляецца ў нейкай галіне, у 8 з 10 выпадкаў яна адтуль ужо не зьнікае»

Заяўка «Старту» на першынство-2025