Грошы і Ворша. Архівы пра грошы ў аршанскім ножным шпурляку

Задума гэтага артыкулу нарадзілася даўно, але не было то часу, то магчымасьці яго напісаць. Мы ўбачым, якія грошы зараблялі трэнэры і спартоўцы на заводах у Воршы, да якіх былі прыпісаныя. Усе зьвесткі ўзятыя з архіўных дакумантаў.



14 гадоў таму, у красавіку 2002 году адбыўся сход каманды „Ворша“ („Старт“), на якім гульцам і трэнэрскаму штабу заявілі: грошай няма, і клюб ня будзе заяўлены на рэспубліканскае першынство ўпершыню ў незалежнай Беларусі. Гэта пры тым, што наш клюб меў стартаваць у І лізе, дзе часта гуляў някепска.


Рашэньне выканкаму стала працягам нягодаў клюбу з грашыма — у папярэднія гады нявыплаты і недаплаты ўжо сталі звыклай весткай для Воршы. Быў нават момант, калі каманда затрымлівала час пачатку паядынку, пратэстуючы супраць нявыплаты заробкаў. Здараўся й момант, калі блакітна-чорныя адмаўляліся выходзіць на поле праз абыякавасьць тагачаснага кіраўніка места Майсеюка да каманды, але дружыну ўдалося ўгаварыць згуляць. Падрабязьней пра тыя выпадкі можна пачытаць у кнізе „На ‚Старт’ і ў ‚Тэмпе’! Ножны шпурляк на Аршаншчыне“, якая выйшла ў 2025-м годзе.


З гледзішча таго бязладзьдзя, што адбывалася ў Воршы ў папярэднія гады, рашэньне было чаканым, прадказальным. Але ёсьць чалавечы чыньнік. Бальшыню гульцоў клюбу тады складалі аршанскія-бараньскія мальцы, а не прыежджыя з іншых вобласьцяў ці Віцебску. Шпурляры былі ў росквіце сілаў, а тут раптам даведваюцца, што згуляюць ня ў І лізе, у якой былі арганічнай часткай, і нават не ў ІІ лізе, а на першынство вобласьці, дзе зусім іншы ровень, у тым ліку арганізацыі. Дамо слова аднаму з правадыроў тае каманды Алегу Жалезьнікаву, які ў 2015-м гэтак успамінаў той сумны момант:


„Зьбіраліся ехаць у Гомель на стартавы тур І лігі. За дзень (магчыма, крыху раней, турнір у 2002-м пачынаўся 20 красавіка, і каляндар быў пашыхтаваны загадзя — заўв. Orshafans) да матчу нам неспадзявана аб’яўляюць, што каманда не заяўляецца. Цяпер наогул ходзяць чуткі, што наша месца ў І лізе папросту прадалі. Але нічога не магу сказаць пэўна, ‚ня той злодзей, на каго казалі, а той, каго злавілі’. Тры разы зьбіралі сход каманды. Прапаноўвалі заявіцца на ІІ лігу, але ж мы хацелі І лігу, хоць шпурляроў у клюбе было ўжо мала. Калі б мы ведалі, што каманда ўвогуле можа зьнікнуць, дык пагадзіліся б на ІІ лігу, але час быў страчаны, і ня з нашай віны. Тут нам сказалі, што каманды ня будзе, мы селі на ґанку спартовай залі ДзЮСШ, і, скажу шчыра, пару мальцаў нават заплакалі. Пасядзелі хвілін 10, разам усталі і пайшлі напіліся. Мы настройваліся на І лігу, а тут…“


                                                                Алег Жалезьнікаў

Праз два гады беганьня па зарослых палях з кепскай разьметкай на вобласьць, аршанцы вярнуліся на „рэспубліку“, што было далей — тое частка найноўшай гісторыі аршанскага ножнага шпурляку. Але ў гэтым артыкуле, акрамя ўспаміну пра адмову заявіцца на І лігу ў 2002-м годзе, мы хочам зьвярнуцца да больш даўных гісторый і расказаць ня толькі пра сумнае.


У архівах захоўваюцца сьведчаньні пра заробкі, узнагароджаньні, прафэсіі гульцоў і трэнэраў „Старту“ ў мінулым. Праца над імі вымагала шмат часу і ўменьня працаваць з рукапісамі. А пратаколы розных паседжаньняў і пастановаў, зь якіх можна было ўзяць такія зьвесткі — на 90% рукапісныя. Падаваць імёны будзем пераважна з імёнамі па бацьку, як у прааналізаваных дакумэнтах. Пагатоў, спадзяемся, што на сувязь з намі выйдуць нашчадкі згаданых асобаў і даклюць нам важныя здымкі і ўспаміны пра сваіх продкаў.


„Старт“ толькі ў 1970-я стаў рэгулярна выступаць у І групе (Вышняй лізе) першынства БССР, да таго зазвычай гуляў у ІІ групе. Савецкі спорт на працягу амаль усё гісторыі быў пад зьявай „шаматэрызму“ (удаванага аматарства), дзе гульцы паводле папераў мелі нейкую прафэсію, а такая спэцыяльнасьць як „спартовец“ адсутнічала, у лепшым выпадку была „трэнэр-інструктар“. Гульцы лічыліся рабочымі заводу, але ў рэчаіснасьці займаліся толькі спортам, зрэдчас прыходзячы на завод у цэх, калі адбываўся нейкі „аўрал“ ці патрабаваліся лічбы на пяцігодку. Адылі гэтак было не заўсёды.


💙❤ Наш клюб нарадзіўся ў 1951-м пры заводзе „Чырвоны барацьбіт“ і мае, так бы мовіць, пралетарскія карані. У разгляданым выпадку гэта літаральнае значэньне — у першыя гады шпурляры „Працы“, як тады называлася каманда, сапраўды былі рабочымі заводу. Рабочымі былі, напрыклад, найлепшыя аршанскія гульцы 1950-х, іхныя імёны сустракаем у разнастайных архіўных дакумантах:


Даронін Міхаіл Савельевіч, прымальнік Караткевіч Уладзімер Іванавіч, Янчэўскі Васіль Браніслававіч, Кірык Леанід Феакціставіч, дзяжурны ў кампрэсарнай Макарэвіч Уладзімер Уладзімеравіч, Бокуц Аляксандар Анатольевіч, Вахрушаў Вячаслаў Іванавіч.


Некаторыя гульцы атрымлівалі за сваю працу тагачасныя высокія ўзнагароды. Напрыклад, знакаміты на ўсю Воршу нападнік 1950-х Няхамаў Барыс Сямёнавіч — шліфоўнік, „ударнік камуністычнай працы“.


Барыс Няхамаў, здымак з вайсковай службы

1959 год. Выйшла пастанова аршанскіх мясцовых уладаў пра прэміі футбольнай камандзе ЗШМ, чэмпіёну Воршы, І і ІІ каманды якой сустрэліся паміж сабою ў фінале мескага кубку. Знайсьці яе можна ў Аршанскім занальным архіве. На 30 чалавек, удзельнікаў каманды, далі 4600 рублёў. /Ф.71 вопіс 2 справа 11 старонка 47/


👆 Што ж можна было купіць на 1 савецкі рубель? Праезд у аўтобусе каштаваў каля 5 капеек, адпаведна, на рубель можна было прыкладна 20 разоў паехаць аўтобусам. Таксама на рубель два або нават тры разы можна было пайсьці на сэанс у кіно. На 1 рубель можна было купіць 10 кг солі або каля 3 л малака.


Кіраўнік заводу „Лягмаш“ у будучыні Георгі Ёсіфавіч Брыш у 1959 годзе працаваў на прадпрыемстве галоўным тэхнолягам і меў аклад 1200 рублёў. Тагачасны дырэктар Франц Мартынавіч Бязьлюдаў, які, як вядома, вельмі любіў ножны шпурляк, у тым годзе меў аклад у 1600 рублёў.


У 1961 годзе трэнэр каманды Рувім Аўцын, які загадваў спортам на „Лягмашы“, у сваім спавешчаньні адзначаў, што на заводзе 700 чалавек займаюцца фізычнай культурай. Брамнік ножнашпурляковай дружыны Ўладзімер Андрэевіч Губянкоў працаваў тады трэнэрам баскетбольнай каманды заводу. У ножным шпурляку ў складзе „Машынабудаўніка“ на балянсе былі 16 чалавек.


У 1963 годзе дырэктаркай клюбу і савету фізычнай культуры працавала Хільковіч Зінаіда Ільінічна, жонка Рувіма Аўцына. Трэнэрам у клюбе працаваў Уладзімер Губянкоў, з акладам у 30 рублёў на месяц. А вось у 1962 годзе трэнэрам быў Рувім Аўцын. Відаць, гэтым пацьвярджаюцца словы, сказаныя раней нам у інтэрвію Г. Галубовічам, што Аўцын на год выяжджаў для працы ў Магілёў, а затым вярнуўся ў Воршу. У тым самым годзе быў канфлікт Аўцына з трэнэрам у лёгкай атлетыцы Ўладзімерам Жытновым. /Ф. 71 воп. 2 спр. 30 св. 2 стар. 165-166/


Вынікі сэзону, у якім „Машынабудаўнік“ заняў 6-е месца сярод 10 камандаў у першынстве БССР прызналі някепскімі, але адзначылі праблемы з дысцыплінай. У самога Аўцына адзначалі „грубасьць у адносінах з гульцамі“. На зьезьдзе былі прадстаўнікі пяці мясцовых камандаў. У Воршы ў той час была адна з найбуйнейшых вузаў ножнага шпурляку ў БССР! За перамогу ў першынстве і кубку Воршы 1962 году камандзе ЗШМ уручылі прэмію 140 рублёў на ўсіх 13 чалавек каманды.


Рувім Аўцын


У 1964 годзе завод выдаў 3 рублі на куплю фруктовай вады гульцам. Грошы атрымаў Рувім Аўцын. У час гульні на сваім стадыёне кожнаму ўдзельніку футбольнай каманды давалася па 30 рублёў.


Для паездкі ў Мазыр — 290 рублёў. Грошы атрымаў „таварыш Кавалеўскі“.


318 рублёў на паезку ў Рэчыцу 3 траўня. Інструктарам фізкультуры была т. Хільковіч.


У 1965 годзе на просьбу Аўцына абсталявалі лягмашаўскае поле для ножнага шпурляку і коўзанку там сама. Каманда ўваходзіла ў ДСТ „Чырвоны сьцяг“. Трэнэрам у шашках працаваў Флеер Мацьвей Вульфавіч. У тым самым годзе разгарэлася сварка паміж Аўцыным і Міхаілам Нікіфарававым. Аўцын абвінаваціў яго ў прысабечаньні ровару. Спорткамітэт абавязаў трэнэра ў веласпорце вярнуць ровар на базу.


У 1966 годзе Генадзя Галубовіча аформілі трэнэрам хакейнай каманды. Валейбольную дружыну заводу трэнаваў Гулы Барыс Пракопавіч.


За перамогу ў Кубку Воршы Аўцыну выдалі прэмію ў 20 рублёў.


1985 Вэтэраны спорту заводу Лягмаш.
Верхні рад (зьлева направа): —, —, Агеенка Анатоль (ножны шпурляк), Нікіфараў Пётр (ровары), Базутаў Леанід Кузьміч (дырэктар с/к «Лягмаш»), Ярмоленка Віктар (футбол і актыў завода), Няхамаў Барыс (ножны шпурляк), Галубовіч Генадзь  (ножны шпурляк, бэндзі)
Ніжні рад (справа налева): —, Іваноў Уладзімер (ножны шпурляк), — (лыжны спорт), Драздоўскі Віктар (ножны шпурляк), Круглоз Ізя (судзьдзя ў ножным шпурляку), Гайдзецкі Станіслаў (ножны шпурляк), Барабаш Юры (ножны шпурляк).

Цікавыя й пратаколы паседжаньняў заводзкага камітэту. Працоўнае пагадненьне з трэнэрам Аўцыным Р.Ш. ад 1.01.1968 па 1.07.1968 і Чарняўскім Г. В. Абодвум ня болей за 30 руб. на месяц. На той жа тэрмін падпісалі пагадненьне і з валейбольным трэнэрам Леанідам Базутавым. У бэндзі трэнэрам быў Міхаіл Нікіфараў (1.11.1967 — 1.04.1968) /Ф.71 воп.2 справа 81 стар.39-40/


Аўцыну давалі 3 рублі на ваду для шпурляроў і 15 рублёў для камандзіроўкі ў Смаленск.


Для выезду „Старту“ на гульні ў 1968 годзе патрацілі 243 рублі 20 капеек на 16 траўня, а 21 траўня далі яшчэ 121 рубель 60 капеек. Затым, 19 чэрвеня, вылучылі яшчэ 200 рублёў.


Аўцын паўсюль у дакумэнтах пазначаны менавіта як „Р.Ш.“, то бок Рувім Шмеркавіч. Хоць яго на заводзе і ў калектыве называлі Рувімам Маркавічам. У тыя гады ў СССР праводзілася негалосная палітыка антысэмітызму, і людзям жыдоўскага паходжаньня пад выглядам таго, што іхныя імёны „складаныя для вушэй“, замянялі, нярэдка славянізавалі імёны. Так званая „пятая графа“ актыўна выкарыстоўвалася савецкімі ўладамі. Шмерк рабіўся Маркам, Барух Барысам і гэтак далей. З ужытку на вуліцах спрабавалі выціскаць ня толькі нацыянальныя мовы рэспублік СССР, у тым ліку беларускую мову, але й ідыш, штучна ўсяляючы жыдам сарамлівасьць пры карыстаньні сваёй мовай. Адылі дакумэнты нярэдка раскрываюць праўду. Таксама імя па бацьку „Шмеркавіч“ ёсьць і на магіле Рувіма Аўцына. Такім чынам, „Маркавічам“ насамрэч ён быў толькі ў зваротах у калектыве.


Цікавыя запісы ў архівах сустракаюцца таксама пра іншага аршанскага трэнэра тых часоў. Міхаіл Нірман на „Чырвоным барацьбіце“ як інструктар фізычнай культуры ў 1972 годзе зарабляў 90 рублёў, а як дыспэтчар лінейнага ўчастку меў заробак у 110 рублёў.


Міхаіл Нірман

У 1976 годзе інструктарам фізкультуры на „Лягмашы“ працаваў былы капітан „Старту“ Анатоль Барысавіч Шумскі.


На пасяджэньнях наракалі на малую прысутнасьць жанчынаў у спорце.

Коментарі