145 гадоў Івану Краскоўскаму!
24 чэрвеня 1880 году ў Дубічах Царкоўных каля мястэчка Ворля (Орля) на Падляшшы (цяперашняя тэрыторыя Польшчы) нарадзіўся славуты ў будучыні беларускі выкладчык, грамадзкі і палітычны дзеяч БНР і УНР, першы пасол Украіны ў Грузіі Іван Краскоўскі. Карыстаўся псэўданімам Кій. Чалавек няпростага лёсу, які, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, вельмі любіў малавядомы ў тыя часы ножны шпурляк і заснаваў каманды ў Вільні і Дзьвінску, дзякуючы чаму стаў адным зь беларускіх першапраходцаў футболу.
У гісторыю Ўкраіны Іван Краскоўскі ўвайшоў як адзін з падпісантаў „Акту Злукі“ — пагадненьня аб аб’яднаньні Ўкраінскай Народнай Рэспублікі і Заходне-ўкраінскай Народнай Рэспублікі (УНР і ЗУНР), заключанага 22 студзеня 1919 году. Пасьля заканчэньня службы для ўкраінскай дзяржавы, Іван Краскоўскі вырашыў вярнуцца зь сям’ёй у Вільню і прысьвяціць сябе працы на карысьць беларусаў. Вяртаньне атрымалася толькі восеньню 1921 году.
Некалькі разоў сям’я Краскоўскіх вымушаная была пераяжджаць празь перасьлед, войны і нязручнасьці. Вымушаны прыезд у СССР у 1925 годзе празь некалькі гадоў скончыўся для спадара Івана арыштам і абсурднымі абвінавачаньнямі. Артыкул у справе датычнасьці да мітычнага „Саюзу вызваленьня Беларусі“ (арганізацыя, выдуманая ў калідорах сталінскіх катаў), і высылка ў Куйбышаў (Самару). Там ён працаваў у Дзяржпляне, у геолягавыведным інстытуце. У студзені 1937 году яго адхілілі ад усіх займаных пасад, а ў лістападзе НКВД арыштавала яго, абвінаваціўшы ў шпіянажы. Далей больш за два гады ў турме ў чаканьні прысуду, потым выхад з турмы, сьмерць жонкі, настаўніцтва ў Куйбышаве і паблізу.
А выяжджаць у свой час з Латвіі ён мусіў праз палітыку Улманіса, дзе тых, хто ня меў латыскага грамадзянства, звальнялі з усіх важных пасадаў, Краскоўскаму тады забаранілі займацца пэдагагічнай дзейнасьцю. Хаця суд супраць яго і калег праваліўся — не знайшлі ніякіх доказаў „антыдзяржаўнай дзейнасьці“, у якой беларусаў вінавацілі. Пазьней падобная палітыка балтыйскіх дзяржаў адмоўна адаб’ецца на іх самых, бо яны ня толькі страцілі ляяльнасьць беларусаў і шэрагу іншых народаў, але й ня здолелі процістаяць савецкай навале, у выніку якой краіны акупавалі. Хоць зразумела, што гэта было толькі адным з чыньнікаў.
Увесну 1953 году Іван Краскоўскі атрымаў дазвол на выезд з СССР і пераехаў у Чэхаславаччыну. Там, у 1955 годзе ва ўзросьце 75 гадоў выбітны беларус памёр. Сыны Мсьціслаў і Сяргей загінулі ад сталінскага перасьледу, а дачка, дзякуючы апецы і стараньням якой Івана Краскоўскага ўдалося вывезьці ў Братыславу, стала выбітнай археалягіняй і нумізматкай. Яна 57 гадоў загадвала археалягічным аддзелам Славацкага нацыянальнага музэю ў Братыславе.
Шкада, што сёньня, згадваючы Івана Краскоўскага, надзвычай рэдка гавораць пра ягоны ўнёсак у ножны шпурляк. Часьцяком ягоная спартовая дзейнасьць увогуле ніяк ня згадваецца. Аднак апошнім часам становішча пачало зьмяняцца. Памятайма нашага земляка!
Коментарі
Дописати коментар