Аршанскі стадыён на аэраздымках часоў ІІ усясьветнай вайны
Як вы ўжо, магчыма, чыталі, Нацыянальны архіў ЗША рассакрэціў шмат здымкаў, зробленых нямецкімі вайскоўцамі ў часы ІІ усясьветнай вайны. Здымкі апрацавалі беларускія праграмісты, якія забралі іх на адмысловыя мапы дзеля зручнасці прагляду. Першая мапа была створаная на аснове Google Maps, другая — на ґрунце OpenStreetMap. Разрозьненьне здымкаў складае 3800 × 3800 піксэлаў, чаго дастаткова для таго, каб зразумець пляніроўку і пазнаць асобныя будынкі і збудаваньні.
На некалькіх картках ёсьць аэраздымка Воршы. Арыентуючыся на выгіны Дняпра і месца ўпаданьня ў яго Аршыцы, можна ўбачыць і стадыён. Дзеля зручнасьці мы вылучылі яго блакітнай рамкай. Толькі тут бачым незвычайнасьць, якую раней не апісвалі: стадыён месьціцца не на самым беразе Дняпра, як цяпер, а крыху „ўглыб“, ужо за будынкам гімназіі № 2 (раней Рэальная вучэльня, затым дасьледча-вытворчая сямігодка, затым школа № 1). Простакутнік стадыёну ў той час (а здымкі зробленыя ў пэрыяд 1941-1944) сваёй доўгай граньню быў простастаўным (пэрпэндыкулярным) у адносінах Дняпра, а не раўналежным (паралельным) як сёньня.
Як вядома, Аршанская дасьледча-вытворчая сямігодка паўстала ў 1921 годзе на базе колішняй Рэальнай вучэльні. Пры ёй, пра што сьведчаць і ўспаміны аршанцаў, зрабілі стадыён. Як цяпер бачым на здымках, ён быў крыху на іншым месцы, у некалькіх дзясятках мэтраў ад цяперашняга.
Сучасны выгляд стадыёну пасьля перабудовы 2008 г.
Публікацыі 1936 году.
Поле ў Воршы ў парку „Дынама“
Коментарі
Дописати коментар