Гісторыя слонімскага ножнага шпурляку. 1928 год. Сядзеньне ў Слоніме, гульні за казармамі, замоўчваньне прозьвішча судзьдзі

Гісторыя слонімскага ножнага шпурляку — адна з найбольш дасьледаваных у Беларусі. Як заўсёды, напярэдадні сустрэчы аршанцаў і слонімцаў мы публікуем чарговы ўрывак з краязнаўчых публікацый выданьня „Слонімскі край“. Гэтым разам размова пойдзе пра 1928 год. Цытуем бязь зьменаў:


Вясной-восенню футбольнае жыццё кіпела ў Пінску, Лунінцы, Брэсце, Гродне (там нават з’явілася каманда літоўскіх палітычных эмігрантаў), Беластоку, Ваўкавыску, Кобрыне, Баранавічах, Стаўбцах. Тыя ж Баранавічы ўдзельнічалі ў першынстве Віленскай акругі, Слонім — не. Амаль не было паездак на таварыскія матчы ў іншыя гарады. „Застой“ працягваўся… Адзіным пазітывам стала з’яўленне праекту пабудовы ў Слоніме стадыёна. На свята 3 траўня спартыўныя спаборніцтвы адбыліся „на пляцы за кашарамі (казармамі)“. Там жа яны праходзілі і восенню. 22 лістапада 1928-га газета „Zycie Nowogródzkie“ паведаміла пра з’яўленне ў Слоніме вуліцы 11 Лістапада, „якая ідзе ад вуліцы Жыровіцкай да вуліцы Шасейнай уздоўж праектаванага стадыёна“. Відаць, яго пабудова ў тым годзе нават не пачалася.



Цэнтральная спартыўная польская прэса мала пісала пра футбол у Слоніме, няшмат інфармацыі і ў рэгіянальных выданнях. Таму мы не ведаем пра ўсе матчы, якія праходзілі на Слонімшчыне. Але найбольш важныя паядынкі ўсё ж былі зафіксаваныя. Шмат тут залежыла ад наяўнасці карэспандэнта. Варшаўская газета „Przegląd Sportowy“ ў 1928 годзе такога мела. Гэта быў нейкі пан „P. Lub.“. Футбольны сезон-1928 стартаваў у нашым горадзе 19 траўня. У 16:30 пачаўся матч ŻKS Słonim — Kłub Sportovy Żyrowice (відавочна, што гэта каманда сельскагаспадарчай школы). Магчыма, яўрэйская каманда не сабрала свой мацнейшы склад, бо пацярпела разгромнае паражэнне — 0:9! У кароткай справаздачы падкрэслівалася, што „гульня праводзілася паводле ўсіх спартыўных правілаў“ і што ў жыровіцкай каманды „выбітная абарона“. На жаль, пра матч гэта ўся інфармацыя. 27 траўня Kłub Sportovy Żyrowice атрымаў запрашэнне прыехаць на футбольны матч у Ваўкавыск. Ці паехалі жыровіцкія хлопцы, пакуль невядома.


У чэрвені 1928 года адбыліся два матчы паміж WKS і аб’яднанай камандай ŻKS і Balladyny (гімназістаў). У газетнай публікацыі не ўдакладняецца, якое падраздзяленне прадстаўлялі вайскоўцы, але найхутчэй 79-ы полк. Першы матч скончыўся ўнічыю 3:3, у другім WKS святкаваў перамогу — 3:1. Сярод удзельнікаў гульняў лепшымі былі Равіцкі II (Rawicki II), Гжэсяк (Grzesiak), Вайнштэйн (Wajnsztejn), Шыманскі (Szymański). Нам вядома, што першы і трэці з’яўляліся гульцамі яўрэйскай каманды. Шыманскі і, відаць, Гжэсяк гулялі за вайскоўцаў.


У пачатку жніўня 1928-га ў Слоніме адбыўся цікавы матч. ŻKS выступала ў моцным складзе. У яе матчы з WKS 79 pp была зафіксаваная баявая нічыя 3:3 (2:0). У першым тайме дамінавалі футбалісты ŻKS, а на другі тайм у іх не хапіла сіл, чым і скарысталіся вайскоўцы. Найлепшыя сярод яўрэйскіх футбалістаў былі Зэлкіўскі (Zelkiwski), Равіцкі II i Палец (Palec) (у 1927-м ён выступаў за каманду Siła/Kraft). У складзе WKS выдатна гулялі ўжо вядомы нам Шыманскі і Замора (Zamora). У рэпартажы адзначалася, што „суддзя судзіў вельмі слаба“, прозвішча яго далікатна не называлася.


Апошні вядомы нам футбольны матч 1928 года прайшоў у Слоніме ў кастрычніку. WKS 79 pp выйграў у ŻKS — 3:2 (3:0). У вайскоўцаў найлепшымі на полі былі Даманскі (Domański), Шыманскі і Паўліцкі, у сапернікаў — Дукес (Dukies), Каплінскі і Вайнштэйн.

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

«Моўны інспэктар» Ігар Случак: «Калі беларуская мова зьяўляецца ў нейкай галіне, у 8 з 10 выпадкаў яна адтуль ужо не зьнікае»

55 гадоў удзелу ў першынстве СССР!

Кубак Беларусі, 1/16 фіналу. Старт (Ворша) — Дынама (Берасьце). Прадмова