У выканкаме думаюць, як збаёдаць каманду

Відавочна, уся ўвага Аршанскага райвыканкаму цяпер выключна на гакейным „Лякаматыве“, які, як кажуць, „на балянс“ месту яму перадалі зь Беларускай чыгункі, якая праз шэраг сваіх праблемаў ужо не магла цягнуць дружыну. Як мы ўжо пісалі раней, найбольш дарагія пераходы ў „Лякаматыў“ узгадняюцца з кіраўніком выканкаму Ігарам Марозам.


Тое, што ўлады раёну не зацікаўленыя ножным шпурляком, а дбаюць, хутчэй за ўсё, на загад, бо такая „лінія“ ў дзяржаве, пра гакей, даўно ня дзіва. У размове з bel.football загадчыца Адзьдзелу спорту і турызму Сьняжана Брузгіна толькі пацьвердзіла гэта. Яна сказала, што яшчэ ў чэрвені клюб пакінуў дырэктар Уладзімер Ларывонаў і што Мікалай Кітаёў разам з доктарам Сяргеем Мацулевым засталіся адзінымі, хто працуе з камандай. Гэта й так было вядома.





Таксама вядома, што ніхто не пагаджаецца на тыя нікчэмныя ўмовы, каб прыехаць у Воршу працаваць дырэктарам або ўвайсьці ў трэнэрскі штаб з Кітаёвым. Умовы, ды ня толькі з грашыма, зусім нікчэмныя.


Але далей адбылося сама характэрнае. У начальніцы спыталі, што будзе з клюбам, калі ён вылеціць у ІІ лігу. Брузгіна адказвае: „гэта не залежыць ад начальніка адзьдзелу. Усё залежыць ад гульні каманды“ (!!!) То бок, іншымі словамі, мы б’ем сваё дзіця, ня кормім яго і нават забараняем уключаць сьвятло ў час падрыхтоўкі дамашняга заданьня, але мы не разумеем, чаму ж яно ў нас кепска вучыцца! Цынізм і блюзьнерства гэтай нешаноўнай спадарыні — у кожным слове. А далей яшчэ весялей — „У ІІ лізе пераважна гуляюць аматарскія каманды. У такім выпадку будзе абмяркоўвацца дамэтнасьць існаваньня каманды“.


Вы чулі гэта? Бачылі? Клюб, які мае 74 гады гісторыі, які даходзіў да фіналу Кубку рэспублікі, можа зьнікнуць, бо так вырашаць дзядзькі і цёткі з выканкаму. А вырашаць, бо нашто ж ім „нагрузка на бюджэт“, як яны кажуць пра розныя рэчы. Лепей браць пад казырок і праводзіць паўмаратоны, перакрываючы асноўныя вуліцы Воршы, праз што людзі ня могуць дабрацца да працы ці вакзалу. Ну ды іншае цемрашальства.


У канцы тэксту проста ўспомнім сумны 2001 год, у якім адбыўся папярэдні падобны заняпад каманды, праз адсутнасьць увагі кіраўніцтва. Каб спадарыня Брузгіна ня думала, што адна такая. І каб лепей падумала разам з сваім начальнікам Марозам, ці хочуць яны далучыцца да сумнай славы папярэдніка Валянціна Майсеюка.


19 жніўня 2001 году. Шпурляры „Старту“, якія ўжо даўно ня бачылі заробку, вырашаюць затрымаць пачатак сустрэчы з „Зоркай-БДУ“ на 15 хвілінаў і ставяць патрабаваньне кіраўніку выканкаму Майсеюку: прыйсьці ў разьдзявальню і паглядзець у вочы гульцам. Майсеюк, як тыповы прызначаны чыноўнік, вядома ж, сасьлізгвае з сустрэчы, не прыходзіць. Каманда, тым ня менш, выходзіць на поле з увагі на больш як 1000 заўзятараў, якія, нягледзячы ні на што, прыходзяць на стадыён падтрымаць родную дружыну.


Зіма 2002 году. Гульцы і трэнэры блакітна-чорных зьбіраюцца на першую сустрэчу перад сэзонам. Усе ўпэўненыя, што наперадзе новы сэзон у І лізе. Аж раптам усім заяўляюць: грошай няма, і каманда ня будзе заяўленая нават у ІІ лігу. З успамінаў удзельнікаў той сустрэчы: некалькі дарослых мужчынаў, гульцоў каманды, у літаральным сэнсе плакалі, выйшаўшы на ґанак, пасьля такіх навінаў. У выніку, два наступныя сэзоны аршанцы выступаюць у першынстве Віцебскай вобласьці.

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

«Моўны інспэктар» Ігар Случак: «Калі беларуская мова зьяўляецца ў нейкай галіне, у 8 з 10 выпадкаў яна адтуль ужо не зьнікае»

55 гадоў удзелу ў першынстве СССР!

Кубак Беларусі, 1/16 фіналу. Старт (Ворша) — Дынама (Берасьце). Прадмова