Гомель-ІІ — Старт (Ворша). Прадмова
ПЕРАД СУСТРЭЧАЙ
Ніхто й не сумняваўся, што аршанскае кіраўніцтва папросіць першага спадужніка памяняцца палямі, адпаведна, першы хатні паядынак у „Старту“ будзе на выправе замест каляндарнага хатняга. Штогод наш стадыён расьпісваецца ў няздольнасьці падрыхтаваць поле да красавіка. Ладна паўднёвы Гомель, але што наконт Смаргоняў і Ліды? Чаму там заўсёды пасьпяваюць падрыхтаваць траўнік да сэзону, а ў Воршы не?! Пытаньне шмат гадоў застаецца без адказу, як і адна акалічнасьць, якая яскрава паказвае, што наша кіраўніцтва ня дбае пра прэстыж клюбу, — адсутнасьць вымпэлу пры абмене, уласна, вымпэламі. У папярэднія гады нярэдка была гісторыя — капітан спадужнікаў дае свой, а наш капітан у адказ ня мае такога ж вымпэлу з аршанскай эмблемай. Быццам дробязь, але насамрэч ганьба.
Што тычыцца нашага спадужніка, дык нічога істотна не памянялася — фэдэрацыя ня выключыла дублёравыя каманды з І лігі, таму мірымся зь імі, што ж. Абы толькі ня ў пляне нічыіх, бо хочацца аршанскай перамогі.
Цікава, што гомельскаму стадыёну „Лякаматыў“, на якім адбудзецца сустрэча, сёлета спаўняецца 100 гадоў. Дзелімся здымкам зь мінуўшчыны гэтага стадыёну. Цяпер усё там выглядае зусім іначай.
ІМГНЕНЬНЕ ГІСТОРЫІ
6 красавіка 25 гадоў таму аршанцы рыхтаваліся да сэзону 2001 году і правялі таварыскую сустрэчу з магілёўскім „Дняпром-Трансмашам“. У той гульні перамогу здабылі магілёўцы — 2:0.
А 8 гадоў таму (2018) ў гэты дзень аршанцы якраз пачыналі першынство І лігі, прычым гулялі супраць гомельскага „Лякаматыву“. Адно сустрэча была ня ў Гомлі, а ў Хвойніках на стадыёне СДзЮШАР. Намінальныя гаспадары поля панесьліся ў атаку ад першых хвілінаў. На 19-й хвіліне гамяльчук Сідарэнка не агадаў з карнага боцу — наш брамнік Камінскі ўгадаў ягоныя намеры. А далей Уладзіслаў Знак загнаў дзьве кочаўкі і прынес стартаўцам перамогу 2:0. Узімку 2026 году гомельскі „Лякаматыў“ расфармавалі, цяпер на ягоным стадыёне будзе гуляць толькі дублёравы склад „Гомлю-ІІ“.
ЯК БЫЛО?
Гэтаму спадужніку мы не прагульвалі да мінулага году, але затым такі момант наступіў. Падрахунак процістаяньня „Старт“ — „Гомель-ІІ“*: 6 сустрэчаў, +4=1-1, 17-9
2004 Старт — Гомель-СДзЮШАР* — 4:2
2004 Гомель-СДзЮШАР — Старт — 1:4
2010 Гомель-ІІ — Старт — 0:2
2010 Старт — Гомель-ІІ — 1:1
2025 Гомель-ІІ — Старт — 2:5
2025 Старт — Гомель-ІІ — 1:3
*у спадужніка пазначаная назва на момант гульні.
ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
Сустрэча адбудзецца ў Гомлі на штучным полі стадыёну „Лякаматыў“. Панядзелак, 6 красавіка, пачатак а 17:00.
Коментарі
Дописати коментар