Маладэчна — Старт (Ворша) — 3:0
Пасьля перамогі „на сьцяжку“ ў першым туры другі стаў для аршанцаў кашмарам. У камнады не атрымалася нічога, з сама першых хвілінаў маладачанскія шпурляры захапілі перавагу, ужо на 9-й адкрылі лік, а далей толькі кантралявалі хаду сустрэчы і часта пагражалі браме Валадзькова. У нашых добры момант меў Жалезьнікаў, былі яшчэ вартыя ўвагі эпізоды, але гульня была разарваная, несыстэмная, а гуляючы так, перамагчы моцнае на меркі І лігі „Мола“ немагчыма.
Першая перамога „Маладэчны“ пасьля прыходу ў каманду Юрыя Пунтуса — славуты трэнэр не прыходзіў бы ў каманду без акрэсьленай задачы вярнуцца ў Вышнюю лігу. І ў аршанцаў не знайшлося ніякіх контрааргумэнтаў.
Перад сэзонам, у час ацэнкі складу каманды, у нашым асяродзьдзі вынікла спрэчка з палюсамі. Хтосьці лічыць склад слабейшым за леташні, а хтосьці бачыць узмацненьне. У канцы першага кола стане ясна, хто меў рацыю. Пакуль забываем кепскае і думаем пра наступную сустрэчу, у якой згуляем зь „Юні Ікс Лабс“.
СТАРТ: Валадзькоў, Тарбякоў, Бабчанок, Ціхаміраў (Пашкевіч, 64), Агееў (Камароў, 72), Стаін, Воўчанка, Вехцеў (Беразун, 55), Жалезьнікаў (к), Шалычаў (Кулеш, 72), Бардукоў.
===========
У статыстычнай частцы адзначым, што папярэднім разам у Чысьць аршанцы прыяжджалі 27 кастрычніка 2018 году, калі ў гульні І лігі перагулялі „Чысьць“ 3:2. Дубальт тады зрабіў Уладзіслаў Кабачэўскі, яшчэ адзін гол быў на рахунку Максіма Грачыхі.
Лік 3:0 ужо двойчы дагэтуль сустракаўся сярод вынікаў. У 1977-м маладачанская „Сэлена“ такім чынам разграміла „Старт“. Затое ў сэзоне 1992/93 ужо аршанцы пабілі праціўніка 3:0, тады спадужнікі называліся „Электрамодулем“. У той гульні двойчы вызначыўся Аляксандар Лебедзеў, яшчэ раз загнаў Віктар Шамбоўскі.
Гэта была ўжо 54-я сустрэча калектываў, ні з кім аршанцы не сустракаліся часьцей у заліковых паядынках. „Маладэчна“ здабыла 26-ю вікторыю, у аршанцаў засталося 15.
Глеб Жалезьнікаў правёў 142-ю сустрэчу за родны клюб і зраўняўся з Аляксандрам Паповічам у гэтым паказьніку. Яны займаюць 16-е месца ў колькасьці паядынкаў за ўсю гісторыю.
У сваю чаргу, Іван Беразун надзеў кашулю „Старту“ ў 122-і раз у жыцьці. Ён выйшаў на 23-е месца ў пераліку старажылаў, дагнаў Васіля Коскіна.

Коментарі
Дописати коментар