Слонім — Старт (Ворша) — 1:2
Заслужаная перамога блакітна-чорных у Слоніме! Два папярэднія паядынкі, з дублёравымі складамі БАТЭ-ІІ і „Дынама-ІІ”, прайшлі для аршанцаў пад знакам сьціжмы прапушчаных магчымасьцяў. Каманда загнала значна менш, чым магла. У Слоніме аршанцы прапусьцілі першымі, але вельмі пільна згулялі гэтым разам на розных участках поля. Шмат памылак спачатку было ад Кудзінава, але пазьней менавіта ягоная рашучасьць і тэмп разагналі каманду да патрэбных магутнасьцяў. Бясстрашна дзейнічаў Шалычаў, які правёў, мабыць, свой найлепшы паядынак гэтага сэзону. Заслугоўваюць за ўмелыя дзеяньні адзначэньня таксама Бардукоў і Валадзькоў. З прыходам Александровіча ў сярэдзіне поля ў нас зьявілася больш варыяцыйнасьці і стваральнага чыньніку. На 42-й хвіліне Ціхаміраў, які вельмі рана замяніў пашкоджанага Пашкевіча, зраўнаў лік пасьля пасу Шалычава. У другой палове аршанцы таксама выглядалі ўпэўнена. На 57-й Жалезьнікаў агадаў браму слонімцаў, і гэты гол, як высьветлілася, стаў для стартаўцаў пераможным — 2:1! ...