БАТЭ-ІІ (Барысаў) — Старт (Ворша). Прадмова
ПЕРАД СУСТРЭЧАЙ
Мала таго, што ўдзел другіх камандаў клюбаў Вышняе лігі крытыкуюць, дык тыя яшчэ й гуляюць не ў сваіх местах. Гэта мы пра наступнага спадужніка стартаўцаў — барысаўскі БАТЭ-ІІ. Барысаўчане й так у вялікай масе працуюць у Менску, і складана ўявіць, што яны паедуць у сталіцу яшчэ ў свой выходны, каб паглядзець на дублёраў. А калі не барысаўчане, дык хто пойдзе глядзець на дублёравы склад БАТЭ? Гайсакі іншых клюбаў? Пара журналістаў, якіх адправілі на „Алімпійскі“ на ўсе вятры з рэдакцыйным заданьнем? Так, яны. Яшчэ дадайце некалькі аршанцаў, якія прыедуць у Менск паглядзець ужо на нашу каманду. А вось менскай публікі там не дачакацца — у сталіцы й так у мінорных лігах наведвальнасьць слабая, а тут яшчэ й чужыя дублёры.
Каманда Віталя Рагожкіна ў трох турах яшчэ не здабыла ніводнай перамогі, яна ідзе ніжэй за аршанцаў. Папярэднія гульні барысаўскіх шпурляроў увабралі хатнюю нічыю са „Смаргонямі“, гасьцявую з пінскай „Хваляй“ і буйную паразу ў Гомлі ад „Паперапраму“.
Прынцыповасьць гульні для аршанцаў у тым, што летась блакітна-чорныя былі дэклясаваныя дублёрамі БАТЭ зь лікам 2:7. Невядома, ці будзе ўспамінаць пра гэта перад новым складам новы трэнэр Дзьмітры Суздальцаў, але аршанцам дакладна трэба падрыхтавацца да гэтай выправы перадусім фізычна. „Старт“ нярэдка пачынае падсядаць у руху пасьля гадзіны сустрэчы, а маладыя барысаўчане гатовыя такую ласку выкарыстаць, калі яна зьявіцца.
ІМГНЕНЬНЕ ГІСТОРЫІ
25 красавіка 45 гадоў таму (1981) стартаўцы толькі пачыналі сэзон. У той дзень у першынстве рэспублікі блакітна-чорныя мінімальна саступілі магілёўскаму „Тарпэда“ 0:1. Каманды ў тым годзе ня выйшлі ў вырашальны этап, яны фінішавалі побач — аўтазаводцы Магілёва сталі 7-мі, аршанцы 8-мі сярод 12 камандаў. Праўда, розьніца ў пунктах была адчувальнай — 5. Тады, нагадаем, за перамогу давалі толькі 2 пункты, таму адлегласьць у паўдзясятка пунктаў была больш істотнай, чым цяпер.
ЯК БЫЛО?
З другой камандай БАТЭ аршанцы сустракаліся ў двух першынствах запар. Ня выгулялі яшчэ ніводнага паядынку. Лічбы процістаяньня „Старту“ і БАТЭ-ІІ: 4 сустрэчы, +0=1-3, 3-17
2024 Старт — БАТЭ-ІІ — 1:1
2024 БАТЭ-ІІ — Старт — 4:0
2025 БАТЭ-ІІ — Старт — 7:2
2025 Старт — БАТЭ-ІІ — 0:5
ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
Гульня адбудзецца ў суботу, 25 красавіка ў Менску на стадыёне САК „Алімпійскі“ на вуліцы Сурганава 2А і пачнецца а 16-й гадзіне.

Коментарі
Дописати коментар