Старт (Ворша) — СКА-1938 (Менск). Прадмова
СТАНОВІШЧА НАПЯРЭДАДНІ
СКА-1938 цудоўна пачаў першынство, у клюбу 17 пунктаў і 3-і радок у табліцы. Колішніх гульцоў „Старту“ ў складзе „армейцаў“ няма, узначальвае калектыў вядомы ў мінулым брамнік і трэнэр „Гомлю“ Аляксей Мяркулаў. Калі сярэдні век аршанцаў складае 24 гады, што таксама азначае досыць малады склад, дык у СКА-1938 толькі 20,2 года. Юнаногія і шпаркія, з такімі аршанцам будзе няпроста.
Мяркулаў найчасьцей карыстаецца расстаноўкай 4-1-4-1. Найбольш выніковы гулец — 21-гадовы правы інсайд Даніла Чуль, які ў гэтым першынстве ўжо адзначыўся 4 галамі і 3 перадачамі. Стрымаць яго будзе першаснай задачай Шалычава і Тарбякова.
ІМГНЕНЬНЕ ГІСТОРЫІ
Упершыню стартаўцы згулялі заліковы паядынак 30 траўня толькі ў 1993-м. Тады ў Д3 першынства Беларусі аршанцы сустрэліся ў гасьцях у Менску з „Трактарам“. Тады сустрэча завяршылася паразай 0:2.
ЯК БЫЛО?
У 9-м туры нацыянальнага першынства ў І лізе стартаўцы прымуць каманду, якую АБФФ запісвае як „РЦАП-Стайкі“, але сам клюб — чарговая рэінкарнацыя менскіх армейцаў і з гэтай зімы носіць суворую назву СКА-1938. Вядома, спасылка на карані клюбу, але мы ж разумеем. У краіне, дзе пануе нэасталінізм, дзе зьбіраюцца вярнуць у Менск помнік крываваму камуністычнаму забойцу Джуґашвілі, няма нічога дзіўнага, што вяртаюцца й такія назвы.
Агулам у СССР, а таксама ў моцна ці ўскосна падначаленых Маскве „народных“ рэспубліках (Польшчы, Румыніі, Вугоршчыне, Баўгарыі…) ножны шпурляк строга залежаў ад арганізацыі. Не магло быць нейкіх там раённых камандаў, чагосьці падобнага — яны або абвяшчаліся „буржуазнымі“ з наступнай ліквідацыяй, або пераходзілі пад патранат нейкай структуры, зьмяняючы назву. Калі дакопвацца, дык добра — наш клюб таксама „прадукт камуністычнай сыстэмы“, проста таму, што нарадзіўся ў савецкую эпоху, яшчэ пры згаданым Сталіне. Але мы маем карані на заводзе, у асяродку працоўных. Асобнай „кастай“ былі ведамасныя клюбы, якія належалі розным міністэрствам і ўтварэньням падобнага кшталту. А ўжо сярод іх асобную групу складалі „армейска-міліцэйскія“ каманды. Яны карысталіся законам пра абавязковы прызыў на тэрміновую службу ў войска, і „вэрбавалі“ да сябе, найчасьцей у прымусовым парадку, юных адораных гульцоў, да якіх маглі дацягнуцца іхныя рукі.
Ня толькі менскі СКА пад рознымі назвамі ў савецкую эпоху рабіў падобнае. Вайсковыя карані мае, напрыклад, і пінская „Хваля“, якая штогод сьцягвала адораных шпурляроў у „матросы“ пад выглядам „тэрміновай службы“. Дык што ж са сталічнымі армейцамі?
З бачыны клюбу ў Сеціве не зразумець, што ў СКА-1938 уважаюць за адпраўны пункт: год у назьве; 1924-ы, калі ў Смаленску паўстаў „Дом Чырвонай Арміі“, ці 1947-ы, як напісана на стартавай. Таксама вельмі сумнеўныя словы пра „клюбную ідэнтычнасьць“, якая нібыта захавалася, бо… гульцы расфармаванага ў 1976-м СКА перайшлі ў менскае „Тарпэда“. Ну тады можна казаць і пра тое, што захавалася тоеснасьць менскае „Атакі-Аўры“, гульцы якой масава пасьля роспуску клюбу перайшлі ў барысаўскі БАТЭ.
Пра смаленскую частку гісторыі на старонцы менчукі амаль ня згадваюць, мабыць, каб не нагадваць расейцам пра беларускія карані Смаленшчыны. А да менскага пэрыяду быў пэрыяд бабруйскі. У найноўшы час гісторыя менскага СКА ўвасобілася ў „Зорцы-ВА-БДУ“, якую затым пераназвалі ў „Энэргетык-БДУ“. У назьве бачная й няўпэўненасьць. Напрыклад, пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны кіеўскі СКА неўзабаве стаў называцца ЦСКА, бо Ц — цэнтральны. У незалежнай жа Беларусі назваць каманду ЦСКА баяцца — відаць, глядзяць на Маскву. Таму клюб армейскі, але не „цэнтральны“.
А гісторыя ў армейцаў ёсьць, і не абы-якая. Часта „армейска-міліцэйскія“ клюбы вельмі залежалі ад пастаянных фармаваньняў-расфармаваньняў з боку ўладаў. Зьмяняліся акругі, гарнізоны, што не прыносіла стабільнасьці. Затое стабільна біла крыніца маладых шпурляроў прызыўнога веку. З клюбам зьвязаныя й лёсы некалькіх знаных аршанскіх гульцоў. Сярод іншых, гэта Манькоўскі, Бірукоў, Леановіч, Шынкевіч. Менскі СКА больш вядомы ў сьвеце ручнога шпурляку, дзе ён 3 разы браў Кубак чэмпіёнаў і 2 разы Кубак кубкаў, быў наймацнейшым клюбам Эўропы. Але і ў ножным шпурляку праславіўся нямала, напрыклад, 8 разоў (больш за ўсіх) станавіўся чэмпіёнам БССР (1934, 1935, 1940, 1946, 1950, 1952, 1964, 1965). Пра гісторыю клюбу ў 2021 годзе выйшла кніга „СКА Минск: на срочной службе у футбола“, дзе пра летапіс менскіх армейцаў можна прачытаць падрабязьней.
А цяпер да ўзаемінаў клюбаў. Яны вельмі даўныя. Падрахунак процістаяньняў стартаўцаў Воршы з армейцамі Менску: 26 сустрэчаў, +5=4-17, 20-49
1964 СКА* — Старт — 5:1
1973 СКА — Старт — 1:0
1973 Старт — СКА — 0:2
2008 Зорка-БДУ — Старт — 3:0
2008 Старт — Зорка-БДУ — 1:2
2009 Старт — Зорка-БДУ — 0:2
2009 Зорка-БДУ — Старт — 2:0
2010 Зорка-БДУ — Старт — 4:0
2010 Старт — Зорка-БДУ — 2:4
2011 Старт — Зорка-БДУ — 1:2
2011 Зорка-БДУ — Старт — 0:2
2012 Зорка-БДУ — Старт — 3:0
2012 Старт — Зорка-БДУ — 0:1
2013 Зорка-БДУ — Старт — 2:0
2013 Старт — Зорка-БДУ — 1:0
2015 Старт — Зорка-БДУ — 3:0
2015 Зорка-БДУ — Старт — 1:0
2016 Старт — Зорка-БДУ — 0:0
2016 Зорка-БДУ — Старт — 0:3
2017 Энэргетык-БДУ — Старт — 1:1
2017 Старт — Энэргетык-БДУ — 1:0
2018 Энэргетык-БДУ — Старт — 4:0
2018 Старт — Энэргетык-БДУ — 0:1
2020 Старт — Энэргетык-БДУ — 1:6
2024 Старт — Энэргетык-БДУ — 2:2
2024 Энэргетык-БДУ — Старт — 1:1
*пазначаная назва спадужніка на момант правядзеньня сустрэчы. У аршанцаў — заўсёды „Старт“.
ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
Гульня адбудзецца на мескім стадыёне Воршы ў суботу, 30 траўня. Пачатак а 15-й гадзіне.



Коментарі
Дописати коментар