75 гадоў аршанскаму „Старту“!
Шэраг клюбаў мае ў
сваіх архівах устаўныя дакумэнты і таму з дакладнасьцю да дня можа
назваць сваю дату заснаваньня. Але мноству клюбаў пашанцавала меней. Дзесьці
былі нядбайныя кіраўнікі, якія згубілі першыя дакумэнты, дзесьці перашкодзіла
вайна, дзесьці частыя пераезды або стыхійныя здарэньні. І тады датай
заснаваньня ўважаюць дзень першага задакумэнтаванага паядынку альбо
найстарэйшага зарэгістраванага дакуманту.
Ворша сярод тых,
каму пашанцавала меней. Як жа нам арыентавацца? Чаму менавіта 20
ліпеня мы пачалі называць днём заснаваньня „Старту“? Трэба патлумачыць.
Найпазьней
у 1950-м годзе ў Воршы паўстала спартовае таварыства „Праца“
(у расейскамоўнай прэсе падаваўся расейскамоўны пераклад — „Труд“.
Таварыства, зрэшты, было ня толькі беларускім, яно было агульнасавецкім,
вузы „Працы“, як і „Лякаматыву“, „Тарпэда“, „Спартаку“, іншых існавалі ў
розных рэспубліках і местах СССР). „Найпазьней“, бо, магчыма, яно існавала ўжо
крыху раней, але дакумэнтальныя згадкі пра яго „Радыё Аршыца“ знайшла менавіта
за 1950 год. Таварыства на нарадзе ў мясцовай уладзе
скрытыкавалі за тое, што ім кіруюць нядбайна. Гэта дазваляе думаць, што
такой магла быць гадавая ацэнка дзейнасьці „Працы“, а тое ўскосна
сьведчыць, што таварыства паўстала ў 1949-м або яшчэ раней. Але пры адсутнасьці
дакумэнта, які бы гэта засьведчыў, пакуль гаворым пра 1950 год.
Таварыства
культывавала спорт і гімнастыку сярод рабочых станкабудаўнічага заводу „Чырвоны
барацьбіт“ (адпачатна — завод Славінскага, або завод Славінскага і
Ясінскага). Не пазьней за 1951-ы ў таварыстве стварылі вузу ножнага
шпурляку. Зноў жа, магчыма, і раней, але згадка пра першыя гульні адносіцца
да кастрычніка 1951-а. І менавіта 26 кастрычніка, калі „Праца“ згуляла
зь „Лякаматывам“ першы стыкавы паядынак за права прадстаўляць Воршу ў
першынстве БССР, мы лічылі адпраўным пунктам для клюбу.
Хаця ўжо тады было
відавочна, што каб зарабіць права на гэтыя стыкі, „Праца“ мусіла перамагчы
або стаць другой у аршанскім першынстве. Значыць, была другой,
бо чэмпіёнам места ў той год стаў „Лякаматыў“. Значыць, „Праца“ праводзіла
гульні й да кастрычніка. Але старэйшых за той пратаколаў
мы не знайшлі.
Першымі колерамі
каманды былі блакітны і чорны, гэта зафіксавана ў першых пратаколах гульняў. І
тут мы падыходзім да таго, як адшукалася новая, больш
справядлівая дата. Зноў жа, гэта не пра дакумэнтальнае сьведчаньне
зь пячаткай пра дакладныя дзень і месца заснаваньня „Працы“, але гэта —
ПЕРШАЯ ДАКУМЭНТАЛЬНАЯ ЗГАДКА ДРУЖЫНЫ. Для 1950-х гадоў важнай, а часта
адзінай крыніцай былі ґазэты. А пагатоў — цэнтральная прэса,
то бок друк, разьлічаны на шырокага спажывальніка.
У № 168 (9276) маскоўскай ґазэты „Труд“ 20 ліпеня 1951, году надрукавалі ліст у рэдакцыю. Сябра заводзкага камітэту
„Чырвоны барацьбіт“ „Е.Назаров“ і сакратар камітэту камсамолу на заводзе
„Е.Клушин“ напісалі ў цэнтральную ґазэту пра футбольныя сустрэчы ў Віцебску,
дзе аршанская „Праца“ сустракалася з камандай „Чырвоны сьцяг“. Падаем поўны
тэкст ліста ў перакладзе з расейскай на беларускую мову:
„Аршанская
футбольная каманда ‚Праца’ — калектыў малады. Але ён шмат спартуе,
з кожнай гульнёй усё больш авалодвае спартовым майстэрствам. Пасьля
перамог у некалькіх сустрэчах у Воршы, каманда ‚Праца’ (аршанскі
станкабудаўнічы завод ‚Чырвоны барацьбіт’) выйшла ў фінал разыгранкі кубку
аблсаўпрофу і была запрошаная ў Віцебск для сустрэчы зь мясцовай камандай
‚Чырвоны сьцяг’ (фабрыка ‚Сьцяг індустрыялізацыі’).
У Віцебску
ніхто гасьцей не сустрэў, хаця, цалкам натуральна, яны разьлічвалі
на праяву элемэнтарнай ветлівасьці, агульнапрынятай сярод савецкіх людзей.
Гаспадары выявіліся зусім не гасьціннымі. Толькі з абвестак аршанскія
шпурляры даведаліся, што гульня пачнецца, а 19-й гадзіне.
Пачаліся
спаборніцтвы. Праходзілі яны ў двухбаковавострым змаганьні. Зь першых
хвілінаў другой паловы гульні аршанцы ўзмацняюць атаку і суладнай гульнёй
даводзяць лік да 4:2 на сваю карысьць.
Гульня
працягвалася, але ўжо ня толькі на шпурляковым полі, але
й за ‚кулісамі’. У сваю ролю ўвайшоў старшыня абласнога камітэту
фізычнай культуры і спорту Іваноўскі. Ён заявіў: ‚калі Ворша
й выгуляе, кубак усё адно застанецца ў Віцебску’. Іваноўскі выступіў
у вельмі несамавітай ролі заўзятара-абываталя.
Гульня скончылася
зь нічыйным вынікам — 5:5. Паводле статуту, сустрэчу працягнулі яшчэ
на 30 хвілінаў. Аршанцы загналі шосты гол у браму Віцебску і, такім
чынам, здабылі перамогу.
Здавалася, што
паводле існых правілаў, прыз уручаць аршанскай футбольнай камандзе ‚Праца’. Але
на наступны дзень Іваноўскі і іншыя пасьпешліва афармляюць яўна незаконную
пастанову: кубак і граматы ўручыць віцебскай камандзе ‚Чырвоны сьцяг’.
Мы спадзяемся,
што абласны савет прафсаюзаў і выканкам Віцебскага абласнога савету дэпутатаў
працоўных вынесуць у гэтым пытаньні справядлівае рашэньне.
сябра заводзкага
камітэту заводу ‚Чырвоны барацьбіт’ Назараў і сакратар камітэту камсамолу
заводу ‚Чырвоны барацьбіт’ Клушын“.
Чым скончылася тая
гісторыя мы пакуль ня ведаем, пазьнейшых публікацыяў на гэтую
тэму мы яшчэ не знайшлі.
У 1952-м Завод
ацяпляльных катлоў (ЗАК) ператварылі на завод лёгкага машынабудаваньня
„Лягмаш“. Таварыства праца зьявілася й там, а неўзабаве на „Лягмаш“
перамясьціўся і цэнтар аршанскага ножнага шпурляку, разам з шэрагам
гульцоў, якія адначасна на асноўнай працы былі рабочымі. У 1965-м
каманду назвалі „Стартам“. Летапіс клюбу працягваецца па сёньня.
Стартаўцы,
з 75-годзьдзем роднага клюбу ўсіх нас!!! Ён быў „Працай“, ЗШМ,
„Машынабудаўніком“, „Лягмашам“, „Максімам“, цяпер проста „Ворша“, насіў розныя
прыстаўкі. Але заўсёды заставаўся нашым, любым і адзіным клюбам. Дзёньнік
„Радыё Аршыца“ шчыра дзякуе нашым чытачам за падтрымку рознымі спосабамі,
за шанаваньне нашае працы і дапамогу ў пошуках.
Бог ахоўвае „Старт“. Няхай высока залунае наш блакітна-чорны сьцяг! Слава Воршы!

.%2020%20%D0%BB%D1%96%D0%BF%D0%B5%D0%BD%D1%8F%201951,%20%D0%A7%D1%8B%D1%80%D0%B2%D0%BE%D0%BD%D1%8B%20%D1%81%D1%8C%D1%86%D1%8F%D0%B3%20%D0%92%D1%96%D1%86%D0%B5%D0%B1%D1%81%D0%BA%20-%20%D0%9F%D1%80%D0%B0%D1%86%D0%B0.%20%D0%A1%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D0%B4%D0%B0%D0%BB.jpg)
Commenti
Posta un commento