Адзявай калычы, кашуля адпрасаваная! Да пытаньня пра строі „Старту“
Строі беларускіх ножнашпурляковых камандаў — складаная тэма для дасьледаваньня. У кнізе „На ‚Старт’ і ў ‚Тэмпе’! Ножны шпурляк на Аршаншчыне“ ёсьць асобны разьдзел пра строі дружынаў, але там пазначаныя два складнікі з трох — кашулі і майткі. Чаму? Бо пры напісаньні ґрунтаваліся на дакумантах — перадусім пратаколах гульняў, а яшчэ апісаньнях у друку, здымках і ўспамінах гульцоў і заўзятараў. Паперы, якія дазвалялі безумоўна пацьвердзіць колер у канкрэтным сэзоне, падавалі толькі дзьве графы — кашулі і майткі.
Строй шпурляра мае трэці важны складнік — калычы (гетры). Савецкія, ды і беларускія часоў незалежнасьці пратаколы іх адстаўлялі ўбок, зрэшты, як і ў шэрагу іншых краінаў. Але калычы — частка тоеснасьці каманды, можа не такая заўважная, але істотная.
Першыя гульцы надзявалі доўгія ваўняныя шкарпэткі, але ўнармаванасьці не існавала — яна зьявіцца толькі ў пачатку ХХ стагодзьдзя, калі абавязковымі стануць шчыткі на галёнцы, а калычы будуць добра надавацца на тое, каб дапамагаць іх трымаць. Адпаведна, у тыя ж часы паўстаў абавязак гульні ў аднастайных строях, таму й калычы мусілі быць супольнага з іншамі палявымі гульцамі колеру. Тады ж клюбы пачалі задумляцца над тым, якія барвы выкарыстоўваць на іх.
Напрыклад, нямецкі „Франкфурт 1899“ сьпярша гуляў ва ўсім чорным, але такія колеры не адрозьніваліся ад тых, у якіх гулялі іншыя клюбы Гесэну. Тады каманда дадала на кашулі сінія палоскі, майткі купіла белыя, а калычы — зялёныя.
Іншы прыклад дамэтнай зьмены — ангельскі „Портсмут“, які да ІІ усясьветнай вайны выступаў у чорных калычах, але пасьля пачаў гуляць у чырвоных. Заўзятарам клюбу быў фэльдмаршал брытанскага войска Бэрнард Мантґомэры, і чырвоны замяніў чорны на калычах дзеля ўшанаваньня палеглых на палёх бітваў брытанскіх вайскоўцаў. Зваротнай зьмены праз гады не адбылося — чырвоныя калычы частка асноўнага строю „помпі“.
Прыкладаў можна падаваць яшчэ болей, але сэнс зразумелы. У аматарскім ножным шпурляку, зрэшты, важнасьць гэтага складніку часам зьмяншаецца — дружыны ашчаджаюць на выдатках, „забываючы“ набыць аднолькавыя для ўсіх калычы. На пачатку 2000-х, напрыклад, у Воршу на гульню абласнога першынства прыехаў „Даламіт“ з Рубы, там частка гульцоў была ў звычайных шкарпэтках, і нават 11 аднолькавага колеру майткоў не адшукалася. Адылі тое вынятак, зазвычай у камандзе ўсё падбіраюць як мае быць.
Сучасныя тэхнічныя фундатары клюбаў — знакамітыя Puma, Adidas і іншыя — экспэрымэнтуюць са строямі, часта абмінаючы традыцыі. Напрыклад, на Кубку сьвету 2026 году Ангельшчына гуляла не ў цёмна-сініх майтках, а Калюмбія замяніла сінія майткі і чырвоныя калычы на белыя, хаця яны раней не выкарыстоўваліся пад жоўтую кашулю, і наогул папярэдняе спалучэньне ўтварала колеры і парадак палосаў на сьцягу краіны. Цяпер некаторыя гульцы надрываюць свае калычы, утвараючы там дзіркі „для паветра“ і „для вольнасьці“.
Як наагул можна непаважна ставіцца да калычоў, калі менавіта яны аблягаюць галоўную (пасьля ґлуздоў) частку цела шпурляра? Паспрабуем паглядзець, якія спалучэньні і колеры выкарыстоўвалі за гэтыя 75 гадоў у аршанскім „Старце“. Некаторыя чорна-белыя здымкі расфарбуем.
На адным з найбольш старых здымкаў каманды, вядома, чорна-белым, які, праўдападобна, адносіцца да 1957 году і заваяванага Кубку Воршы, бачым на нагах ЗШМ (так тады называўся наш клюб) і іхных спадужнікаў калычы з тонкімі палоскамі. Калярызацыя таксама няздольная з упэўненасьцю ў 100% аднавіць стары колер, нездарма фотамайстры часта пытаюць уладальніка здымка, якія колеры былі ў арыгінале. Нярэдка ўладальнік сказаць з поўным перакананьнем ня можа, бо ня ведае. На гэтым здымку, відавочна толькі тое, што калычы ў нашых шпурляроў сьвятлейшыя за майткі. Кашулі былі белымі альбо нябесна-блакітнымі, майткі чорнымі або цёмна-сінімі, выглядае так.
Калычы штучны інтэлект зрабіў крыху лагаднейшымі ў глыбіні колеру за майткі, з палоскай, падобна, карычневага колеру. А вось брамнік Рыгор Татарынаў дакладна мае дзьве белыя палоскі і адну цёмную паміж імі. ШІ зьмеркаваў, што калычы былі карычневымі, а паміж белымі была цёмна-сіняя палоска.
На здымку зь мескага стадыёну ў 1960-м бачым, што калычы, праўдападобна, у палявых засталіся тыя ж самыя, а ў брамнікаў сталі чорнымі або цёмна-сінімі.
На фота перад адной з гульняў у 1960-х добра відаць, што калычы былі белымі.
Здымак 1969 году, калі стартаўцы сталі чэмпіёнамі Віцебскай вобласьці, нібы паказвае сінія кашулі, белыя майткі. Тое, што наша каманда ў тым годзе выступала ў такіх строях нароўні з традыцыйнымі „блакітны верх — чорны спод“, пацьвярджаюць і пратаколы. Калычы, падобна, таксама былі сінія (або блакітныя) зь дзьвюма белымі палоскамі.
У 1971 годзе асноўнымі кашулямі нашай каманды былі чырвоныя, а майткі і, як бачым на здымку перад гульнёй з вэтэранамі Масквы, калычы былі белымі.
Былі ў „Старту“ й паласатыя калычы. Звычайна, купля новых строяў адбывалася перад новаю парою (а больш за адну гульнявую пару звычайны савецкі камплект спартовай экіпіроўкі не вытрымліваў). Быў вынятак — замежная паездка. У часы СССР падобнае здаралася гады ў рады, а ў гісторыі „Старту“ дык наогул толькі аднойчы. У 1974-м пад 25-годзьдзе стварэньня Нямецкай дэмакратычнай рэспублікі нашу каманду запрасілі ў Айзэнґютэнштат і Зэеляў на таварыскія паядынкі.
Падобна, пад тую паездку камандзе далі грошы на новыя строі. З пратаколаў ведаем, што аршанцы выступалі тады ў сініх кашулях і белых майтках, а гасьцявымі строямі былі белыя кашулі і чорныя майткі. Тады ж выкарыстоўваўя й трэці камплект — хіба адзіны раз у гісторыі дружына прымерыла салатавыя кашулі, але якія былі пад іх калычы зьвестак няма. Гасьцявы строй бачым на Леанідзе Барэйшы на гульні ў Магілёве — там калычы цёмныя, праўдападобна, сінія, зь белым шырокім верхам.
Але гульні зь немцамі, як першыя — дома на стадыёне „Лякаматыў“, гэтак і гасьцявыя ўжо ў Нямеччыне, наша каманда правяла ў новых паласатых калычах, якія да той паездкі на здымках не заўважаныя. З увагай на тое, што дакуманты тае пары гавораць нам пра тое, што асноўнымі былі сінія кашулі, можна зрабіць выснову, што на чорна-белых здымках якраз яны, белыя майткі, а паласатыя калычы ўвабралі сіні і белы колеры.
У 1977-м на гульні з тымі ж масквічамі бачым тое, што нам падказваюць дакуманты таго году — кашулі і калычы белыя, а майткі чорныя.
Той самы колер калычоў захоўваецца і ў 1984-м, што бачым на ўжо каляровым здымку, зробленым перад гульнявою парою.
А вось за год да таго, у 1983-м каляровы перадсэзонны здымак усёй каманды паказвае нам, што калычы былі пад колер кашулі — чырвонымі, але зь белым верхам. Белымі ж былі каўнерыкі і палоскі на рукавах.
У 1989-м, калі „Старт“ адраджаўся пасьля нядоўгага занядбаньня, калычы былі белымі або жоўтымі (у той год найчасьцей гулялі ў жоўтых кашулях) з адной цёмнай паласой уверсе.
У першынстве 1993/94, якое запомнілася выкарыстаньнем незвычайнай для нас бардовай кашулі з блакітнымі і белымі ўстаўкамі на плячах і рукавах, калычы былі белымі.
А ў 1994-м дакуманты цьвердзяць нам, што кашулі і майткі былі зялёнымі. З дапамогай здымкаў бачым неаднатонную кампазыцыю, мабыць, найбольш стракатую кашулю ў летапісе клюбу. Большая частка кашулі была зялёнай з чаргаваньнем сьветлых і цёмных палосаў-адценьняў зялёнага, левую частку грудзей і левае плячо займаў белы трыкутнік, а жогам па трыкутніку йшлі зялёныя тонкія палосы. Калычы зялёныя зь белай аблямоўкай уверсе. Гасьцявыя строі былі ў той самай кампазыцыі, але чырвоныя. Пафарбуем здымак аршанскага абаронцы Віктара Панчука ў сустрэчы з „Маладэчнам-ІІ“.
Прымяраньне зялёнага неўзабаве скончылася, а каманда стала паступова вяртацца да сваіх гістарычных колераў. Дарога была доўгай. Канец 1990-х дружына правяла ў „белабокіх“ кашулях, сярэдзіна якіх, як і майткі, была цёмна-сіняй. Калычы ж былі белымі. Тут фарбаваць нам нічога ня трэба, эра каляровай фатаграфіі пачалася паўнавартасна.
У 2000 і 2001 колеры былі блакітнымі зь белымі ўстаўкамі, у тым ліку калычы.
Калі на пачатку 2010-х аршанцы гулялі ў чырвоных строях, калычы там таксама выкарыстоўваліся цалкам чырвоныя, як на гэтым камандным здымку 2011 году.
У найноўшы час каманда звычайна выкарыстоўвала тры свае асноўныя колеры, якія ўжо замацаваліся — блакітны/сіні, чорны і белы. У 2025-м, напрыклад, у сініх калычоў быў белы верх, у 2026-м у чорных — тонкая белая палоска ўверсе.




.jpg)




.jpg)









Commenti
Posta un commento