Старт (Ворша) — Астравец. Прадмова

ПЕРАД СУСТРЭЧАЙ

Нарэшце гульню паставілі не на будны дзень. Сёлета, мабыць, ужо рэкорд клюбу ў колькасьці праведзеных у буднія дні сустрэчаў — з 24 заліковых гульняў у двух спаборніцтвах аршанцы правялі 9 (!) у буднія дні. Больш за траціну! Такой частаце гульняў пасярод тыдня пазайздросьціць навет заўсёднік эўракубкаў.


Сёлета 75-годзьдзе „Старту“, а перад вамі адзін са здымкаў каманды ў новай эры. 2014 год

Кожнага хатняга паядынку аршанцы чакаюць у вялікім напружаньні. Не адно з прычыны таго, што з 7 сваіх перамог сёлета аршанцы толькі 2 заваявалі на родным стадыёне. Яшчэ й таму, што больш за год і тры месяцы нязьменна прапускаюць у кожным паядынку дома. Апошняю хатняю гульнёю без прапушчаных галоў у аршанцаў была сустрэча супраць „Слоніму“ (3:0), якая прайшла 18 траўня 2025 году. З таго часу ў наступных 25 паядынках стартаўцы заўсёды прапускаюць! Ці атрымаецца перарваць гэтую ганебную сэрыю з „Астраўцом“?


„Атамнікі“, вядома ж, ня „Слонім“, дзе паўскладу колішнія шпурляры „Старту“, але гульцоў, якія пагулялі ў Воршы, тут заўсёды некалькі. У цяперашнім складзе аршанцаў выступае расеец Ягор Кудзінаў, які ў першай палове сэзону абараняў колеры якраз астраўчанаў і правёў за іх 7 сустрэчаў. Цяпер у распараджэньні Івана Мігаля засталося двое гульцоў з „аршанскай мінуўшчынай“ — злучны Арцём Гонжураў і нападнік Мацьвей Каліноўскі. Абодва ў Астраўцы пастаянна выходзяць на поле. Каліноўскі, дарэчы, у гульні першага кола ня выкарыстаў карны боц — Валадзькоў спараваў удар.


„Астравец“ — наш сусед у турнірнай табліцы. Каманда з захаду краіны набрала 27 бодак, аршанцы 25. Такім чынам, „Старту“ патрэбная перамога, каб прабрацца ў першы тузін. Само сабою гэта нічога не дае — ніякіх шанцаў на падвышэньне дружыны даўно ня маюць, затое перамога дапаможа амаль забыцца на дзірку, якая вядзе ў ІІ лігу. Назапашаныя бодкі на гэтым этапе вельмі прыдадуцца ў канцы першынства, да якога яшчэ няблізка.


БАЧЫНА ЛЕТАПІСУ

Даволі доўга аршанцам не выпадалі гульні 6 верасьня. Упершыню ў гэты дзень „Старт“ згуляў толькі ў 1997 годзе. Тады наша каманда наведала Старыя Дарогі і сустрэлася зь мясцовым „Будаўніком“. Нічыя 1:1 з галом Сяргея Школы. Пры гэтым набраная бодка не была відавочнай — на апошняй хвіліне гульні старадарожцы білі карны. Нашае шчасьце, што спудлавалі.

Здымак спортпаломнікаў са старадароскага стадыёна ў 2020 годзе. Гульню тут можна паглядзець нават з 2-га паверху, утульна седзячы ў кавярні „Максім“. Што цікава, у сярэдзіне 1990-х наш клюб якраз называўся „Максімам“ з прадпрымальніцка-сямейных меркаваньняў тагачаснага дабрадзея Падсьценнага


ЯК БЫЛО?

„Атамны“ клюб не ўваходзіць у нізку наймацнейшых, але ўважаецца крэпкім. Аршанцам рэдка бывае лёгка ў паядынках зь ім. У першым коле блакітна-чорныя ў гасьцёх адолелі „Астравец“ у памянёнай гульні 2:1. Браму гаспадароў тады агадалі Вехцеў і Ціхаміраў. Падрахунак процістаяньня „Старт“ — „Астравец“: 9 сустрэчаў, +2=2-5, 16-21

2022 Старт — Астравец — 1:3

2022 Астравец — Старт — 2:0

2023 Старт — Астравец — 0:1

2023 Астравец — Старт — 4:4

2024 Старт — Астравец — 1:1

2024 Астравец — Старт — 0:5

2025 Астравец — Старт — 6:2

2025 Старт — Астравец — 1:3

2026 Астравец — Старт — 1:2


ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?

Сустрэча адбудзецца ў нядзелю, 6 верасьня, на аршанскім цэнтральным стадыёне і пачнецца а 15-й гадзіне.

Commenti

Post popolari in questo blog

Кніга „На ‚Старт’ і ў ‚Тэмпе’! Ножны шпурляк на Аршаншчыне“! Дзе купіць?

Слонім — Старт (Ворша). Прадмова

Грошы і Ворша. Архівы пра грошы ў аршанскім ножным шпурляку