90 гадоў таму. Аршанскія футбалісты ў матчы адкрыцьця менскага стадыёну «Дынама»
Сёньня, 12 чэрвеня менскаму стадыёну «Дынама» спаўняецца 90 гадоў. Менавіта ў гэты дзень у 1934 годзе на арэне адбылася першая сустрэча. А гуляла ў ёй каманда з Воршы!
Стадыён, які затым стане галоўным у Беларусі, на момант пабудовы быў ня першым па памерах у сталіцы. Тады яшчэ існаваў Усебеларускі стадыён, які месьціўся ў раёне будучага парку Чалюскінцаў. Той стадыён у бальшавіцкім духу быў названы ў гонар «10-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад белапалякаў».
Першым турнірам на «Дынама» стала першынство Белсавету фізкультурна-спартовага таварыства «Дынама», і ў ім удзельнічалі дынамаўцы Воршы. Перад гэтым аршанскія «бела-блакітныя» перамаглі ў абласным турніры.
Па прыезьдзе ў Менск аршанцы паўдзельнічалі ў дынамаўскім парадзе, а затым быў сам ножны шпурляк.
У першым паядынку рэспубліканскага турніру, 12 чэрвеня 1934 году, аршанскае «Дынама» сустрэлася на новым стадыёне з гаспадарамі, менскім. Загнаць хаця б адзін гол аршанцам не ўдалося, і яны, хоць паказалі ўчэпістую гульню, саступілі 0:2. Вынікі астатніх паядынкаў гісторыя не захавала, але сам выхад аршанцаў у лік найлепшых у Белсавеце па сваім таварыстве быў вялікім посьпехам.
Аршанцы таксама прымалі ўдзел і ў самой пабудове стадыёну. Кожны сябар спартовага таварыства «Дынама» абавязваўся адпрацаваць на яго будоўлі 100 гадзін.
Падчас ІІ усясьветнай вайны стадыён «Дынама» моцна пацярпеў, і пасьля вайны яго будавалі наноў, зь невялікім зьмяшчэньнем. Напрыклад, галоўная трыбуна стадыёну месьцілася там, дзе цяпер уваходная брама. У 1948 годзе правялі першую гульню на адбудаванай арэне. Яна адбылася, паводле некаторых крыніц… 12 чэрвеня. Але гэта дакладна быў не асноўны склад менскага «Дынама» і не першынство СССР, там гульні былі ў іншыя дні.
Коментарі
Дописати коментар