Тур 17. Белшына (Бабруйск) — Старт (Ворша). Прадмова
ПЕРАД СУСТРЭЧАЙ
Бабруйчане напярэдадні прайшлі ў ¼ Кубку Беларусі. Каманда на 5-м месцы, і цяпер можа больш пільна прыняцца за выкананьне задачы, якой, безумоўна, ёсьць вяртаньне ў Вышнюю лігу. У каманды 27 пунктаў. У «Старту» 25, і гульня ў Бабруйску вялікае выпрабаваньне для дружыны Кітаёва. На здольнасьць змагацца на розных з расьпісаным фаварытам.
Перад гульнёй мы хваляваліся за Дзьмітрыя Тамэлу, які ўсё ж разарваў пагадненьне з «Нафтанам» і падпісаў паўнавартасны кантракт са «Стартам». Спадзяёмся на вяртаньне на поле Глеба Жалезьнікава. Верхавод нашых атак днямі ажаніўся, а 31 ліпеня сьвяткуе дзень нараджэньня. Раней Глеб выступаў у Бабруйску, так што гэта знаёмая яму каманда.
Важнай гульні прысьвечана і афіша нашага мастака.
ІМГНЕНЬНЕ ГІСТОРЫІ
Гульня ў Бабруйску 45 гадоў таму, у 1979-м, скончылася нулявой нічыёй. Гэта было ў стыкавых гульнях за 13-е месца. А ў Воршы тады згулялі 1:1, таму бабруйчане згодна з правілам гасьцявога голу апынуліся вышэй.
ЯК БЫЛО?
Каманды Воршы і Бабруйску маюць амаль стагодзьдзе супрацьстаяньня паміж сабой — 98 гадоў таму адбылася першая вядомая з пісьмовых крыніц сустрэча. Тады 22 жніўня 1926 году зборныя местаў сустрэліся ў фінале першага неафіцыйнага чэмпіянату Беларусі (БССР) ў Менску, і бабруйчане загналі аршанцам два кочы без адказу і сталі чэмпіёнамі.
Пра гульню зборных Воршы і Бабруйску ў неафіцыйным першынстве Беларусі нялаўна выйшла відэа.
У далейшым Бабруйск у чэмпіянатах краіны прадстаўлялі розныя каманды — «Спартак», Фабрыка ім. Халтурына, Дом афіцэраў, «Старт», «Дзяржынец», «Бярэзіна», «Мэбэльшчык», «Будаўнік», «Трактар», «Фандок». З большасьцю сустракаліся і аршанскія дружыны, у тым ліку «Старт».
Клюбы, якія цяпер прадстаўляюць Воршу і Бабруйск, былі заснаваныя значна пазьней — «Старт» у 1951-м, а «Белшына» ў 1976-м годзе. Аднак няглядзячы на свой больш малады век, «шыньнікі» дамагліся сур’ёзнейшых за аршанцаў посьпехаў на беларускай футбольнай арэне: яны двойчы станавіліся чэмпіёнамі БССР, двойчы бралі срэбраныя мэдалі, заваёўвалі Кубак БССР і Кубак сэзону, а вось «швейнікі» ў першынстве дабіраліся толькі да 4-га месца і аднойчы былі фіналістамі Кубку.
Зусім іншая сытуацыя была ў бэндзі, дзе Ворша і Бабруйск некалькі дзесяцігодзьдзяў задавалі тон і моду ва ўсёй Беларусі — там часьцей перамагалі якраз аршанцы. Але гэта, як той казаў, зусім іншая гісторыя.
Дзеля зручнасьці назву бабруйскай каманды ў пераліку футбольных паядынкаў пішам актуальную на год сустрэчы, а ў аршанцаў нязьменна «Старт». Кубкавы паядынак 1996 году, прагуляны аршанцамі ў сэрыі 11-мэтровых, улічваецца, як і заўсёды ў статыстыцы, за нічыю, бо такім вынік быў у асноўны час.
Балянс супрацьстаяньня «Старт» — «Белшына»: 23 сустрэчы, +3 =5 -15, 18-52
1977 Шыньнік — Старт — 3:0
1977 Старт — Шыньнік — 0:0
1979 Старт — Шыньнік — 1:1
1979 Шыньнік — Старт — 0:0
1983 Шыньнік — Старт — 3:0
1984 Старт — Шыньнік — 2:1
1984 Шыньнік — Старт — 1:2
1985 Старт — Шыньнік — 1:1
1985 Шыньнік — Старт — 7:4
1986 Старт — Шыньнік — 0:4
1986 Шыньнік — Старт — 3:1
1996 Старт — Белшына — 0:0
2005 Белшына — Старт — 3:0
2005 Старт — Белшына — 1:3
2017 Старт — Белшына — 0:1
2017 Белшына — Старт — 3:1
2018 Белшына — Старт — 2:1
2018 Старт — Белшына — 2:1
2019 Белшына — Старт — 5:0
2019 Старт — Белшына — 1:4
2021 Старт — Белшына — 0:1
2021 Белшына — Старт — 2:1
2021 Старт — Белшына — 0:3
ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
Сустрэча адбудзецца ў чацьвер, 1 жніўня. Яе прыме бабруйскі стадыён «Спартак». Пачатак, а 17-й гадзіне. Квіток для дарослых будзе каштаваць 4 рублі, для дзяцей 2 рублі, для дзяцей да 6 гадоў уваход задарма.
Коментарі
Дописати коментар