Паперпрам (Гомель) — Старт (Ворша) — 3:4
Апошні гасьцявы матч сэзону падарыў шмат незвычайнага. Аршанцы правялі такую штуку, якая запомніцца. Дзеля гэтага трэба прасачыць усю гісторыю зьмяненьня ліку.
У канцы першай паловы Аляксей Чарнадараў скарыстаўся памылкай левага абаронцы "Паперпраму" ў перадачы і запусьціў "парашут" за каўнер брамніку, прыгожы стрэл і выніковы! Аднак да перапынку аршанцы не дацярпелі - цудоўны ўдар Весілевіча ў самую "дзявятку" зрабіў лічбы на ўлікоўніку роўнымі зноў.
У другой палове, на 56-й хвіліне стартаўцы закешкаліся ў сваёй карнай зоне пасьля падачы кутняга, пара ўдараў "Паперпраму" - і гамельчукі выйшлі наперад. На 74-й нашы "празявалі" ўдар галавой, лік стаў 3:1. Здавалася, што гэта канец...
Дэкарацыі як у кампутарнай гульні FIFA
Аднак праз тры хвіліны Чарнадараў бліскуча справіўся зь візаві на правым флянгу, прастрэліў, і Даніла Вераб'ёў замкнуў перадачу. 3:2, надзея ё! На 80-й зноў Чарнадараў разагнаў і разьвіў атаку аршанцаў, аддаў Тамэлу, той Жалезьнікаву. Глеб атрымаў па нагах у карнай - 11-мэтровы. Тамэла "працяў" дзявятку, лік нічыйны!
На 90-й падача кутняга аршанцамі прывяла да адскоку, якім скарыстаўс Станіслаў Іршаў - гоооол! Перамога аршанцаў 4:3! Неймаверны вынік з улікам таго, што за 16 хвілін да гэтага стартаўцы саступалі 1:3. Вялікія эмоцыі!
Цікава, што Іршаў "палюбіў" гомельскія клюбы. У расейскага абаронцы толькі 2 загнаныя галы за "Старт", пры гэтым абодва гомельскім клюбам. Раней ён дома зрабіў нічыю зь "Лякаматывам", агадаўшы на 90+4, а цяпер у самым канцы прынёс тры пункты ў сустрэчы з "Паперпрамам".
Коментарі
Дописати коментар