Тур 18. Старт (Ворша) — БАТЭ-ІІ (Барысаў) — 0:5

Нічога, зусім нічога не ўдалося зрабіць нашай камандзе ў паядынку з барысаўцамі. Ад пачатку і да канца становішча на полі пільнавалі гульцы гасьцей. Даўно так не здаралася, у якім стане бы ні была нашая дружына, каб блакітна-чорным не ўдалося стварыць ніякага галявога моманту. Спакойная і ў нечым зьдзеклівая перамога барысаўскага калектыву зь непрыстойным лікам. Прагулялі 2:7 у першым коле, а цяпер 0:5. Тузін галоў за два паядынкі з моладзьдзю БАТЭ.


— Тата, а чаму ўсе бацькі па суботах вясёлыя і радасныя, а ты такі маркотны?

— Напэўна, таму, дзеці, што тыя бацькі не заўзятары „Старту“.


Цяжка нешта дадаць. У каманды відавочна не стае сілаў, лаўка вельмі кароткая, каб рабіць істотныя зьмены і даваць вядзельным гульцам адпачыць. Навідавоку перамучаньне складу. 


Дарэчы, упершыню ў гісторыі клюбу ў „Старце“ трое гульцоў з афрыканскімі каранямі — Тайсір Адамчык, Абдулазіз Лавал, Эбука Нэджы. Пры гэтым першы беларус, другі тут так даўно, што таксама ўжо амаль беларус, а трэці яшчэ ім, падобна, стане.


Пятая параза запар. Зноў Мікалай Кітаёў правёў замену брамніка, якая й цяпер не пайшла на карысьць. Раман Краўчанка добра дзейнічае на рысе, але жудасна гуляе нагамі. Астатнія гульцы таксама пастаянна памыляліся ў простых перадачах. Ну, а ўжо ў хуткасьці барысаўцы пераўзыходзілі аршанцаў пастаянна. Крызіс нашай дружыны сыстэмны. Пакуль у гакейным „Лякаматыве“ дарагія набыткі ўзгадняюць з самым кіраўніком райвыканкаму, у ножным шпурляку гульцоў проста не хапае, каб зацыраваць дзіркі ў складзе. Даўно не было такой безнадзейнасьці, і на гэты момант не відаць разьвязаньня.


СТАРТ: Макараў (Краўчанка, 46), Лавал, Адамчык, Жэстараў, Расолька (к) (Каранкоў, 72), Тамэла, Гоманаў (Беразун, 46), Воўчанка, Нікіпаронак (Нэджы, 80), Адыгелзадэ (Бабчанок, 20), Пунінскі.




Commenti

Post popolari in questo blog

Кніга „На ‚Старт’ і ў ‚Тэмпе’! Ножны шпурляк на Аршаншчыне“! Дзе купіць?

Аршанскі стадыён на аэраздымках часоў ІІ усясьветнай вайны

Грошы і Ворша. Архівы пра грошы ў аршанскім ножным шпурляку