Згадка гакею ў Воршы ў 1927 годзе. Крыху пра адкрыцьцё

Канал „Ворша. Гісторыі“ знайшоў вельмі цікавую згадку пра першы паядынак у гакей (хакей) на тэрыторыі Беларусі. Гэты факт каротка згадала аўтарытэтная маскоўская ґазэта „Советский спорт“ у № 4 за 30 студзеня 1927 году.


„Пашукаў спартовыя публікацыі: пішуць, што першым хакейным матчам у Беларусі лічыцца паядынак 1940 года. Тады ў Берасце прыехала каманда студэнтаў менскага інстытута фізкультуры і выграла ў гаспадароў горада з лікам 7:2. Матч быў таварыскі, але ўвайшоў як першы зафіксаваны ў гісторыі“, — чытаем у канале.


Тое, што галоўная спартовая рэдакцыя СССР не магла надрукаваць непацьверджанага факту, не выклікае сумневаў. Надзейныя крыніцы і карэспандэнты ў „Савецкага спорту“ былі ва ўсіх саюзных рэспубліках. Але ёсьць пытаньне, пра які менавіта гакей гаворка. Цяпер многія маладзёны нават ня ведаюць пра гакей зь мячом ці гакей на траве, бо значна вышэйшую за іх папулярнасьць мае гакей з шайбай.


У савецкім друку гэты від спорту доўга запісвалі як „хоккей с шайбой“, ён стаў імкліва разьвівацца ў краіне пасьля ІІ усясьветнай вайны. А да таго безумоўна панаваў бэндзі, або гакей зь мячом. Або, як казалі ў СССР, „русский хоккей“. Ніякі ён не расейскі, вядома, і нават ня „рускі“, бо паходзіць з Брытаніі. Але гэта ўжо грамадзка-палітычнае пытаньне, бо й пельмені — удмурцкія, а не расейскія, хоць у сьвеце пра гэта ведае мала хто. Папулярнасьць бэндзі ў народзе была агромністай, у 1930-я аршанскі „Ленінскі прызыў“ нярэдка называў гэты від спорту проста „хакеем“, без удакладненьня. Вашай увазе зацемка пра сустрэчу аршанскіх „Дынама“ і зборнай прафсаюзаў ў 1936 годзе. Шматкроць паўторанае слова „мяч“ і іншыя публікацыі ґазэты ў тым месяцы пацьвярджаюць, што гаворка менавіта пра бэндзі, а не пра гакей з шайбай.




У суадносінах бэндзі і „шайбы“ вялікую ролю, падобна, адыграла ведамасьць гэтых відаў у сьвеце. Гакей „канадыйскага ўзору“, то бок з шайбай, ня проста стаў алімпійскім відам, але й істотна пашырыў сваю геаграфію. Бэндзі ж, на жаль, здабыць заўважную папулярнасьць ня здолеў і застаўся вельмі распаўсюджаным толькі ў дзьвюх краінах — Швэцыі і Расеі, з адноснай папулярнасьцю таксама ў Фінляндыі, Нарвэгіі і Казахстане. „Мапа“ краінаў, дзе папулярная „шайба“, непараўнальна шырэйшая. Гакеем без удакладненьня пачалі называць ужо гакей з шайбай, а бэндзі перайшоў у разрад экзотыкі.


Але знаходка каналу „Ворша. Гісторыі“ ня мае цаны — нашыя архіўныя пошукі раней сягалі пачатку 1930-х, ранейшых згадак мы пакуль не знаходзілі. А тут настолькі важная зацемка. Хоць нічога больш пра тую сустрэчу ў студзені 1927 году нам не вядома, мы на 90% перакананыя, што гаворка ў зацемцы менавіта пра бэндзі, і ў кожным выпадку гэтыя радкі — важнае адкрыцьцё ў гісторыі аршанскага (і агулам беларускага!) спорту.


Калі вы хочаце заглыбіцца ў карані яшчэ больш, можаце прачытаць нашт стары допіс пра народную беларускую гульню „качалкі“, якую можна назваць адным з правобразаў сучаснага гакею.

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

Кубак Беларусі, 1/16 фіналу. Старт (Ворша) — Дынама (Берасьце). Прадмова

Старт (Ворша) — Паперапрам (Гомель) — 0:3

Старт (Ворша) — Дынама-ІІ (Менск). Прадмова