Паперапрам (Гомель) — Старт (Ворша). Прадмова
ПЕРАД СУСТРЭЧАЙ
Становішча аршанцаў незайздроснае. Пасьля хатняй паразы ў мінулым туры ад „Мінску-ІІ“ галоўны трэнэр нашай каманды Дзьмітры Суздальцаў сказаў: „Нам вельмі сорамна, дужа. Мы перажываем за вынік усім трэнэрскім штабам. Нам не зразумела: у тыднёвым цыкле мы топавыя шпурляры, а як толькі гульня — дзьвюх перадач аддаць ня можам. Шукаць вінаватых ня будзем, вінаваты трэнэр. Мальцы, можаце мяне цытаваць колькі заўгодна. Калі вы не пражылі нашых праблемаў, вы ня можаце нас крытыкаваць“.
Адсылаючыся да словаў галоўнага трэнэра, хацелася б адзначыць адно. Ня можа каманда, якая яшчэ ў траўні перамагала крэпкі „Астравец“ у гасьцях, таксама на выправе забірала пункты ў Доўбізьне з паважнай „Нівай“, раптам настолькі саслабнуць, каб дома прагуляць 0:4 уломку. Або нешта рэзка паўплывала на калектыў (звада, сварка/дзеяньні, словы), або рэзка абрэзалі харчаваньне і іншыя грошы на ўтрыманьне каманды. Такая сэрыя не магла паўстаць на пустым месцы. Штосьці істотна зьменшыла матывацыю і змагарнасьць аршанцаў.
Чаканьне сустрэчы з „Паперапрамам“ напружанае. Калі мы атрымалі чатыры дома ад нехлямяжага ўломка з канца табліцы, і самыя апусьціліся на перадапошняе месца, колькі ж мы можам атрымаць у Гомлі ад моцнага серадняка, які сёньня ідзе на 5-м месцы?!
Склад „Паперапраму“ ўвабраў найбольшую сярод усіх спадужнікаў па лізе колькасьць былых шпурляроў „Старту“. Ды й галоўны трэнэр каманды Ігар Чумачэнка — колішні настаўнік у Воршы. Цяпер пад ягоным кіраўніцтвам выступаюць Дзяніс Садоўскі, Сіно Абсамадаў, Герман Кутковіч, Ільля Вудодаў, Глеб Вяршынін. Адразу пяць былых гульцоў „Старту“!
ІМГНЕНЬНЕ ГІСТОРЫІ
4 ліпеня 45 гадоў таму (1981) „Старт“ у сустрэчы першынства БССР прагуляў дома берасьцейскаму „Пэдынстытуту“ 0:3.
ЯК БЫЛО?
Нядоўгі час „Паперапрам“ быў адным зь нешматлікіх спадужнікаў аршанцаў па І лізе, зь якім стартаўцы мелі станоўчы падрахунак процістаяньняў. Цяпер усё выйшла на парытэт, а розьніца галоў пасьля агульных 0-7 летась выйшла ўжо на карысьць гамельчукоў. Падрахунак процістаяньня „Старт“ — „Паперпрам“: 6 сустрэчаў, +2=2-2, 9-14
2023 Старт — Паперапрам — 2:2
2023 Паперапрам — Старт — 2:2
2024 Старт — Паперапрам — 1:0
2024 Паперапрам — Старт — 3:4
2025 Старт — Паперапрам — 0:3
2025 Паперапрам — Старт — 4:0
ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
Сустрэча адбудзецца на гомельскім стадыёне СДзЮШАР-8 у суботу, 4 ліпеня. А 16:30 стартавы сьвісток.
Коментарі
Дописати коментар