Дынама-ІІ (Менск) — Старт (Ворша). Прадмова

ПЕРАД СУСТРЭЧАЙ

Другая сустрэча дружынаў за два з паловаю тыдні. Так ня мела быць, але гульня першага кола доўга пераносілася праз удзел дынамаўцаў у міжнародных спаборніцтвах. Менчукі прыехалі ў Воршу і ўпэўнена перамаглі 4:1, хаця лік не павінен быў быць настолькі буйным — аршанцам не шанцавала ля чужой брамы.

Цяпер другая каманда „міліцыянтаў“ на 9-м радку і апярэджвае стартаўцаў на 5 бодак. Аршанцы йдуць на 14-м месцы, маючы 7 бодак перавагі над зонай вылету. Перамога дазволіла б забыць клопаты наконт выжываньня.


Аршанцы ў гульні ня здолеюць разьлічваць на нападніка Максіма Пашкевіча, які зламаў пятую плюсьневую косьць і ўжо прапусьціў адзін паядынак. Менавіта Максім у папярэдняй сустрэчы камандаў загнаў адзіны гол аршанцаў, вызначыўся ў дададзены час з карнага. Затое вернецца ў склад „Старту“ Мікіта Бардукоў, які не гуляў з „Астраўцом“ праз адлучэньне за перабор жоўтых картак.


БАЧЫНА ЛЕТАПІСУ

11 верасьня 55 гадоў таму (1971) „Старт“ перамог ленінґрадзкае „Дынама“ ў Кубку мільёнаў СССР. Адна з найяскравейшых перамог у гісторыі нашага клюбу. Пра тую сустрэчу мы пісалі асобны матэрыял.


У гэты ж дзень 50 гадоў таму (1976) адбылася гульня ў адказ за 11-е месца ў першынстве БССР. Стартаўцы пасьля хатняй перамогі над „Хімікам“ 6:1 ехалі ў маладое места Сьветлагорск, які толькі нядаўна паўстаў з паселішча Шацілкі. Ехалі рассьлабленыя, але на поўдні блакітна-чорных чакала бітва. Сустрэча скончылася зь нетыповымі лічбамі 5:5 на ўлікоўніку. Па дубальце зрабілі Валер Шыркевіч і Анатоль Сэндар, таксама браму „Хіміка“ агадаў Аляксандар Шалатонін.


Сьветлагорск тых гадоў

11 верасьня 15 гадоў таму (2011) стартаўцы прагулялі ў першынстве Беларусі ў Каленкавічах мясцовай „Вэртыкалі“ 0:2. Першы гол каленкавіцкі нападнік Белаш загнаў пры спрэчных абставінах, выбіўшы шпурляк з рук нашага брамніка Андрэя Прохарава.


5 гадоў таму (2021) аршанцы атрымалі разгром у Магілёве ад „Дняпра“ 2:6. Галы ў Мальцаў загналі Корзун і Зянько з 11-мэтровага. Буйная параза стала апошняй кропляй для Мікалая Бранфілава, які падаў у адстаўку з пасады галоўнага трэнэра „Старту“.


ЯК БЫЛО?

У 1990-я гады аршанцы сустракаліся з камандай „Дынама-Юні“, створанай адумыслова пад рыхтаваньне зьмены асноўнай дынамаўскай дружыны. У складзе той каманды ў Воршу прыяжджалі такія будучыя легенды як Аляксандар Глеб, Віталь Валадзянкоў, іншыя выхаванцы знакамітай дынамаўскай школы, якія рыхтаваліся на замену аршанцу Пятру Качуру, які блішчэў у асноўным складзе асновы. „Дынама-ІІ“ — проста дубаль, хоць яго сутнасьць як другой каманды менчукоў ясная. Таму статыстыка „Дынама-Юні“ прысутная ў нашым артыкуле. Падрахунак процістаяньня „Старту“ з „Дынама-ІІ“: 21 сустрэча, +6=7-8, 24-32


1993 Старт* — Дынама-Юні — 0:0

1994 Дынама-Юні — Старт — 1:1

1996 Старт — Дынама-Юні — 2:2

1996 Дынама-Юні — Старт — 3:1

1997 Старт — Дынама-Юні — 0:2

1997 Дынама-Юні — Старт — 1:0

1998 Дынама-Юні — Старт — 1:1

1998 Старт — Дынама-Юні — 2:1

1999 Старт — Дынама-Юні — 1:1

1999 Дынама-Юні — Старт — 1:0

2000 Дынама-Юні — Старт — 1:1

2000 Старт — Дынама-Юні — 4:2

2001 Дынама-Юні — Старт — 1:2

2001 Старт — Дынама-Юні — 3:0

2011 Дынама-ІІ — Старт — 6:0

2011 Старт — Дынама-ІІ — 0:2

2024 Старт — Дынама-ІІ — 1:0

2024 Дынама-ІІ — Старт — 2:2

2025 Старт — Дынама-ІІ — 2:1

2025 Дынама-ІІ — Старт — 2:0

2026 Старт — Дынама-ІІ — 1:4


*назва нашай дружыны паўсюль даецца як „Старт“, нягледзячы на афіцыйнае найменьне ў канкрэтны год


ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?

Сустрэча пройдзе на абноўленым стадыёне „Дынама-Юні“ па вуліцы Вышалескага ў Менску. Яна адбудзецца ў пятніцу, 11 верасьня. А 16:30 стартавы сьвісток.

Commenti

Post popolari in questo blog

Кніга „На ‚Старт’ і ў ‚Тэмпе’! Ножны шпурляк на Аршаншчыне“! Дзе купіць?

Слонім — Старт (Ворша). Прадмова

Грошы і Ворша. Архівы пра грошы ў аршанскім ножным шпурляку