Сустрэчы „Старту“ зь менскім „Буравесьнікам“
19 верасьня 45 гадоў таму (1981) „Старт“ на сваім полі ў матчы першынства БССР саступіў менскаму „Буравесьніку“ 2:3. Такой каманды ў сталіцы даўно няма, і гэта нагода паглядзець, як аршанцы гулялі з гэтым супарам. Але пачнем зь летапісу.
З гэтай дружынай аршанцы шмат сустракаліся ў першынстве БССР. Ды й сам „Старт“ кароткі час у сярэдзіне 1950-х насіў назву „Буравесьнік“ (з 1955 па 1956). Прычым такая каманда была як на заводзе „Чырвоны барацьбіт“, так і на новым прадпрыемстве — заводзе ацяпляльных катлоў (у будучыні — „Лягмашы“). Супольная спартовая арганізацыя станкабудаўнікоў і актыўны пераход гульцоў дазваляе нам весьці пераемнасьць з 1951 году, калі свая дружына зьявілася на заводзе „Чырвоны барацьбіт“.
Але тут варта разумець, што спартовае таварыства зазнала некалькіх пераўтварэньняў, цалкам зьмяніўшы склад. Ад утварэньня ў 1936-м і да 1957 году „Буравесьнік“ быў добраахвотным таварыствам работнікаў дзяржаўнага гандлю. А ў 1955-м, якраз тады, калі так пераназвалі наш клюб у Воршы, да таварыства далучылі некалькі іншых ДСТ — „Мэдык“, „Навука“, „Маланка“, „Іскра“ і „Праца“. Да апошняга таварыства належаў (і гэтак называўся) наш клюб.
Па сутнасьці, калі спалучаць скіраванасьць таварыстваў, якія тады ўключылі ў „Буравесьнік“, спартовая арганізацыя гандляроў ператваралася на зьвяз інтэліґенцыі і рабочых.
Але 30 кастрычніка 1957 году Ўсесаюзны цэнтральны савет прафэсійных саюзаў (расейскі скарот: ВЦСПС) ператварыў Добраахвотнае спартовае таварыства ў студэнцкае пад той самай назвай. Такім чынам, рэарганізацыя ў трэці раз зьмяніла склад удзельнікаў ДСТ „Буравесьнік“, якое праіснавала да 1987 году.
Менскі „Буравесьнік“ найвялікшае дасягненьне меў у далёкім 1955-м, калі здабыў Кубак БССР. У 1976-м мог і ў другі раз, але тады прагуляў фінал барысаўскаму БАТЭ. Якому, сваёй чаргой, у сэрыі 11-мэтровых у чвэрцьфінале саступіў наш „Старт“, што дазваляе нам успомніць і дапоўніць ранейшую статыстыку (акрамя БАТЭ, яшчэ, напрыклад, „Белшына“ ў 1997-м і „Гомель“ у 2022-м станавіліся ўладальнікамі нацыянальнага кубку, сустрэўшы ў розыгрышы „Старт“). Другі кубкавы посьпех прыйшоў толькі ў 1980-м, а да таго ў менчукоў быў яшчэ адзін прагуляны фінал.
Такім чынам, у 1981-м менскі „Буравесьнік“ быў вельмі паважнай камандай. Дык як жа мы гулялі зь ім агулам? Вельмі кепска, амаль заўсёды саступалі.
Падрахунак процістаяньня аршанскага „Старту“ зь менскім „Буравесьнікам“: 16 сустрэчаў, +1=3-12, 11-36
1976 Старт — Буравесьнік — 1:1
1976 Буравесьнік — Старт — 3:1
1977 Буравесьнік — Старт — 4:1
1977 Старт — Буравесьнік — 0:1
1978 Буравесьнік — Старт — 2:1
1978 Старт — Буравесьнік — 1:1
1979 Буравесьнік — Старт — 0:1
1979 Старт — Буравесьнік — 0:1
1981 Буравесьнік — Старт — 3:1
1981 Старт — Буравесьнік — 2:3
1982 Буравесьнік — Старт — 1:0
1982 Буравесьнік — Старт — 3:0
1983 Буравесьнік — Старт — 5:0
1983 Старт — Буравесьнік — 2:2
1985 Старт — Буравесьнік — 0:2
1985 Буравесьнік — Старт — 4:0




Commenti
Posta un commento