Ліда — Старт (Ворша). Прадмова
ПЕРАД СУСТРЭЧАЙ
Пра „Ліду“ сёлета гаварылі рознае, і часта такое, што, маўляў, няма ў „чырвона-белых“ магчымасьцяў ісьці ў найвышэйшы дывізіён. Са словаў галоўнага трэнэра лідзянаў Аляксея Дабравольскага, справа з гэтым сапраўды ня вызначаная, але ўсё будзе залежыць ад вынікаў каманды. За 13 апошніх паядынкаў лідзяне выгулялі 10! У тым ліку ў папярэднім туры ў пінскай „Хвалі“ ў гасьцях 2:0.
Дабравольскі, дарэчы, працуе зь „Лідай“ ужо 4 гады, таму можна з поўным правам сказаць, што каманда трэнэрская, і на пабудову было адведзена дастаткова часу.
„Ліда“ з 2001 году не гуляла ў Вышняй лізе — роўна чацьвярціну стагодзьдзя! Натуральна, гульня супраць „Старту“ будзе мець для яе надзвычайны сэнс, бо за тры бодкі — „Слуцак“, а за адну — „Ніва“. Тая самая „Ніва“, якая ня здолела ў мінулым туры перагуляць стартаўцаў, а ў канцы ледзь не прагуляла.
З таго самага 2001 году журналісты няспынна гавораць пра плённую працу лідзкае школы, сьціжму якасных выхаванцаў. Усё завяршаецца словазлучэньнем „Вось калі б у Лідзе…“ А ў Лідзе гэтыя таленты затрымліваліся не на доўгі час, бо мясцоваму клюбу не было як і за што іх утрымаць у родным месьце.
Аршанцы ў Вышняй лізе незалежнай Беларусі не гулялі ніколі, але ў кожным сваім стане і амаль штогод у І лізе прыносілі вялікія непрыемнасьці шэрагу камандаў, што мелі намер падвысіцца. Ці атрымаецца ў аршанцаў, якія гуляюць амаль што адным складам без адпачынку забраць бодкі яшчэ і ў „Ліды“ — вялікае пытаньне. Прынамсі ў пабудовах Дзьмітрыя Суздальцава бачнае жаданьне няспынна разьвівацца і выціскаць зь цяперашняй падборкі шпурляроў 100%. Толькі заўзятарам з Воршы складана казаць пра чаканьні — родная дружына можа як ушчэнт праваліць паядынак з суседам у табліцы, прагуляўшы сустрэчу за пару дзясяткаў хвілін да канца, так і на роўных згуляць з камандай высокага палёту.
Наш трэнэр на гэты год выканаў першую задачу — у камандзе стала больш аршанцаў, што для заўзятараў каманды заўсёды было важным. Для пабудовы больш трывалага шкілету патрэбныя яшчэ час, грошы, умовы.
У складзе лідзянаў ёсьць дасьведчаныя Ігар Тыманюк і Аляксей Лягчылін, яны выступалі ў Вышняй лізе краіны. Маюць „чырвона-белыя“ й гульцоў з аршанскай мінуўшчынай — Максім Жэстараў і Аляксей Чарнадараў. Расейскі злучны ўмацаваў сярэднюю лінію лідзянаў, згуляўшы сёлета 12 сустрэчаў. Чарнадараў жа незаменны гулец каманды — ужо 23 паядынкі, 7 галоў і 9 перадач! Аляксей быў рэяводам у Воршы, застаўся такім і ў Лідзе.
БАЧЫНА ЛЕТАПІСУ
У гэты дзень 54 гады таму, 11 верасьня 1972 году „Старт“ стаў чэмпіёнам Віцебскай вобласьці. З 5 паядынкаў аршанцы выгулялі 4, і толькі ў адным згулялі ўнічыю. Нічыя была ў дэрбі з „Тэмпам“ 1:1, а перамогі над камандамі „Харчавік“ (Полацак) 1:0, „Тэхноляг“ (Віцебск) 3:0, „Дзьвіна“ (Віцебск) 9:0, „Станкабудаўнік“ (Ворша) 1:0.
2-е месца заняў „Тэмп“, 3-е „Станкабудаўнік“. Спаборніцтвы скончыліся поўным трыюмфам аршанскіх камандаў над віцебскімі і полацкімі! Усе гульні праходзілі ў Воршы — на стадыёнах Мястовым і „Лякаматыве“, і на сваім траўніку каманды з Аршаншчыны былі лепшымі за гасьцей.
У ґазэтнай выразцы пазначана, што гол Леаніда Барэйшы прынёс аршанцам перамогу над „Нафтавіком“. У іншых згадках пра турнір пісалася, што наваполацкую каманду ў спаборніцтвах называлі „Харчавіком“. Тыповая і, на жаль, нярэдкая разьбежыца паміж ґазэтнымі публікацыямі, успамінамі і пратаколамі. Затое факт быў неаспрэчным — „Старт“ чэмпіён!
ЯК БЫЛО?
Блакітна-чорныя здаўна спаборнічаюць зь лідзянамі, нядзельны двубой стане 50-м у гісторыі процістаяньня! Папярэднія сустрэчы камандаў сьведчаць перавагу лідзянаў. Чатыры апошнія гульні завяршыліся перамогамі „Ліды“.
Падрахунак процістаяньня „Старт“ (Ворша) — „Ліда“: 49 сустрэчаў, +14=11-24, 58-91
1966 Вымпэл (Ліда)* — Старт — 5:1
1966 Старт — Вымпэл (Ліда) — 2:1
1967 Старт — Вымпэл (Ліда) — 2:0
1967 Вымпэл (Ліда) — Старт — 2:0
1971 Абутнік (Ліда) — Старт — 0:0
1971 Старт — Абутнік (Ліда) — 3:0
1973 Старт — Абутнік (Ліда) — 2:1
1975 Старт — Абутнік (Ліда) — 1:0
1975 Абутнік (Ліда) — Старт — 1:1
1982 Абутнік (Ліда) — Старт — 1:1
1982 Старт — Абутнік (Ліда) — 2:1
1984 Абутнік (Ліда) — Старт — 3:0
1984 Старт — Абутнік (Ліда) — 1:1
1997 Ліда — Старт — 2:1
1997 Старт — Ліда — 0:1
1998 Ліда — Старт — 2:1
1998 Старт — Ліда — 0:1
2001 Ліда — Старт — 1:0
2001 Старт — Ліда — 1:2
2005 Ліда — Старт — 5:1
2005 Старт — Ліда — 1:2
2007 Старт — Ліда — 1:4
2007 Ліда — Старт — 4:1
2011 Старт — Ліда — 0:0
2011 Ліда — Старт — 8:1
2015 Ліда — Старт — 2:1
2015 Старт — Ліда — 2:2
2016 Старт — Ліда — 2:1
2016 Ліда — Старт — 2:2
2017 Старт — Ліда — 3:1
2017 Ліда — Старт — 0:0
2018 Старт — Ліда — 0:1
2018 Ліда — Старт — 2:0
2019 Старт — Ліда — 1:2
2019 Ліда — Старт — 8:1
2020 Старт — Ліда — 3:2
2020 Ліда — Старт — 1:5
2021 Старт — Ліда — 1:1
2021 Ліда — Старт — 0:2
2021 Старт — Ліда — 2:1
2022 Ліда — Старт — 1:2
2022 Старт — Ліда — 2:2
2023 Ліда — Старт — 0:0
2023 Старт — Ліда — 0:3
2024 Ліда — Старт — 0:1
2024 Старт — Ліда — 2:4
2025 Старт — Ліда — 1:3
2025 Ліда — Старт — 2:0
2026 Старт — Ліда — 1:2
* лідзяне падпісаныя назвай, дзейнай на момант гульні.
ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
Сустрэча лідзянаў з стартаўцамі адбудзецца на лідзкім стадыёне „Старт“. Гульня пройдзе ў нядзелю, 11 кастрычніка, пачатак а 15-й гадзіне.


Commenti
Posta un commento