Ці пашыеш без іголкі?! Хто быў краўцом строяў „Старту“

Строі, у якіх за свае 75 гадоў выходзіў на поле „Старт“ (цяпер афіцыйна ФК „Ворша“), выклікаюць зацікаўленасьць заўзятараў. Некалькі гадоў таму ў клюбе дзякавалі нам, дасьледнікам, за тое, што мы адшукалі зьвесткі пра гістарычныя колеры каманды, у якіх яна, тады яшчэ з назовам „Праца“, правяла першыя гады. Вынік бачым з апошніх сэзонаў — дружына вярнулася да традыцыйных блакітна-чорных (сіня-чорных) колераў.


Пра першыя строі мы пісалі асобны матэрыял, таксама спыняліся й на вэрсіях паходжаньня колераў і назову. Актыўна ўжываецца й белы, чаму ёсьць сваё тлумачэньне — белы колер таксама шмат выкарыстоўваўся, быў „дапаможным“ у першыя ж сэзоны. Спадзяемся, ужо ў наступным першынстве аршанцы вернуць ува ўстаноўчыя дакумэнты імя „Старт“ — для гэтага няшмат трэба.

Строі аршанскага „Старту“ ў 1960-я гг. Выява, створаная з дапамогай штучнага інтэлекту


Улетку мы падагульнілі і апублікавалі сваё дасьледаваньне пра калычы каманды, высьветліўшы некалькі незвычайных фактаў. У тэксьце знайшліся зьвесткі ня толькі з пэрыяду ўжо незалежнай Рэспублікі Беларусь, але й савецкай эпохі, пра якую заўсёды ёсьць што расказаць. Пагатоў 1970-я гг. застаюцца найбольш пасьпяховымі ў гісторыі клюбу.


Адылі яшчэ ніколі мы асобна не спыняліся на вытворцах, якія шылі строі стартаўцам. Варта нарэшце запоўніць, наколькі магчыма, падобны прагал.


На маштаб цэлай плянэты з пашывам формы для футбольных камандаў даюць рады лічаныя дзясяткі фірмаў. Некаторыя зь іх дасягнулі такога абыйма вытворчых магутнасьцяў, што трымаюць заводы ў розных краінах і „адзяваюць“ каманды ад Акіяніі да Эўропы. Асобныя вядомыя вытворцы пакідалі строі „Старту“, затым вярталіся на іх. Пачалося ўсё ў далёкім 1951 годзе.


Пры заснаваньні наша каманда нічым не адрозьнівалася ад соцень іншых пралетарскіх калектываў Савецкага Саюзу і роднай Беларусі ў яго складзе. Утвораная на заводзе, складзеная з простых рабочых, яна павінна была бараніць гонар і годнасьць свайго працоўнага калектыву — сьпярша заводу „Чырвоны барацьбіт“, а затым „Лягмашу“. Крыху пазьней, у выніку посьпехаў на траўніку, трэба было бараніць і гонар цэлага места — Воршы.


Пасьляваенная Беларусь цяжка адбудоўвалася па нямецкай акупацыі, шэрагу тавараў бракавала. Таму строі ў ножным шпурляку не вылучаліся высокай якасьцю і выбарам нават у камандаў Вышняй савецкай лігі, не гаворачы пра, па сутнасьці, аматарскія калектывы, адным зь якіх была й „Праца“. Але гэта не зашкодзіла дружыне на пачатку 1950-х мець сталыя блакітна-чорныя строі. Што цікава, такія самыя колеры перад тым насілі й шпурляры каманды „Лякаматыў“ — першай аршанскай, якая згуляла ў першынстве БССР пасьля ІІ усясьветнай вайны. Гэты факт, пачэрпнуты з афіцыйных пратаколаў рэспубліканскіх і ведамасных чэмпіянатаў, дазваляе сьцьвярджаць, што блакітны і чорны ўжо ў той час сталі трывалай адсылкай да Воршы, асацыяваліся з нашымі атлетамі.


Пратакол сустрэчы „Працы“ і „Лякаматыву“ ўвосень 1951 г., якая вызначала ўдзельніка першынства БССР 1952 г. ад Воршы. Найстарэйшы знойдзены пратакол з гульні будучага „Старту“. У колерах строяў пазначана (па-расейску): „синие футболки, черные трусы“

Вытворчасьць паступова разьвівалася, трыкатажныя фабрыкі Саюзу пачыналі працаваць і на патрэбы іншых вобласьцяў, каб задаволіць патрэбы грамадзян. Сёньняшніх высокіх тэхналёгій яшчэ не было: выбраць колеры, матэрыял тканіны, памеры кашулі і тып каўняра, седзячы дома перад маніторам, было немагчыма. Прамысловасьць адпраўляла ў крамы тое, што ўдалося спрадукаваць. Гэтым можна патлумачыць далейшую частую зьмену колераў. Пра гэта падрабязьней гаворыцца ў кнізе „На ‚Старт’ і ў ‚Тэмпе’! Ножны шпурляк на Аршаншчыне“, якая выйшла ў 2025 годзе. Сьцісла ж можна прыгадаць словы Аляксандра Саўчанкава, легенды ножнага шпурляку Аршаншчыны, які патлумачыў зьяву:

„Не сказаў бы, што на доўгі час заставаліся нейкія канкрэтныя колеры. У тыя савецкія часы пра гэта асабліва ня думалі, каманда гуляла ў кашулях розных колераў. Што купілі, у тым і хадзілі. Гэта цяпер кашулі ад фірмаў, а тады быў ‚шырпатрэб’. Так што й сінія, і чырвоныя былі, і жоўтыя, і белыя. За набыцьцё адказваў сам завод. ‚Старт’ выступаў за завод ‚Лягмаш’, ‚Тэмп’ — за ‚Чырвоны кастрычнік’. Пасады адміністратара тады не было: якую форму завод купіў, у такой і гулялі“.


Такое становішча захоўвалася некалькі дзесяцігодзьдзяў. З распадам СССР прыйшлі іншыя часы, залежнасьць „Старту“ ад заводу зьменшылася, а затым клюб наагул стаў уласнасьцю гарвыканкаму. На жаль, аднавіць зьвесткі пра вытворцаў жоўтых кашуляў канца 1980-х цяжка. Шпурляры на такой „дробязі“ не засяроджваліся, яны думалі пра гульню. Але падобна, што тыя строі прыходзілі з аршанскіх прадпрыемстваў, магчыма, з фабрыкі „Дынама“ ці згодна спэцзаказу на Лёнакамбінаце.


Галоўным дабрадзеем клюбу ў першай палове 1990-х гг. быў завод „Лягмаш“, з 1990 па 1994 гг. для клюбу закупляліся сапраўды адметныя на тую пару кашулі вытворчасьці шалёна папулярнай нямецкай кампаніі Adidas. Яны хоць і былі з выпадковымі колерамі — зялёна-белыя, бардова-блакітныя, — але запомніліся заўзятарам.


У 1995-м для каманды закупілі кашулі вытворчасьці брытанскай Umbro, і аршанцы ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі прабіліся ў другі эшалён нацыянальнага першынства. Строі прынесьлі ўдачу!


Але ўжо ў наступным, 1996-м, паводле аднаго знаўцы, які склаў, хай і з пэўнымі недакладнасьцямі, таблічку для Вікіпэдыі, да аршанцаў вярнуўся заснаваны ў 1924-м братамі Рудольфам і Адольфам Дасьлерамі Adidas. Гэтым разам усяго на год, бо затым у Воршы зноў купілі строі Umbro, якая ў тыя ж гады была тэхнічным фундатарам славутага „Манчэстэр Юнайтэд“.



Сіня-белыя кашулі стартаўцаў у канцы 1990-х. У гэтай сустрэчы на гульцах ад безграшоўя нават былі розныя віды кашулі. Аўтар здымку няведамы


У памянёнай схемцы зазначана, што строі брытанцаў былі на аршанцах да 2004 году, а затым у пэрыяды 2005-2007 і 2008–2011 гг. Але гэта не зусім адпавядае рэчаіснасьці. Калі ў 1999-м „чырвоныя д’яблы“ за дзьве апошнія хвіліны перакулілі з ног да галавы лік у фінале Лігі чэмпіёнаў супраць „Баварыі“ і здабылі трафэй, на атлетычных целах аршанскіх шпурляроў не было Umbro — былі кашулі вытворчасьці прадпрыемства Metna. Гэта цалкам пацьвярджаюць здымкі таго сэзону.


Здымак каманды ў 1999 годзе. Аўтар няведамы

На жаль, шырокіх зьвестак пра гэтую фабрыку ці аб’яднаньне няма, але памяць і асобныя здымкі таго часу падказваюць, што ў Воршы шмат хто меў майстаркі з гэтай эмблемай. Падобна, гэта было беларускае прадпрыемства. „Метну“ насілі ня толькі шпурляры, але й штангісты, дзюдаісты, т. д. Калі ж вы маеце больш зьвестак пра гэтую фірму або ведаеце, у каго спытаць, напішэце, будзьце ласкавыя, на адрыс orshafans@gmail.com.


1999 год, злучныя Міхаіл Рыжала і Мікалай Міхалёнак у майстарках „Метна“. Фатограф няведамы

Затым, падобна, „Метна“ заставалася ў карыстаньні, бо на пачатку „нулявых“ каманда правалілася ў першынство Віцебскай вобласьці. Там ужо карысталіся старымі строямі, а большасьць камандаў увогуле ня мела адзінага ўзору кашуляў — надзявалі ўсё, што больш-менш пасавала пад выбраны колер. Майткі і калычы часьцяком былі папросту рознакаляровымі.


Пазьней адбылося вяртаньне аршанцаў на рэспубліканскія спаборніцтвы, і разам з тым — новы этап падбіраньня строяў. Кароткі адцінак, з 2005 па 2007 гг., галоўным дабрадзеем „Старту“, ужо пераназванага ў „Воршу“, быў „Белаўтасэрвіс“. Umbro, які заснавалі ў Мобэрлі ў графстве Чэшыр, зноў адзяваў аршанцаў. Дарэчы, кашулі фірмы яшчэ ў 1934-м у фінале Кубку Ангельшчыны насілі абодва прэтэндэнты — і „Манчэстэр Юнайтэд“, і „Портсмут“.


Фота каманды ў 2012 годзе, на кашулях лягатып Umbro. Здымак Сяргея Сьляпцова

З 2012 (не з пачатку) і на тры пары кравецкім фундатарам „Старту“ была ўжо кампанія Patrick. Гэтак упершыню ў нашай гісторыі паўстаў бэльгійскі складнік. Праўда, фабрыку заснавалі ў 1892-м у Францыі, але яе сядзіба неўзабаве апынулася ў суседняй Бэльгіі, у Фляндрыі. У строях ад гэтага прадпрыемства, знакамітага перадусім абуткам для рэґбістых, аршанцы ў 2014-м урачыста вярнуліся ў І лігу краіны.


Віталь Данілкоў і Раман Малафееў у строях ад Patrick. Здымак Сяргея Сьляпцова

Аж з падвышэньнем у сярэдзіне 1990-х зноў зьмянілі краўца — у першым па дэкаднай адсутнасьці сэзоне ў І лізе ім стаў… Umbro. Ёсьць у Мальцаў такая традыцыя — па вяртаньні ў І лігу купляць брытанскія строі!


Да бэльгійцаў у наступныя гады клюб ужо не вярнуўся, але й брытанскае прадпрыемства пасьля 2015-а зьнікла з далягляду аршанцаў. У 2016-м тэхнічную падтрымку камандзе стала даваць гішпанская Joma, заснаваная ў 1965-м у Партыльё-дэ-Таледа. Яе паслугамі карысталіся й іншыя беларускія клюбы — гомельскі „Паперапрам“, мазырская „Славія“, магілёўскі „Дняпро“ і „Гомель“.

Валер Мараў і Вячаслаў Камінскі ў строях ад Joma. Аўтар фота няведамы


Праз год прыглянулася ўжо італійская фірма Macron, заснаваная ў Балёньні ў 1971-м. Найбольш пасьпяховым годзе ў гісторыі „Старту“. Тым самым, калі аршанцы сталі ўладальнікамі Кубку Віцебскай вобласьці, дайшлі да фіналу Кубку БССР, а затым да 1/8 фіналу Кубку мільёнаў.


Іхныя землякі з Errea, заснаванай пад Пармай, пабылі краўцамі ў Воршы толькі год, у 2018-м, пасьля чаго блакітна-чорныя зноў заказалі строі ў Macron.




Строі ад Errea адзначыліся прывабным спалучэньнем белай і чорнай палосак збоку на блакітнай кашулі. Здымкі Яны Чэшыр


З новым прыходам Macron у каманды была запамінальная кашуля ў гасьцявым камплекце — белая з жоўтай і цёмна-сіняй палосамі ўверсе. Менавіта ў гэтых кашулях аршанцы прабіліся ў 1/8 фіналу Кубку Беларусі, перагуляўшы мазырскую „Славію“. Прадпрыемства працавала зь Беларусьсю шчыльна, напрыклад, было тэхнічным партнэрам менскага „Тарпэда“ і нават афармляла яму клюбную краму ў менскім раёне Вясьнянка.

Шпурляры стартаўцаў сьвяткуюць агаданую браму супараў, фота Сяргея Сьляпцова

У 2020-м „Старт“ упершыню за 13 гадоў займеў галоўнага дабрадзея і адзіны на гэты момант у гісторыі надпіс фундатара на жыватох — MaxLine. Акрамя канторы ставак на спорт дабрадзеем была аршанская крама Sport Way. Назвы новых фундатараў надрукавалі на кашулях Nike — першай амэрыканскай фірмы ў стартаўскай гісторыі. Калі вы жывеце ў Арэґоне, ведайце, што ёсьць і такая зьвязка ЗША з Воршай.


Назвы адразу двух галоўных фундатараў і знакаміты знак Nike на кашулі 2020 году. Здымак Denis Photographer 

Сяброўства са ставачнікамі было нядоўгім, на 2021–2023 гг. кравецкі вэктар зьмяніўся: прыйшоў нямецкі Saller — прадпрыемства, ужо добра вядомае ў Беларусі, перадусім супрацаю зь менскім „Дынама“ эры Юрыя Чыжа. Кампанія з Вайкерсгайму, што ў Бадэн-Вюртэнбэрґу, супрацоўнічала таксама з гарадзенскім „Нёманам“.


Saller на кашулях аршанцаў. Здымак Denis Photographer 

Нямецкая якасьць, падобна, спадабалася кіраўніцтву „Старту“, і ў 2024-м каманда заказала строі іншай нямецкай маркі — Uhlsport. На першай фабрыцы ў Балінґене, што таксама ў фэдэральнай зямлі Бадэн-Вюртэнбэрґ, у 1948-м выпускалі падэшвы і чэпы для буцаў. Затым пашырылі вытворчасьць на кашулі, майткі і калычы. Найбольш ведамыя фабрыкі Uhlsport шыцьцём пальчатак для брамнікаў — гэтую марку можна бачыць на руках славутасьцяў некалькіх пакаленьняў. У строях Uhlsport „Інтэр“ станавіўся чэмпіёнам Італіі, а „Кайзэрсьляўтэрн“ — Нямеччыны.



У перадсэзонцы каманда выкарыстоўвала яшчэ Saller, але ў заліковых гульнях зьявіліся кашулі ад Uhlsport

Пры гэтым у юнакоў з Воршы ў рыштунку заставалася старая форма ад Saller, што можам бачыць на трэнэры юнацкіх калектываў Арцёме Скараціне.


У 2025-м „Старт“ упершыню з 1980-х зьвярнуўся да айчынных вытворцаў. Кравецкім дабрадзеем аршанцаў стала кампанія IROS — афіцыйны „брэнд“, які шые экіпіроўку алімпійскай зборнай Беларусі.

IROS на грудзёх Мікіты Воўчанкі

Супраца зь беларускай маркай працягвалася толькі адну пару, бо ў 2026-м стартаўцы ўпершыню адзелі строі даўно ведамай беларусам гішпанскай фірмы Kelme, заснаванай яшчэ ў 1977-м братамі Куілесамі ў Эльчэ. У 1992-м Kelme нават шыў строі для алімпійскай зборнай Гішпаніі на Гульні ў Барсэлёне.


Kelme — 12-я (зь ведамых і высьветленых) марка адзеньня ў гісторыі нашага клюбу.


Арцём Дамброўскі ў кашулі ад Kelme. Здымак Denis Photographer


Як будзе далей разьвівацца строй „Старту“, якія нашыўкі і надпісы будуць на ім, залежыць ад уваходжаньня на рынак новых тэхналёгій, а таксама ад магчымасьцяў і дасягненьняў самога клюбу. Вернуцца да ўжо выпрабаваных марак або паспрабуюць чагосьці новага? Будзе гэта прадукт замежнай вытворчасьці або фабрычныя творы з Бацькаўшыны? Адказ на пытаньні дасьць час. А мы будзем заўзімацца за нашых Мальцаў і далей складаць летапіс каманды з блакітным верхам і чорным сподам.

Commenti

Post popolari in questo blog

Кніга „На ‚Старт’ і ў ‚Тэмпе’! Ножны шпурляк на Аршаншчыне“! Дзе купіць?

Слонім — Старт (Ворша). Прадмова

Грошы і Ворша. Архівы пра грошы ў аршанскім ножным шпурляку