Старт (Ворша) — Слуцак. Прадмова
ПЕРАД СУСТРЭЧАЙ
„Старт“ амаль ужо можна назваць камандай без задачы. Але яшчэ захоўваецца небясьпека вылету ў ІІ лігу, і перавесьці яе ў глыбокую тэорыю можна толькі перамогай над случакамі. Тыя ж, моцна крытыкаваныя з прычыны несамавітай гульні, яшчэ змагаюцца за вяртаньне ў Вышнюю лігу. Тры пункты адставаньня ад доўбізьнянскай „Нівы“.
А яшчэ ў случакоў ня так даўно здарыўся жудасны эпізод, які можа паўплываць на калектыў. Абаронца Андрэй Шкондзін у жорсткім сутыкненьні з расейскім легіянэрам гомельскага „Паперапраму“ Ігарам Ягоравым атрымаў цяжкую траўму. Ягорава за гэта адлучылі на 12 гульняў, а ўвесь „Слуцак“ выйшаў на гульню са „Смаргонямі“ ў саколках з партрэтам Шкондзіна, якому зычаць найхутчэйшага аднаўленьне. Прагнозы мэдыкаў пакуль гавораць пра доўгую рэабілітацыю.
Справы „Слуцку“ на выправах кепскія. Ад сярэдзіны лета, то бок якраз перад выправаю ў Воршу „бела-сінія“ не перамагаюць у гасьцёх. Тры нічыіх і дзьве паразы за гэты час. Усё гэта прывяло да таго, што случакоў у табліцы дагнала „Ліда“, змаганьне за выхад у Вышнюю лігу загастрылася.
Успомнім і былога нападніка „Старту“ Ўладзіслава Фядосава. У Слуцку ён таксама не разгубіўся. 23 гульні, зь іх 19 у аснове, і 6 галоў.
БАЧЫНА ЛЕТАПІСУ
19 верасьня 45 гадоў таму (1981) „Старт“ на сваім полі ў матчы першынства саступіў менскаму „Буравесьніку“ 2:3.
ЯК БЫЛО?
„Слуцак“, раней „Слуцакцукар“, адлічвае сваю гісторыю ад 1998 году. І мы ўжо сустракаліся з гэтай камандай. Але ў пералік сустрэчаў уключым усе заліковыя гульні супраць прадстаўнікоў Слуцку. Варта сказаць, што за папярэднія 46 гадоў, што нашыя клюбы сустракаюцца паміж сабою (хоць і зь вялікімі перапынкамі), аршанцы здабылі над случакамі толькі адну перамогу, затое якую — 9:0! Гэта адзін з найбуйнейшых посьпехаў „вожыкаў“ у гісторыі. Але надалей мы найчасьцей прагульвалі. Цяпер жа маем сэрыю ў 8 паразаў запар ад гэтага спадужніка. У першым коле ў Слуцку была параза 1:3.
Уласна кажучы, усе гульні менавіта супраць сучаснага „Слуцку“, якія былі пры незалежнай Беларусі, аршанцы прагулялі, многія з разгромным лікам. Падрахунак процістаяньня аршанскага „Старту“ з камандамі Слуцку: 14 сустрэчаў, +1=3-10, 21-39
1980 Старт* — Случ — 1:1
1980 Случ — Старт — 1:1
1981 Случ — Старт — 3:2
1981 Старт — Случ — 9:0
1987 Случ — Старт — 2:0
1987 Старт — Случ — 2:2
2008 Слуцакцукар — Старт — 5:1
2008 Старт — Слуцакцукар — 1:2
2009 Старт — Слуцакцукар — 0:3
2009 Слуцакцукар — Старт — 4:0
2010 Слуцакцукар — Старт — 2:1
2010 Старт — Слуцакцукар — 1:7
2011 Старт — Слуцакцукар — 1:4
2026 Слуцак — Старт — 3:1
* у нашай каманды паўсюль нязьменна пазначанае гістарычнае імя, у спадужнікаў — назва на момант гульні
ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
Гульня адбудзецца на мястовым стадыёне Воршы ў суботу, 19 верасьня. Пачатак а 15-й гадзіне.


Commenti
Posta un commento