Тарпэда-ІІ (Жодзіна) — Старт (Ворша). Анонс
СТАНОВІШЧА НАПЯРЭДАДНІ
1 тур новага першынства. У міжсэзоне фэдэрацыя вырашыла далучыць некаторыя дублі клюбаў Вышняе лігі да І лігі. Такім чынам, тут зьявілася другая каманда аўтазаводцаў. За тыя месяцы, што прайшлі зь мінулага сэзону, аршанцы страцілі амаль усіх ключавых гульцоў, у прыватнасьці, Закрэўскага, Бальбуха, Фядосава і некаторых іншых. Сярод тых, хто прыйшоў, ёсьць і «вяртанцы». Адзін зь іх — паўабаронца Глеб Жалезьнікаў, якога любяць за няўрымсьлівую гульню. Паглядзім, якім будзе вяртаньне карэннага аршанца ў каманду, і вядома ж, зычым Глебу ўсіх магчымых посьпехаў у гэтым сэзоне! Другім «старым навічком» стаў абаронца Станіслаў Іршаў, які зноў прыехаў да нас з Расеі.
Прыйшоў у каманду яшчэ адзін аршанец — Павал Сушкоў, які раней гуляў за койданаўскі «Арсэнал». З іншых імёнаў пакуль падкрэсьліваць нікога ня будзем. Яны аршанскай публіцы збольшага невядомыя, таму проста будзем спадзявацца на празорлівасьць трэнэрскага штабу на чале зь Мікалаем Кітаёвым. Яму, Аляксею Шубянку і ўсім-усім у клюбе зычым не спыняцца і прагрэсаваць кожнаму на сваёй дзялянцы!
Рыхтуючыся да першынства, «Старт» згуляў 12 сустрэч, у якіх перамог 4 разы, 2 матчы зьвёў да нічыёй і саступіў у 6 астатніх. Розьніца галоў 21-22.
ІМГНЕНЬНЕ ГІСТОРЫІ
У дзень 6 красавіка нашай камандзе за ўсю 73-гадовую гісторыю даводзілася стартаваць у першынстве толькі аднойчы — зусім нядаўна, у 2018 годзе. Тады пачатак быў спраўным — гасьцявая перамога ў Гомлі над «Лякаматывам» 2:0 дзякуючы дублю Ўладзіслава Знака.
У астатнім, аршанцы ў такі дзень праводзілі таварыскія сустрэчы. Роўна 40 гадоў таму, у 1984-м стартаўцы ў такую дату саступілі 0:1 «Талачыну» на турніры памяці К.Заслонава. А ў 2001-м аршанцы прагулялі магілёўскаму «Дняпру-Трансмашу» 0:2.
ЯК БЫЛО?
«Тарпэда-ІІ» з Жодзіны — новы супернік для «Мальцаў». Зь ім у афіцыйных сустрэчах нашы футбалісты яшчэ ніколі не сустракаліся.
ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
Паядынак меўся прайсьці ў Воршы, але праз традыцыйную для першых тураў негатовасьць Мескага стадыёну супернікі памяняліся палямі ў колах. Адпаведна, паядынак другога кола пройдзе ў Воршы, а цяпер дружыны сустрэнуцца ў пасёлку Кастрычніцкі Смалявіцкага раёну на мясцовым стадыёне па вуліцы Спартовай, 2. Пачатак гульні 6 красавіка а 14:00.
Коментарі
Дописати коментар