Кубак Беларусі. 1/16 фіналу. Старт (Ворша) — Арсэнал (Койданава) — 0:3

Аршанцы згулялі нэрвова на самым пачатку паядынку, што прывяло да прапушчанага са свабоднага голу. Настроіцца і скінуць залішняе хваляваньне ўдалося толькі празь некалькі хвілінаў, а першы стрэл у браму атрымаўся на 18-й хвіліне. Шкада, але сур’ёзнай вастрыні каля брамы Каўрука амаль не паўставала, аршанцы некалькі разоў пагражалі ўладаньням суперніка, але практычна ўсю гульню становішча на траўніку кантраляваў «Арсэнал», ён жа ствараў і большасьць момантаў. Аршанцы не дацярпелі і прапусьцілі перад самай разьдзявальняй. Другая палова праходзіла таксама не паводле аршанскага сцэнару. На 68-й хвіліне за другую жоўтую выдаленьне схапіў Станіслаў Іршаў. Гуляючы ў меншасьці, блакітна-чорныя амаль цалкам перасталі ствараць хоць нейкую небясьпеку для апанэнта.


Не атрымалася наперадзе ў Дзьмітрыя Ціхамірава, і Мікалай Кітаёў правёў зваротную замену, прычым выпусьціў на астатнія 13 хвілін матчу сябе самога! І, што цікава, вэтэран ажывіў гульню. 40-гадовы нападнік, трэнэр у полі, рабіў рыўкі, трымаў шпурляк, ішоў наперад. Але асьцярожнасьць апошніх хвілінаў непрыемна зьдзівіла — найчасьцей Кітаёў заставаўся наперадзе сам, безь ніякай падтрымкі, і партнэры падцягваліся наперад павольна, не даючы атацы надзей. У канцы сустрэчы тройчы запар «Старт» уратаваў Раман Краўчанка, якому ўдалося згуляць больш удала за Андрэя Ігнатовіча. Абаронцы брамніка не падтрымалі, наступствамі стаў трэці прапушчаны гол. Параза 0:3, і наша каманда ў чарговы раз выбывае з Кубку краіны на стадыі 1/16 фіналу. Без прыемных неспадзяванак.



Старт (Ворша, Д2) — Арсэнал (Койданава, Д1) — 0:3

14 ліпеня. Ворша, мескі стадыён. 250 гледачоў.

Судзьдзі: А. Абялеўскі, В. Побаль, І. Марашан (усе — Гародня).

Інспэктар: М. Лаўскі (Гомель).

СТАРТ: Ігнатовіч (Краўчанка, 46), Іршаў, Чарнадараў (Кучараў, 66), Расолька (к), Тамэла, Антонаў, Воўчанка, Гонжураў (Шалычаў, 77), Мельнік, Сушкоў (Цюніс, 77), Малаткоў (Ціхаміраў, 33; Кітаёў, 77).

АРСЭНАЛ: Каўрук, Аруцюньян, Мялкоўскі (Талкачоў, 76), Лавец, Арашкевіч (Луцік, 76), Бабіч, Пятрэнка (Герасімаў, 63), Скшынецкі (Казакоў, 86), Вягера, Пазьняк, Сакута.

Папярэджаньні: Мельнік (2), Іршаў (7), Цюніс (83).

Выдаленьне: Іршаў (68).

Галы: Вягера (3, са свабоднага), Пятрэнка (42), Казакоў (90).


Здымкі з гульні




Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

«Моўны інспэктар» Ігар Случак: «Калі беларуская мова зьяўляецца ў нейкай галіне, у 8 з 10 выпадкаў яна адтуль ужо не зьнікае»

55 гадоў удзелу ў першынстве СССР!

Браты Алешчанкі