Аўцыну — 100!
19 лістапада 1924 году нарадзіўся Рувім Аўцын — выбітны спартовы дзеяч Аршаншчыны. Сёлета яму споўнілася бы 100 гадоў.
Страціўшы многіх родных падчас Галакосту, узяўшы ўдзел у ІІ Усясьветнай вайне, у другой палове 40-х Рувім Аўцын вярнуўся ў Воршу, дзе займаўся арганізацыяй спартовых спаборніцтваў. Ён быў і дырэктарам, і інструктарам, і трэнэрам, і футбалістам, і судзьдзёй, і журналістам — усе гэтыя ролі ён паспрабаваў, каб прымаць удзел у аднаўленьні і прагрэсе аршанскага спорту.
На заводзе «Легмаш» культывавалі шмат відаў спорту, але ножны шпурляк і каманда «Старт» сярод іх займалі галоўную пазыцыю. Ёсьць вэрсія, што менавіта Аўцыну і ягоным літаратурным перавагам наша каманда абавязаная сваёй яркай і ёмістай назвай.
Аналізуючы шэраг размоваў з вэтэранамі клюбу, можна скласьці партрэт Аўцына, карыстаючыся рысамі, якія найчасьцей падкрэсьліваюць у ім тыя гульцы, якія выступалі пад яго кіраўніцтвам. Рувім Аўцын быў даволі эмацыйным чалавекам, які штодня жыў камандай, цікавіўся жыцьцём футбалістаў ня толькі на полі, але і па-за ім, перажываў за вынікі дружыны і намагаўся стварыць для «Старту» лепшыя ўмовы.
Ёсьць і некалькі сьмешных гісторый пра Рувіма Аўцына, якога гульцы часта называлі паміж сабой проста «Рува». Раскажам адну зь іх.
Калі трэнэр даведваўся пра парушэньне кімсьці з каманды рэжыму, калі нехта напярэдадні перасядзеў за столікам і ўжыў сьпіртнога празь меру, для такога гульца павялічваліся нагрузкі. Яны й без парушэньняў былі высокімі. Нездарма адзін трэнэр, ці то ў час бэндзі, ці то ў час ножнага шпурляку, спытаў Аўцына: «Рува, чым ты іх корміш? Мае ўжо здохлі, а твае бы яшчэ тайм адбегалі». 12 колаў па стадыёне — гэта быў толькі «разагрэў». Каманда ў поўным складзе прабягае адно кола, Аўцын ставіць рысачку нагой, а потым запытвае: ну, колькі вам засталося? Хтосьці адказвае: два! На гэта Аўцын адказвае: так, тады яшчэ шэсьць бяжым!
Рувім Аўцын сымбаль «Старту»!
Тры найпасьпяховейшыя трэнэры ў гісторыі «Старту»
Коментарі
Дописати коментар