Старт Ворша — Слонім. Прадмова
СТАНОВІШЧА НАПЯРЭДАДНІ
Сёлетні сэзон моцна адрозьніваецца ад папярэдніх для слонімцаў. Цяпер яны не ў канцы, а ў сярэдзіне табліцы і ўжо пасьпелі перамагчы тройчы. Аршанцы маюць 7 пунктаў, на 3 меней за спадужніка. У складзе «Слоніма» адзін гулец, які раней гуляў у Воршы — гэта расеец Віталій Шалычаў, які правёў у «Старце» 8 гульняў.
Яшчэ цікава адзначыць, што летась нашы каманды былі з найтаньнейшым складам у І лізе. Агульны кошт гульцоў Воршы, паводле Transfermarkt, складаў 1,23 млн эўра, а ў «Слоніма» 0,95 млн эўра. Пры гэтым паказьніку ўсё адно ніхто не пакінуў дывізіёну.
У дадатак, яшчэ цікавая акалічнасьць — «Слонім» набліжаецца да пазнакі ў 800 гульняў у І лізе, засталося правесьці яшчэ тры сустрэчы. Аршанцы ў мінулым туры дасягнулі лічбы ў 500 сустрэчаў. Як бачым, слонімцы значна часьцей гулялі ў дывізіёне, аршанцы ж шмат гадоў правялі ў ІІ лізе (на пачатку незалежных першынстваў называлася ІІІ лігай). Зрэшты, «Камунальнік» гуляў і ў Вышняй лізе, чаго блакітна-чорныя ніколі не дасягалі.
Летась была й трагічная старонка для абодвух клюбаў. У час першынства памёр памочнік галоўнага трэнэра «Старту» Аляксей Шубянок. Да працы ў Воршы ён асабліва праславіўся якраз у Слоніме, які выводзіў у Вышнюю лігу, ды й наогул лічыцца для слонімцаў культавым трэнэрам.
Таксама цікава, што папярэдняя сустрэча камандаў, калі «Слонім» летась на сваім стадыёне перагуляў аршанцаў 2:0, стала для Тайсіра Адамчыка 60-й у кашулі слонімцаў, а сёньня абаронца гуляе ўжо за «Старт». Дарэчы, як і запасны брамнік слонімцаў у тым паядынку Максім Макараў. Таксама адметна, што абодва галы ў тым матчы слонімцы агадалі з карных боцаў, і другі зь іх стаў для каманды 100-м у І лізе і 75-м рэалізаваным.
Глеб Жалезьнікаў, які ў сустрэчы з «Слонімам» быў капітанам дружыны, правёў за стартаўцаў 137-ю гульню і дагнаў па колькасьці матчаў легенду клюбу ў 70-х Віктара Доўгага. Але цяпер Глеб працягвае кар'еру ў Магілёве.
Апрача ўсяго, тая сустрэча ў Слоніме апошняя ў складзе стартаўцаў для Мікалая Кітаёва, трэнэра ў полі. Пакуль? Тады на «Юнацтве» нападнік павялічыў лічбу праведзеных за «Старт» гульняў да 358, гэта найвялікшы паказьнік за ўсю гісторыю клюбу. На момант выхаду на поле Кітаёву ўжо было звыш 40 гадоў.
Мікалай Кітаёў у Слоніме 1 лістапада 2024 году. Сьпярша як трэнэр, затым як гулец
ІМГНЕНЬНЕ ГІСТОРЫІ
На 17 траўня сёлета прыпадае шмат юбілеяў іншых сустрэчаў.
50 гадоў таму (1975). У паядынку першынства БССР «Старт» перамог у Менску мясцовы «Матор» 1:0, адзіны гол загнаў абаронца Валер Шакуля.
45 гадоў таму (1980). Паездка аршанцаў у Салігорск да «Шахтара» скончылася ўнічыю 0:0.
30 гадоў таму (1995). Наша дружына, якая тады называлася «Максім-Ворша», на сваім полі ў сустрэчы чэмпіянату Беларусі разграміла менскую «Атаку-Аўру-д» 5:0. Усе галы праводзілі розныя шпурляры — Клочак, Куляшоў, Дзьмітрыевіч, Новік і Цыкала.
25 гадоў таму (2000). Аршанцы 17 траўня зазналі хатняй буйной паразы 0:3 ад «Рагачова».
10 гадоў таму (2015). У гэтым годзе каманду напаткала буйная параза ў Смаргонях 0:6.
ЯК БЫЛО?
Падрахунак процістаяньня «Старт» (Ворша) — «Слонім»: 36 сустрэчаў, +14=4−18, 49-60
1987 Старт — Старт (Слонім) — 3:1
1987 Старт (Слонім) — Старт — -: + (3:1)
1992 Старт — Альберцін (Слонім) — 0:3
1996 Камунальнік (Слонім) — Старт — 3:1
1996 Старт — Камунальнік (Слонім) — 0:4
1999 Старт — Камунальнік (Слонім) — 1:1
1999 Камунальнік (Слонім) — Старт — 2:0
2001 Старт — Камунальнік (Слонім) — 4:1
2001 Камунальнік (Слонім) — Старт — 3:0
2005 Старт — Камунальнік (Слонім) — 2:1
2005 Камунальнік (Слонім) — Старт — 0:1
2011 Старт — Камунальнік (Слонім) — 0:1
2011 Камунальнік (Слонім) — Старт — 4:2
2012 Старт — Камунальнік (Слонім) — 1:0
2012 Камунальнік (Слонім) — Старт — 4:0
2015 Слонім — Старт — 3:0
2015 Старт — Слонім — 0:2
2016 Слонім — Старт — 0:0
2016 Старт — Слонім — 2:0
2017 Старт — Слонім — 1:2
2017 Слонім — Старт — 1:4
2018 Слонім — Старт — 2:0
2018 Старт — Слонім — 2:2
2019 Старт — Слонім — 1:0
2019 Слонім — Старт — 1:3
2020 Слонім — Старт — 2:1
2020 Старт — Слонім — 1:3
2021 Слонім — Старт — 0:2
2021 Старт — Слонім — 3:3
2021 Слонім — Старт — 2:4
2022 Слонім — Старт — 3:2
2022 Старт — Слонім — 4:0
2023 Старт — Слонім — 1:2
2023 Слонім — Старт — 2:1
2024 Старт — Слонім — 2:0
2024 Слонім — Старт — 2:0
*пазначана назва суперніка на момант правядзеньня гульні. У аршанцаў — заўсёды «Старт».
ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
Сустрэча пройдзе на мескім стадыёне Воршы ў суботу, 17 траўня і пачнецца, а 15-й гадзіне.
Коментарі
Дописати коментар