Старт Ворша — Белшына Бабруйск. Прадмова

СТАНОВІШЧА НАПЯРЭДАДНІ

Аршанцы за апошнія туры выбраліся з хваста табліцы, дзе стаялі навылёт, на 12-е месца. Бабруйскі калектыў ідзе 2-м, адстаючы на тры пункты ад заклятых спадужнікаў з магілёўскага „Дняпра“. Важную ролю ў дружыне бабруйчанаў гуляе злучны Вадзім Бальбух, які раней выступаў у Воршы. Розьніца паміж клюбамі 6 пунктаў, а таму будзем спадзявацца, што Мальцам удасца скараціць адставаньне ад „Шыны“.


ІМГНЕНЬНЕ ГІСТОРЫІ

Амаль 40 гадоў таму, 9 чэрвеня 1985 году, „Старт“ на сваім полі згуляў з „Шыньнікам“ унічыю 1:1. Той паядынак адбыўся на стадыёне Лёнакамбінату, а гол у складзе аршанцаў правёў Генадзь Кітаёў.


ЯК БЫЛО?

Каманды Воршы і Бабруйску маюць амаль стагодзьдзе процістаяньня паміж сабою — 99 гадоў таму адбылася першая вядомая зь пісьмовых крыніцаў сустрэча. 22 жніўня 1926 году зборныя местаў сустрэліся ў фінале першага неафіцыйнага першынства Беларусі (БССР) ў Менску, бабруйчане загналі аршанцам два кочы без адказу і сталі пераможцамі.

У далейшым Бабруйск у першынстве краіны прадстаўлялі розныя каманды — „Спартак“, Фабрыка ім. Халтурына, Дом афіцэраў, „Старт“, „Дзяржынец“, „Бярэзіна“, „Мэбэльнік“, „Будаўнік“, „Трактар“, „Фандок“. З большасьцю сустракаліся й аршанскія дружыны, у тым ліку „Старт“.

Клюбы, якія цяпер прадстаўляюць Воршу і Бабруйск, былі заснаваныя значна пазьней — „Старт“ у 1951-м, а „Белшына“ ў 1976-м годзе. Аднак няглядзячы на свой больш малады век, „шыньнікі“ дамагліся сур’ёзнейшых за аршанцаў посьпехаў: яны двойчы станавіліся чэмпіёнамі БССР, двойчы бралі срэбраныя мэдалі, заваёўвалі Кубак БССР і Кубак сэзону, а вось „швейнікі“ ў першынстве дабіраліся толькі да 4-га месца і аднойчы былі фіналістамі Кубку.

Дзеля зручнасьці назву бабруйскай каманды ў пераліку шпурляковых паядынкаў пішам актуальную на год сустрэчы, а ў аршанцаў нязьменна „Старт“. Кубкавы паядынак 1996 году, прагуляны аршанцамі ў сэрыі 11-мэтровых, улічваецца, як і заўсёды ў статыстыцы, за нічыю, бо такім вынік быў у асноўны час.

Бабруйчане маюць відавочную перавагу ў асабістых паядынках. Падрахунак процістаяньня „Старт“ — „Белшына“: 25 сустрэчаў, +3 =5 -17, 19-60

1977 Шыньнік — Старт — 3:0

1977 Старт — Шыньнік — 0:0

1979 Старт — Шыньнік — 1:1

1979 Шыньнік — Старт — 0:0

1983 Шыньнік — Старт — 3:0

1984 Старт — Шыньнік — 2:1

1984 Шыньнік — Старт — 1:2

1985 Старт — Шыньнік — 1:1

1985 Шыньнік — Старт — 7:4

1986 Старт — Шыньнік — 0:4

1986 Шыньнік — Старт — 3:1

1996 Старт — Белшына — 0:0

2005 Белшына — Старт — 3:0

2005 Старт — Белшына — 1:3

2017 Старт — Белшына — 0:1

2017 Белшына — Старт — 3:1

2018 Белшына — Старт — 2:1

2018 Старт — Белшына — 2:1

2019 Белшына — Старт — 5:0

2019 Старт — Белшына — 1:4

2021 Старт — Белшына — 0:1

2021 Белшына — Старт — 2:1

2021 Старт — Белшына — 0:3

2024 Белшына — Старт — 5:0

2024 Старт — Белшына — 1:3


ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?

Сустрэча адбудзецца ў нядзелю, 1 чэрвеня, на аршанскім мескім стадыёне. Пачатак а 15:00.

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

«Моўны інспэктар» Ігар Случак: «Калі беларуская мова зьяўляецца ў нейкай галіне, у 8 з 10 выпадкаў яна адтуль ужо не зьнікае»

55 гадоў удзелу ў першынстве СССР!

Заяўка «Старту» на першынство-2025