Банкруцтва салігорскага „Шахтара“. Як мы зь ім гулялі?
Тым часам у Беларусі пачалася працэдура банкруцтва салігорскага „Шахтара“. Нягледзячы на забранае званьне 2022 году, клюб, як бачым на ягонай старонцы, усё адно называе сябе 4-разовым чэмпіёнам краіны. Зрэшты, цяпер рабіць нейкія маральныя закіды там ужо няма да каго, як і выстаўляць фінансавыя патрабаваньні. Некалькі чалавек асуджаныя за махлярства з вынікамі матчаў, а сам клюб рыхтуюцца прызнаць банкрутам.
Няма сумневаў, што „Беларуськалій“ знойдзе магчымасьці адраджэньня клюбу, а заадно сьпішуцца ўсе пазыкі „кратоў“. Тым ня менш, адзначым падзёж знанай каманды. З „Шахтаром“ стартаўцы неаднаразова перакрыжоўваліся яшчэ ў часы БССР, апошняя ж наша сустрэча адбылася ў 2017 годзе, калі стартаўцы адзіны раз дабраліся да 1/8 кубку і прагулялі ў Салігорску 0:6.
Давайце ўспомнім усе сустрэчы. Падрахунак процістаяньня „Старт“ (Ворша) — „Шахтар“ (Салігорск): 17 сустрэчаў, +5=4-8, 19-25
1966 Шахтар — Старт — 1:1
1966 Старт — Шахтар — 0:1
1968 Старт — Шахтар — 0:1
1968 Шахтар — Старт — 3:1
1970 Шахтар — Старт — 0:1
1970 Старт — Шахтар — 3:0
1977 Старт — Шахтар — 0:0
1977 Шахтар — Старт — 1:2
1980 Шахтар — Старт — 0:0
1980 Старт — Шахтар — 6:1
1982 Старт — Шахтар — 2:1
1982 Шахтар — Старт — 4:1
1985 Шахтар — Старт — 0:0
1985 Старт — Шахтар — 1:2
1986 Шахтар — Старт — 2:0
1986 Старт — Шахтар — 1:2
2017 Шахтар — Старт — 6:0
У канцы матэрыялу ўспомнім 1961 год. Тады „Старт“ у Воршы існаваў ужо дзесяць гадоў, а ў вельмі маладым месьце Салігорск была (літаральна!) толькі адна вуліца. Работнікі гарняцкага прадпрыемства гулялі паміж сабою, ды зрэдчас выяжджалі ў суседні Старобін, дзе атрымлівалі разгромныя паразы. Але ўвосень таго году стварылі зборную места. Яе асновай былі Яўген Жэўжык, Васіль Архіпаў, Анатоль Нацэўскі, Рыгор Даронін, Віктар Андрыянчык. Новаствораная каманда паехала ў Старобін і адпомсьціла за ранейшыя крыўды — 5:0.
Ужо налета „Шахтар“ заявіўся ў першынство вобласьці і здабыў кубак рэгіёну. Далей была рэспубліка. Прычым у 1960-я салігорцы сталі канкурэнтамі аршанцам за выхад у І групу першынства БССР, як тады называлася беларуская Вышняя ліга.
Акрамя таго, з гарнякамі ўскосна ці наўпрост былі зьвязаныя кар'еры такіх вядомых дзеячоў ножнага шпурляку на Аршаншчыне як Альберт Леановіч, Уладзімер Ларывонаў, Аляксандар Лебедзеў і іншых.
Коментарі
Дописати коментар