Рэґбі і пазыцыі ў ім
Рэґбі — гульнявы від спорту, які мае вялікія традыцыі. Пра гісторыю гэтай надзвычай папулярнай на Брытанскіх выспах, у Ірландыі, Грузіі, Аўстраліі, Новай Зэландыі, краінах Меланэзіі й Палінэзіі гульні можна казаць шмат, але тэма гэтага матэрыялу — пазыцыі гульцоў на полі. Ідэя матэрыялу — пазнаёміць чытачоў Orshafans, далёкіх ад рэґбі, з гэтым відам спорту. Каб усе зразумелі, якую «дыню» шпурляюць рукамі і нагамі гульцы і што яны навальваюцца на авальны шпурляк ня ўсім «скопішчам», а маюць добра акрэсьленыя задачы на зялёным полі. Іншымі словамі, тэкст мае на мэце тлумачэньне рэґбійных пазыцый.
1 і 3. Першалінейцы/слупы = па-ангельску: Loosehead and Tighthead Prop
Разам з гукерам гэтыя людзі знаходзяцца ў першым шэрагу, што зразумела з іхных пазыцый у схватцы. Каб быць пасьпяховымі, абодва слупы маюць быць моцнымі шыяй, плячыма, тулавам і нагамі. Яны павінны ўдала дзейнічаць у змаганьні галава-да-галавы з апанэнтам. Акрамя прадухіленьня свайго боку схваткі ад руху назад, яны падтрымліваюць раўнавагу цела гукера, каб той здолеў паглядзець, як завалодаць шпурляком, калі той пасланы ў схватку.
Пры ўкіданьні шпурляка з-за бакавой лініі (калідор), слупы павінны быць гатовыя падтрымаць і нават падняць партнэра на скок, каб той забраў шпурляк, пасланы верхам, і той не дастаўся спадужніку. Акрамя статычных становішчаў, слупы дапамагаюць трымаць шпурляк пасьля таго, як партнэр быў захоплены. Адпаведна, такія гульцы мусяць сумяшчаць чыстую фізычную сілу з уменьнем рухацца. Вы можаце назіраць гульцоў дадзенага амплюа таксама ў хадзе на таран і неадкладным стрымліваньні гульцоў абароны спадужніка, намаганьні атачыць іх і прадаставіць больш прасторы сваім больш атлетычным гульцам.
2. Кручок/гукер Hooker
Стаяць паміж двума слупамі ў цэнтры схваткі. Гэта адна з ключавых пазыцый, калі мова ідзе пра прыняцьце рашэньняў. Ён адказны за час, праведзены ў схватцы, а таксама за валоданьне шпурляком, прапіхваючы яго назад паміж нагамі слупоў. Гукер уводзіць шпурляк у калідор, а таму мусіць рабіць гэта трапна, каб ім завалодаў ягоны сукаманднік у найбольш удалай пазыцыі ў час скачку. У адкрытай гульні кручок гуляе падобную да слупоў ролю, кантралюючы шпурляк у раках і молах і робячы перадачы.
4 і 5. Замкі'/другалінейцы Lock/Second Row
Нападнікі другога шэрагу называюцца яшчэ замкАмі. Яны – «інжынэры» схваткі, а таксама гульцы ўведзенага ў калідор шпурляка. Таму яны павінны быць высокімі і вельмі магутнымі, умець якасна трымаць шпурляк і мець вострае пачуцьцё часу. Калі яны разам зь пярэднелінейнымі саступяць у схватцы ці будуць недастаткова дакладнымі і дынамічнымі ў калідоры, нападнікі праціўніка могуць перахапіць шпурляк. У адкрытай гульні іхныя абавязкі ў адборы і праносе шпурляка наперад.
6 і 7. Нападнік сьляпой пазыцыі і нападнік адкрытай пазыцыі/фланкеры Blind-side flankerand open-side flanker/Wing Forward
Крайнія форварды раней лічыліся гульцамі зь меншай адказнасьцю на полі, але з найшырэйшым наборам унівэрсальных навыкаў зь неўтаймаванай энэргіяй. Хуткасьць, сіла, спрыт, захопы і кантроль шпурляка — тое, што павінен умець якасны гулец гэтага амплюа. У адрозьненьне ад іншых пазыцый у рэґбі, такія нападнікі найчасьцей знаходзяцца ў самым гушчары падзей. Гэта значыць, выгульваюць шпурлякі ў раках і молах, атрымліваючы перадачы ад сваіх захопленых гульцоў, а ў адкрытай гульні самі робячы захопы спадужнікаў.
Калі яны рэдка страчваюць шпурляк, тады вядуць сваю каманду да перамогі. Гэта тычыцца фланкера сьляпой пазыцыі. Фланкер адкрытай пазыцыі падчас уводу шпурляка знаходзіцца ў дальняй частцы схваткі. Нападнік адкрытай пазыцыі заўжды меншы па памерах за свайго калегу па сьляпой. Гэта запарука ягонай мабільнасьці на полі. Месца фланкера сьляпой пазыцыі вымагае больш сілавой ролі.
8. Васьмёрка Number Eight
Гульня ў падтрымку, валоданьне і захопы — гэта не пра васьмёрку. Ягоныя мэты больш падобныя да абавязкаў фланкераў. Утрох яны ўтвараюць задні шэраг схваткі. Знаходзячыся ззаду схваткі, васьмёрка разам з фланкерамі адзіны, каму дазволена браць шпурляк, калі той выходзіць зь яе.
Менавіта такі рэґбіст часта прабягае жыцьцёва неабходныя мэтры, калі каманда знаходзіцца вельмі блізка да заліковага поля. Такім чынам, ад васьмёркі патрабуецца быць выбухным і вельмі дынамічным бегуном.
9. Сярэднік/скрам-хаф Scrum-Half
Разьмяшчэньне паміж гульцамі атакавальнай і абарончай лініяў робіць сярэдніка адным з ключавых гульцоў, калі йдзе пра плянаваньне наступу. Якасны прадстаўнік гэтай пазыцыі павінен адчуць, у які момант шпурляк апынецца ў канцы схваткі, раку ці молу. Ён — дыспэтчар гульні. Мае добрае бачаньне поля і хуткасьць, імкліва ацэньвае становішча. Ён павінен умець хутка перадаваць шпурляк рукамі і мець маланкавую рэакцыю.
Як правіла, гэта самыя маленькія па антрапамэтрычных дадзеных рэґбісты, якіх павінны бараніць свае нападнікі. Нерашучы альбо кепска абаронены сярэднік стане лёгкай здабычай для фланкера спадужнікаў.
10. Лятучы сярэднік/дзясятка Fly-Half
Мэтраном каманды і, падобна, яе самы ўплывовы гулец. Празь яго ідзе амаль кожная атака, менавіта ён вырашае, куды накіраваць шпурляк. Дзясятка каманды кіруе дзеяньнямі задняй лініі. Вырашае, як рабіць крокі наперад і рэагуе на прагалы ў абароне. Таксама ён мусіць кантраляваць тэрытарыяльны ціск. Зазвычай, лятучы сярэднік выконвае ў камандзе ўсе стандарты, удары ў браму — рэалізацыі, карныя і дроп-галы. Мусіць сачыць, каб кожны ў абарончай лініі трымаў сваю пазыцыю, а таксама спрабуе перарваць атаку спадужніка на самым яе пачатку.
11 і 14. Крайні Wing
Гуляючы па шырыні поля, крайні — асноўная надзея каманды на ўдалую спробу, іншымі словамі, на «занос» шпурляка ў залікоўку спадужніка. Таксама крайні часта становіцца апошнім рэдутам абароны. Большую частку гульні крайнія праводзяць без шпурляка, атрымліваючы яго ў працэсе гульні пераважна для шпаркіх забегаў і спробаў, таму тэмп — іх асноўная задача.
12 і 13. Нутраны цэнтар, вонкавы цэнтар Inside centre, outside centre
Нутраны цэнтар разьмяшчаецца бліжэй да лятучага сярэдніка. Вонкавы, адпаведна, далей. Гэта моцныя, дынамічныя бегуны, якія выяўляюць дзіркі ў абарончай лініі спадужніка. У атацы за імі доўгія наўпроставыя лініі бегу. Цэнтры сочаць за сваімі калегамі па амплюа зь лягеру процілеглай каманды і спрабуюць сьцягнуць на сябе абаронцаў, каб пашырыць прастору для манэўру партнэраў і павялічыць іх шанцы на пасьпяховую спробу. Яны мусяць быць фізычна моцнымі і нават магутнымі, каб пры пераходзе з атакі ў абарону карысна дзейнічаць пры захопах. З цэнтральнай пары найбольш вынаходлівым мае быць нутраны цэнтар, бо яго пазыцыя прадугледжвае ўменьне рабіць перадачы і ўдары шпурляка нагой наперад ня горш за лятучага сярэдніка. Між тым, вонкавы цэнтар павінен быць хутчэйшым, у ягоную задачу ўваходзіць хуткая дастаўка шпурляка крайнім.
15. Апошні Full-back
Знаходзіцца на сама задняй лініі. Гэта чысьцільшчык усёй абароны. Разам з гэтым апошні павінен быць гатовым атрымліваць пасы, якія ідуць назад, а таксама верхавыя шпурлякі, пасланыя спадужнікамі з дапамогай удару нагі, каб удала з задняй лініі распачаць атаку сваёй дружыны. Гэтая пазыцыя зазнае вялікага ціску з боку спадужніка, таму яна не для слабых нэрвамі. Гэтае месца на полі для рэґбістаў, якія спалучаюць захопы, удары, лоўлю і бег наперад з халоднай галавой.
Коментарі
Дописати коментар