Стартавец году-2025 — Дзьмітры Тамэла!

Заўзятары аршанскага „Старту“ (ФК „Ворша“) большасьцю галасоў выбралі найлепшым у сэзоне гульцом каманды Дзьмітрыя Тамэлу. Сёлета ў найбольш цяжкі пэрыяд, калі ў каманды не было перамог, а былі амаль адно паразы, шпурляр паказаў сябе сапраўдным верхаводам калектыву, вёў яго наперад і спрабаваў пераламіць няўдалую сэрыю. Вялікая ягоная заслуга ў тым, што на характары каманда выцягнула завяршэньне сэзону, набрала патрэбныя пункты і пазьбегла вылету з І лігі.



Старажылам дружыны Дзіму пакуль не назваць, але й навічком таксама. За наш клюб злучны правёў 59 паядынкаў, у якіх агадаў 18 кочаў. Цяпер 33-гадовы гулец атрымаў заслужанае прызнаньне. А мы памятаем, як перад парою 2025 году была інфармацыя пра тое, што Тамэла больш ня будзе выступаць за калектыў. Казаў ён пра гэта і ў час віншаваньня аршанскіх заўзятараў, якое запісаў на відэа летась. Што будзе ў наступным сэзоне, ці будзе Дзьмітры працягваць свой аршанскі адцінак кар’еры — пабачым. А пакуль — шчыра віншуем з ганаровым званьнем „Стартаўца году“!


Сёлета Дзьмітры разам з Іванам Ціханавым стаў найлепшым стральцом блакітна-чорных, агадаўшы 8 галоў. Летась Тамэла таксама быў найлепшым паводле гэтага паказьніку.


У галасаваньні Тамэла атрымаў 59% галасоў. Другое месца ў апытаньні заняў абаронца Станіслаў Іршаў — 17% галасоў.


Злучны атрымаў такое прызнаньне ўпершыню ў кар’еры! Да Тамэлы шэраг гульцоў таксама па разе атрымліваў такое. Больш за ўсіх „Стартаўцам году“ быў Уладзіслаў Знак — тры разы.

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

«Моўны інспэктар» Ігар Случак: «Калі беларуская мова зьяўляецца ў нейкай галіне, у 8 з 10 выпадкаў яна адтуль ужо не зьнікае»

Кубак Беларусі, 1/16 фіналу. Старт (Ворша) — Дынама (Берасьце). Прадмова

Старт (Ворша) — Паперапрам (Гомель) — 0:3