Старт (Ворша) — СКА-1938 (Менск) — 0:2
Сустрэча, якую прагулялі самыя сабе... У першай палове гульні перавагай валодалі армейцы, але амаль не стваралі небясьпекі каля брамы аршанцаў. У другой палове ўжо „Старт“ меў перавагу, але таксама мала пагражаў браме гасьцей. Злом пайшоў пасьля 75-й хвіліны, калі блакітна-чорныя заўважна стаміліся і пачалі саступаць у забяганьнях, рэакцыі. СКА ўмела гэта выкарыстаў.
Пры першым голе, відавочна, Арцём Валадзькоў прыняў не найлепшае рашэньне выйсьці і спыніцца. Такі выхад падлавіў шпурляр армейцаў Карыцька і адкрыў лік. На 78-й хвіліне. Празь пяць хвілінаў зноў Мірон Карыцька зрабіў лік 2:0.
Пасьля гэтага аршанцы маглі вызначыцца двойчы, але добра згуляў брамнік гасьцей. На жаль, гульню, якая кацілася да нічыйнага завяршэньня, мы прагулялі, бо ў вырашальны момант у СКА захавалася больш сілаў.
СТАРТ: Валадзькоў, Тарбякоў, Беразун, Ціхаміраў (Пашкевіч, 41), Стаін, Кулеш (Камароў, 62), Воўчанка, Вехцеў, Жалезьнікаў (к), Шалычаў (Дамброўскі, 90), Бардукоў.
ЛІЧБЫ
Першы прапушчаны ў сустрэчы гол стаў 50-м прапушчаным ад армейцаў за гісторыю процістаяньня. Ягоным аўтарам стаў Мірон Карыцька.
Апошнім разам стартаўцы перамагалі армейцаў 9 гадоў таму, у 2017-м (1:0). Перамогу тады прынёс Аляксандар Сазанкоў у дададзены да першай паловы час. Наступныя 6 паядынкаў скончыліся бяз нашых перамог, 4 разы выгулялі менчукі і 2 сустрэчы скончыліся мірам.
Абедзьве заліковыя сустрэчы аршанцаў 30 траўня скончыліся аднолькавай паразай 0:2. У 1993-м годзе блакітна-чорныя прагулялі на выправе менскаму „Трактару“, а ў 2026-м дома сталічнаму СКА-1938.




Коментарі
Дописати коментар