90 гадоў Барысу Няхамаву
29 траўня магло б споўніцца 90 гадоў вядомаму аршанскаму нападніку Барысу Няхамаву (1936).
Яго сярод найлепшых гульцоў пакаленьня пералічалі Яфім Кунін, Генадзь Галубовіч. На жаль, статыстычныя зьвесткі далёк ня поўныя: праз адсутнасьць пратаколаў большасьці паядынкаў 1960-х і праз тое, што ў друку ў той час пазначалі пераважна толькі аўтараў галоў (прычым не заўсёды нават гэта), мы ня можам даць дакладных лічбаў выступленьняў Няхамава за зборную Воршы і „Машынабудаўнік“ на рэспубліканскай арэне. А ў тыя гады першынство рэспублікі было нядоўгім, шмат гульняў каманды праводзілі ў нутраных спаборніцтвах, і там нападнік таксама меў посьпехі.
Барыс Няхамаў быў з таго пакаленьня гульцоў, якое мела іншую асноўную працу. Ён рабіў шліфавальнікам на заводзе „Лягмаш“. У 1965-м яго прызналі „ўдарнікам камуністычнай працы“.
У зборах „Радыё Аршыца“ ёсьць здымак Барыса Няхамава з часоў тэрміновай службы на флёце. Зроблены ў порце Рохукюла ў Эстоніі
Барыс — сын Сямёна Няхамава, які жыў з жонкай Раісай Аронаўнай Каган. У 1941 годзе Сямёна прызвалі ў войска змагацца з нацыстамі, якія прыйшлі ў Беларусь. На фронце Сямён Няхамаў зьнік бязь вестак. У 1946-м годзе абласны вайсковы камісарыят паведамляў, што Раіса Каган жыве па адрасе Талстога, 18 у Воршы. Магчыма, сям’я жыла там і да вайны.
У дакумэнце абласнога вайсковага камісарыяту гаворыцца, што Сямён Няхамаў зьнік бязь вестак у жніўні 1944 году, калі да перамогі над гітлерызмам заставалася меней за год. На той момант Сямёну Няхамаву было 34 гады (нарадзіўся ў 1910 годзе), на вайне ён быў сапэрам.

Коментарі
Дописати коментар