Слуцак — Старт (Ворша). Прадмова
СТАНОВІШЧА НАПЯРЭДАДНІ
„Слуцак“, маючы 16 пунктаў, узначальвае табліцу на пару са „Слонімам“. Цалкам відавочна, што случакі маюць намер у найкарацейшы тэрмін вярнуцца ў Вышнюю лігу, дзе нязьменна гулялі 12 гадоў. Каманда мае магутную атаку, разам з „Салігорскам“ яны загналі па 17 галоў. Адзін з найбольш небясьпечных гульцоў слуцкага наступу цяпер — наш былы форвард Уладзіслаў Фядосаў. Ён выходзіў на поле ва ўсіх сямі папярэдніх паядынках, агадаў толькі аднойчы, затое ажно 4 разы аддаваў голавы пас. Нагадаем, што ў складзе аршанцаў свайго часу Фядосаў таксама заўсёды увасабляў небясьпеку брамам спадужнікаў — 15 галоў у 33 паядынках за клюб. У тым сэзоне 2023 году менавіта Фядосаў стаў найлепшым стральцом „Старту“.
Напярэдадні нашага спатканьня ў першынстве „Слуцак“ таксама гуляў у 1/32 фіналу кубку краіны. Перамаглі сіня-белыя ня так упэўнена, як мы, але галоўнае, што прайшлі далей. Яны перагулялі „Івацэвічы“ 3:1.
Дружына Аляксандра Гардзейчыка гуляе паводле схемы 3-4-3. Пры гэтым Фядосаў у гэтай схеме выступае цэнтравіком, але галы пераважна агадвае Арсень Канцадайлаў, на рахунку якога ўжо 4 галы.
У папярэднім туры „Слуцак“ нечакана прагуляў у Пінску „Хвалі“, якая кепска пачала сэзон. Але наўрад ці гэта сьведчыць пра нейкі пачатак заняпаду случакоў. У кожным выпадку, аршанцам будзе вельмі няпроста з рэяводамі І лігі.
А яшчэ случакі маюць крыху дзіўны верынец, які, аднак, запэўнівае нас у іхнай вернасьці ножнаму шпурляку. На расейскай мове: Футбол — это не всё, но все без футбола — ничто! (ножны шпурляк гэта ня ўсё, але ўсе бяз ножнага шпурляку нішто).
ІМГНЕНЬНЕ ГІСТОРЫІ
23 траўня 55 гадоў таму (1971) стартаўцы на сваім полі разышліся бязголавым мірам зь лідзкім „Абутніком“. Фармальна гаспадаром поля ўважаўся „Старт“, але па-за пратаколам сустрэча адбылася ў Лідзе.
ЯК БЫЛО?
„Слуцак“, раней „Слуцакцукар“, адлічвае сваю гісторыю ад 1998 году. І мы ўжо сустракаліся з гэтай камандай. Але ў пералік сустрэчаў уключым усе заліковыя гульні супраць прадстаўнікоў Слуцку. Варта сказаць, што за папярэднія 46 гадоў, што нашыя клюбы сустракаюцца паміж сабою (хоць і зь вялікімі перапынкамі), аршанцы здабылі над случакамі толькі адну перамогу, затое якую — 9:0! Гэта адзін з найбуйнейшых посьпехаў „вожыкаў“ у гісторыі. Але надалей мы найчасьцей прагульвалі. Цяпер жа маем сэрыю ў 7 паразаў запар ад гэтага спадужніка.
Уласна кажучы, усе гульні менавіта супраць сучаснага „Слуцку“, якія былі пры незалежнай Беларусі, аршанцы прагулялі, многія з разгромным лікам. Падрахунак процістаяньня аршанскага „Старту“ з камандамі Слуцку: 13 сустрэчаў, +1=3-9, 20-36
1980 Старт* — Случ — 1:1
1980 Случ — Старт — 1:1
1981 Случ — Старт — 3:2
1981 Старт — Случ — 9:0
1987 Случ — Старт — 2:0
1987 Старт — Случ — 2:2
2008 Слуцакцукар — Старт — 5:1
2008 Старт — Слуцакцукар — 1:2
2009 Старт — Слуцакцукар — 0:3
2009 Слуцакцукар — Старт — 4:0
2010 Слуцакцукар — Старт — 2:1
2010 Старт — Слуцакцукар — 1:7
2011 Старт — Слуцакцукар — 1:4
* у нашай каманды паўсюль нязьменна пазначанае гістарычнае імя, у спадужнікаў — назва на момант гульні
ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
Сустрэча адбудзецца ў суботу, 23 траўня, на мескім стадыёне ў Слуцку. Пачатак а 16-й гадзіне.
Коментарі
Дописати коментар