Асіповічы — Старт (Ворша) — 2:1

Што ж, пагулялі трошку, пунктаў панабіралі, а цяпер можна зноў апускацца, ганьбіцца, чэзнуць у адрынцы. Калі стабільна набіраем пункты, трэба памятаць, што гэта ненадоўга. Прыехаць у госьці да каманды з апошняга месца з 1 набраным пасьля 11 сустрэчаў пунктам і заслужана прагуляць — вось нашае дзяжурства. Перагрэліся на сонцы? А што, Асіповічы гэта нейкае высакагор’е, дзе аршанцы гуляць непрызвычаеныя? Калі з кімсьмці асіповіцкія маглі здабыць першую перамогу, дык, вядома ж, з аршанцамі, якія „майстры“ саступаць падобным спадужнікам.



„Асіповічы“ гулялі без аднаго з сваіх найлепшых гульцоў Лапіна, але нават у такім складзе перамаглі стартаўцаў. Наша каманда бяжыць, але не туды, пасуе, але абы як, б’е нятрапна. На гэтым тле бліскучы гол Бабчанка зь перадачы Жалезьнікава на 62-й хвіліне выглядае адно высокай ноткай у фальшывай мэлёдыі.



Тарбякоў зноў нязграбны ў карнай і прывозіць 11-мэтровы. Валадзькоў, цудоўна гуляючы на рысе, зноў катастрафічны на выхадзе — гэта ня першы падобны прапушчаны ім гол.


Саступаем камандзе, у якой няма нейкай зарганізаванай гульні. „Асіповічы“ проста хацелі, таму рабілі што могуць. Чарговы чорны дзень для аршанцаў. Нашу каманду дарэмна ўспрымалі прыкасьнікам на „шасьцёрку“ найлепшых. Чэрвень яскрава паказвае нам, што максымум гэтай каманды — уваход у дзясятку. І нават гэта мала падобна да праўды. Чым далей, тым горай гуляе каманда. Лета й раней часта было кашмарным адрэзкам для „Старту“, сёлета Суздальцаву не ўдаецца выправіць сумную завядзёнку. Ніякага разуменьня і спагады нашыя шпурляры пасьля такой паразы не заслугоўваюць, і павінны гэта ўсьведамляць. Гэта было дзярмо, а не гульня.


Ці яны на стаўках гуляюць?


СТАРТ:  Валадзькоў, Тарбякоў, Бабчанок, Беразун (Камароў, 46), Стаін, Пашкевіч, Кулеш (Булахаў, 81), Воўчанка, Жалезьнікаў (к), Шалычаў, Бардукоў.



ЛІЧБЫ

Пасьле перамогі ў Астраўцы 8 траўня блакітна-чорныя ня могуць выгуляць ужо ў 5 сустрэчах запар. У Асіповічах зазналі 2-й запар паразы. Прычым якраз за гасьцявыя гульні не было сорамна. Што ў Слуцку, што ў Доўбізьне наша каманда паказвала добрую гульню, у Доўбізьне нават набрала пункт.


Аршанцы ня могуць перагуляць асіпаўчан ужо 3 гады. Гэты час увабраў 3 сустрэчы, за якія нашай дружыне ўдалося ўзяць толькі 1 пункт з 9 магчымых. І гэта пры тым, што кожны раз асіпаўчане былі ніжэй за нас у турнірнай табліцы.


Мікіта Воўчанка правёў 119-ы паядынак за стартаўцаў і апярэдзіў Паўла Хоміча. Цяпер ён на 25-м месцы ў пераліку старажылаў каманды.


Іван Беразун надзеў кашулю аршанцаў у 132-і раз і дагнаў у згаданым пераліку Андрэя Скараціна і Ўладзіслава Знака. Разам яны дзеляць 20-е месца сьпісу.


Мікіта Бабчанок адзначыўся першым галом за каманду за 363 дні. Папярэдні раз ён агадаў у гасьцявой гульні супраць „Гомлю-ІІ“ з вольнага боцу.

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

Кніга „На ‚Старт’ і ў ‚Тэмпе’! Ножны шпурляк на Аршаншчыне“! Дзе купіць?

Аршанскі стадыён на аэраздымках часоў ІІ усясьветнай вайны

Грошы і Ворша. Архівы пра грошы ў аршанскім ножным шпурляку