Роўна 90 гадоў таму, 6 чэрвеня 1936 году, пачалося першынство БССР
Адно зь першых, дзе брала ўдзел аршанская каманда.
Зладзіць савецкае першынство ўлады дазволілі толькі пасьля таго, як ножны шпурляк прайшоў „высокую ўхвалу“ Сталіна з паказам на Краснай плошчы ў Маскве. Гэта дапамагло й ладзіць першынствы рэспублік, сярод іншых Беларусі. Каманды падзялілі на дзьве групы, прычым слова „група“ адпавядала найчасьцей ужыванаму сёньня „ліга“.
Зборная Воршы трапіла ў ІІ групу — з Полацкам, Магілёвам, Слуцкам, Жлобінам, Мазыром, Заслаўем і Дзяржынскам (Койданавым).
Склад дружыны: Захараў, Чэлашаў, Белавусаў, Крэпчынскі, Сяргееў, Маеўскі, Бараноўскі, Шацкі, Львоў, Жмуркін, Скуратовіч, Чувалаеў, Філіпаў.
Каманду ўзначальваў прадстаўнік Раённага спартова-фізкультурнага камітэту (РСФК) Дабравольскі. Падобна, што ён жа ў тыя гады выступаў і за зборную Воршы ў сетцы.
Спаборніцтвы пачаліся 6 чэрвеня, калі аршанцы гулялі з палачанамі, і завяршыліся 6 ліпеня фінальным паядынкам камандаў Магілёва і Барысава. Перамогу атрымалі барысаўчане — 3:2. Якое месца занялі аршанцы — пакуль прагал у гісторыі.
Дарэчы, трое са складу аршанцаў, праўдападобна, фігуруюць у складзе менскага „Дынама“, якое ў тым годзе заваявала Кубак рэспублікі. Турнір быў заснаваны ўлетку таго году Беларускім камітэтам у справах фізычнай культуры і спорту і праведзены ў жніўні. З таго часу захавалася мала дакумэнтаў, не пра ўсіх гульцоў мы маем дакладныя біяграфічныя зьвесткі.
Але супадзеньнем гэта быць ня можа, асабліва з улікам таго, што „Дынама“ актыўна карысталася адміністрацыйнымі мэтадамі, забіраючы адораных гульцоў „на службу“: тры прозьвішчы з аршанскага складу сустракаюцца ў пратаколе фінальнай сустрэчы на Кубак БССР, у якой дынамаўцы перамаглі менскі „Спартак“ 3:1 (паводле іншых зьвестак, перамог „Спартак“, прычым зь лікам 4:1).
Хто гэта? А гэта Пятро Чэлашаў, Міхаіл Львоў і С. Шацкі (магчыма, Сяргей). Магчыма, што аршанскім быў ня гэты, а іншы Шацкі — Аляксандар, які гуляў нападнікам за каманду БВА і стаў у тым годзе чэмпіёнам рэспублікі ў І групе, пакуль аршанцы гулялі ў ІІ групе. Але апошняе малаверагодна, усё ж турнір у наймацнейшай групе стартаваў 9 чэрвеня, а за тры дні да гэтага Шацкі меў бы гульню ў складзе зборнай Воршы. Затое „Дынама“ выступала як клюбная каманда толькі ў кубку (як і „Дынама“ з Воршы), таму найбольш падобнай да праўды выглядае вэрсія, што дынамаўцы Менску забралі „гуртом“ траіх шпурляроў з Воршы. Дакладна сказаць пра гэта можна будзе толькі ў выпадку знаходжаньня дакумэнтаў, якіх цяпер бракуе.
Коментарі
Дописати коментар