Кубак Беларусі. 1/16 фіналу. Старт — Нафтан — 2:2 (д.ч.), 11-м. 4:3

Яшчэ па лёсаваньні мы пачалі спадзявацца на праход далей. „Нафтан“ на апошнім месцы ў табліцы Вышняе лігі, мы далёкія ад вяршыні ў І лізе, але ўсё ж нешта аршанцы могуць. Адылі пачатак сустрэчы амаль забраў у нас надзею — няўважлівасьць і павольнасьць абароны прывяла да двух галоў ужо да 20-й хвіліны.


Падалося, што навапалачане хутка вырашылі задачу, і цяпер пачнецца чаканьне фінальнага сьвістку. Пра гэта сьведчыла й тое, што аршанскія атакі ня несьлі вастрыні. Толькі пад канец першай паловы нешта пачало праяўляцца.


На самым пачатку другой нафтанаўскі ніґерыец Джонатан Джон зрабіў неймавернае глупства — ужо маючы жоўтую картку, атрыманую ў сярэдзіне першай паловы, ён пасьля пашкоджаньня выбег на поле без дазволу галоўнага судзьдзі — выдаленьне. Аршанскія атакі сталі яшчэ больш вострымі і частымі. Ня скажаш, што блакітна-чорныя стварылі сьціжму момантаў, але іх хапіла — на 84-й Пашкевіч падвартаваў закід Кудзінава ў брамніцкую і па-кікбаксэрску накіраваў шпурляк у сетку — 1:2. А на 89-й Бабчанок прастрэліў з таго ж левага краю карнай пляцоўкі, і аўтар першага голу „Нафтану“ Вадзім Якаўлеў з Казахстану апярэдзіў гатовага падставіць нагу Ціхамірава. Ён прабіў ужо ўласнага брамніка — аўтагол і 2:2!


У дадатковы час каманды гулялі млява — лета і стома даліся ў знакі. Сэрыя 11-мэтровых сталася немінучай. Валадзькоў пацягнуў першы ж боц навапалачанаў, ад таго ж Якаўлева! Тарбякоў, Стаін, Пашкевіч і Ціхаміраў свае ўдары рэалізавалі, а пятага й ня трэба было — Аброраў пусьціў шпурляк „па вераб’ях“. Перамога! Выхад у 1/8 фіналу!



1/16 фіналу

Ворша (Д2) — Нафтан (Наваполацак, Д1) — 2:2 (д.ч.), 11-м. 4:3

19 ліпеня 2026. Ворша. Мескі стадыён. 900 гледачоў.

Судзьдзі: Д. Васкабойны, С. Несьцер, К.Някрэвіч (усе — Гародня).

Інспэктар: В.Быкаў (Магілёў).

ВОРША: Валадзькоў, Тарбякоў, Бабчанок, Пашкевіч, Воўчанка (Быкаў, 46), Вехцеў (Ціхаміраў, 61), Кудзінаў (Камароў, 84), Жалезьнікаў (к), Шалычаў, Рудзянок (Стаін, 36), Бардукоў.

НАФТАН: Харытановіч, Аброраў, Анд.Лебедзеў, Якаўлеў, Прановіч (Суша, 116), Фяжэнка (Александровіч, 78), Селязьнёў (Адамовіч, 46), Джон, Мафвэнта (Кіркіцкі, 106), Васкабойнікаў (Латыхаў, 91), Чарняўскі (Драбатовіч, 46).

Папярэджаньні: Пашкевіч (57), Бабчанок (69) — Джон (21).

Выдаленьне: Джон (49).

Галы: 0:1 — Якаўлеў (10), 0:2 — Анд.Лебедзеў (18), 1:2 — Пашкевіч (84), 2:2 — Якаўлеў (89, ва ўласную браму).

11-мэтровыя: 0:0 — Якаўлеў (брамнік), 1:0 — Тарбякоў, 1:1 — Латыхаў, 2:1 — Стаін, 2:2 — Драбатовіч, 3:2 — Пашкевіч, 3:3 — Адамовіч, 4:3 — Ціхаміраў, 4:3 — Аброраў (вышэй за браму).


Асобна на відэа сэрыя 11-мэтровых.



ЛІЧБЫ

Сустрэча стала 55-й для нашага клюбу ў Кубку Беларусі за ўсю гісторыю (з улікам Кубку БССР).


Другі гол у браму „Нафтану“ стаў для аршанцаў 100-м за ўвесь час выступленьняў у кубку рэспублікі. Аўтарам, аднак, стаў не аршанскі гулец, а шпурляр навапалачанаў Вадзім Якаўлеў, які адправіў шпурляк ва ўласную браму. Заадно гэта стала 24-м аўтагалом спадужнікаў у гульнях „Старту“ за ўсю гісторыю.


Мікіта Воўчанка правёў 123-і паядынак за „Старт“, апярэдзіў Васіля Коскіна і выйшаў на чыстае 24-е месца ў сьпісе старажылаў клюбу.


Сэрыя 11-мэтровых адбылася ўжо ў 7-мы раз за кубкавую гісторыю аршанцаў. Удача ж блакітна-чорных ва ўдарах з „вапны“ нагадвае зборныя Галяндыі ці Ангельшчыны. Нашыя Мальцы — адна з найбольш няшчасных камандаў у нацыянальным кубку, згодна з гэтым паказьнікам. Перамога ў 11-мэтровых над „Нафтанам“ толькі 2-я! Папярэдняя была ў разыгранцы 2017/18 над мазырскай „Славіяй“, прычым таксама зь лікам 4:3. Астатнія пяць падыходаў — параза. Гэткім спосабам аршанцы выбывалі з Кубку ад: „Абутніка“ (Ліда, 1972), БАТЭ (Барысаў, 1976), „Белшыны“ (Бабруйск, 1996/97), „Славіі“ (Мазыр, 2009/10), „Клецку“ (2019/20).

Commenti

Post popolari in questo blog

Кніга „На ‚Старт’ і ў ‚Тэмпе’! Ножны шпурляк на Аршаншчыне“! Дзе купіць?

Аршанскі стадыён на аэраздымках часоў ІІ усясьветнай вайны

Грошы і Ворша. Архівы пра грошы ў аршанскім ножным шпурляку