Слонім — Старт (Ворша) — 1:2

Заслужаная перамога блакітна-чорных у Слоніме! Два папярэднія паядынкі, з дублёравымі складамі БАТЭ-ІІ і „Дынама-ІІ”, прайшлі для аршанцаў пад знакам сьціжмы прапушчаных магчымасьцяў. Каманда загнала значна менш, чым магла. У Слоніме аршанцы прапусьцілі першымі, але вельмі пільна згулялі гэтым разам на розных участках поля.


Шмат памылак спачатку было ад Кудзінава, але пазьней менавіта ягоная рашучасьць і тэмп разагналі каманду да патрэбных магутнасьцяў. Бясстрашна дзейнічаў Шалычаў, які правёў, мабыць, свой найлепшы паядынак гэтага сэзону. Заслугоўваюць за ўмелыя дзеяньні адзначэньня таксама Бардукоў і Валадзькоў. З прыходам Александровіча ў сярэдзіне поля ў нас зьявілася больш варыяцыйнасьці і стваральнага чыньніку.


На 42-й хвіліне Ціхаміраў, які вельмі рана замяніў пашкоджанага Пашкевіча, зраўнаў лік пасьля пасу Шалычава.


У другой палове аршанцы таксама выглядалі ўпэўнена. На 57-й Жалезьнікаў агадаў браму слонімцаў, і гэты гол, як высьветлілася, стаў для стартаўцаў пераможным — 2:1!


У канцы гульні слонімцы зладзілі навалу, зараблялі кутныя, аднойчы ўратаваў Валадзькоў, і так была здабытая перамога!


Цяпер нашая каманда мае ўжо +7 ад зоны вылету.


СТАРТ: Валадзькоў, Быкаў, Бабчанок, Александровіч (Касьцюковіч, 84), Страбцоў (Беразун, 57), Пашкевіч (Ціхаміраў, 19), Воўчанка, Кудзінаў, Жалезьнікаў, Шалычаў, Бардукоў.


ЛІЧБЫ

Сустрэча стала юбілейнай, 40-й у гісторыі процістаяньня „Старту” і „Слоніма”.


Мікіта Бабчанок правёў 103-і паядынак за каманду і дагнаў Анатоля Каплуна. Яны дзеляць 29-е месца ў пераліку тых, хто найбольш часта выступаў за блакітна-чорных.


Мікіта Воўчанка правёў 126-ю сустрэчу за клюб і перагнаў Сяргея Лабацэвіча, выйшаў на 13-е месца ў сьпісе старажылаў за ўсю гісторыю.


Глеб Жалезьнікаў правёў 164-ю сустрэчу за „Старт” і апярэдзіў Валера Шакулю — таксама капітана каманды, але паўстагодзьдзя таму.


Аршанцы па-ранейшаму гуляюць на выправах значна лепей, чым на родным стадыёне. Зь 7 перамог у цяперашнім першынстве 5 заробленыя ў гасьцёх.


Стартаўцы спынілі няўдалую паласу выправаў у Слонім — папярэднія 4 прыезды аршанцаў у гэтае места нязьменна сканчаліся паразамі. Прычым пачалася сэрыя пасьля 2021 году, калі каляндар прадугледзеў тры сустрэчы, зь іх дзьве ў Слоніме, і абедзьве аршанцы выгулялі — 2:0 і 4:2.


Стартаўцы раней толькі аднойчы перамагалі гэтага супара зь лікам 2:1. Гэта здарылася ў 2005 годзе, адно тады блакітна-чорныя перагулялі „Камунальнік” у сябе дома, а не на выправе.

Commenti

Post popolari in questo blog

Кніга „На ‚Старт’ і ў ‚Тэмпе’! Ножны шпурляк на Аршаншчыне“! Дзе купіць?

Грошы і Ворша. Архівы пра грошы ў аршанскім ножным шпурляку

У выканкаме думаюць, як збаёдаць каманду